міні|Свастыка — сімвал бон
Бон, бон-по (тыбецкае пісьмо: བོན་) — сінкрэтычная рэлігія тыбецкіх народаў. Прыхільнікі бон тлумачаць яе этымалогію як сапраўдную рэчаіснасць.
Бон узнікла ў VIII — XI стст. у выніку спалучэння старажытных народных культаў з будысцкай практыкай дасягнення прасвятлення. Развіццё гэтай рэлігіі адбывалася праз пошук яе прыхільнікамі патаемных містычных ведаў, якія ў выніку інтэрпрэтаваліся імі як вяртанне да першаснага чыстага вучэння. У выніку яны стварылі асобную рэлігійную арганізацыю, філасофію і штат святароў-манахаў. Бон утрымоўвае як арыгінальныя абрады, так і агульныя з будыстамі.
Да сярэдзіны XX ст. у Тыбеце існавала каля 300 кляштароў бон. Яны былі зачынены падчас культурнай рэвалюцыі, а вернікі сутыкнуліся з пераследам. Тым не меней, у нашы дні ў Індыі, Непале, Кітаі і Манголіі дзейнічае каля 18 кляштароў бон.
У 1978 г. бон была прызнана асобнай рэлігіяй з боку Далай-ламы XIV.
Гісторыя міні|злева|Танпа Шэнраб Мівачэ Бон мае шырокае вызначэнне. Так часцяком называюць ўсе перажыткі старажытных дабудысцкіх вераванняў. Яны ўключаюць анімістычныя, шаманісцкія і магічныя практыкі, накіраваныя на абарону чалавека ад злых багоў і духаў. Многія з іх аказалі непасрэдны ўплыў на тыбецкі будызм, а таму не супрацьпастаўляюцца яму, прымаюцца як простыми вернікамі, так і адукаванымі ламамі.
Асобная рэлігійная традыцыя бон пачала фарміравацца пасля распаўсюджвання будызму ў другой палове VIII ст. Першапачаткова яе носьбітамі маглі быць жрацы, мужчыны і жанчыны, якія займаліся складанымі пахавальнымі рытуаламі, у тым ліку для сям'і манархаў. Яны існавалі поруч з будысцкімі святарамі, хаця ўспрымаліся апошнімі ганебна.
У рэлігійнай літаратуры распаўсюджана думка, што бон заснаваў міфічны настаўнік Танпа Шэнраб Мівачэ, дзейнасць якога нагадвала жыццё Гаўтамы. Ён быў князем з цудоўнай краіны Олма Лунгрынг. У нашы дні яе месцазнаходжанне атаясняюць з раёнам каля гары Кайлас. Танпа Шэнраб стаў пустэльнікам, супрацьстаяў і перамог злых духаў. Першасна ён распаўсюджваў сваё вучэнне за межамі радзімы. У Тыбет яно прыйшло з краіны Таксік (магчыма, з Тахарыстана). У канцы жыцця Танпа Шэнраб дасягнуў нірваны.
У X — XI стст. тыбецкі будызм перажываў эпоху ўзнаўлення, калі з суседняй Індыі запазычваліся новыя рэлігійныя канцэпцыі. Адной з іх была гтэр-ма (གཏེར་མ) — пошук патаемных містычных ведаў. Будысты шукалі іх перш за ўсё ў ідэях, што прыходзілі звонку, а прыхільнікі бон — у мясцовых старажытных культах. Згодна пазней занатаваным паданням, яны адкрывалі раней схаваныя тэксты, нібы пакінутыя ў часы Танпа Шэнраба, перакладалі іх са старажытнай на тыбецкую мову. Такім чынам склаўся кірунак бон юндрунг. Для яго характэрны наяўнасць рэлігійнай арганізацыі, штат святароў-манахаў трангсонг, падобных на ламаў, апора на логіку, рэлігійная філасофія. Некаторыя сучасныя даследчыкі адносяць яго да неартадаксальнай формы будызму. Іншыя звяртаюць увагу на тое, што запазычанні з будызму былі толькі формай прыстасавання рэлігійнай меншасці.
Адным з першых цэнтраў бон юндрунг стаў кляштар Зангры Бон-по, заснаваны ў 1096 г. у цэнтральным Тыбеце. У 1405 г. быў заснаваны кляштар Менры на поўдні, які с цягам часу ператварыўся ў галоўную духоўную установу бон. У XIV — XVIII стст. ва усходнім Тыбеце ўзнік напрамак сарма-бон. Яго прыхільнікі таксама спасылаліся на знаходкі гтэр-ма і цалкам не абвяргалі юндрунг, але ў рытуальнай практыцы болей набліжаліся да тыбецкага будызму.
Існаванне ў Тыбеце розных традыцый будызму і бон суправаджалася барацьбой за свецкую ўладу. У XVII ст. пры падтрымцы джунгараў фактычнымі кіраўнікамі Тыбета сталі далай-ламы, што належалі да традыцыі гелуг-па. Далай-лама V прызнаў бон у якасці аднаго з дазволеных вучэнняў. Аднак у 1717 г. падчас акупацыі Тыбета джунгары пакаралі многіх прыхільнікаў бон смерцю. У XIX ст. тэолаг Шардза Ташы Г'ялцэн з усходняга Тыбета імкнуўся аднавіць развіццё бон дзякуючы адкрытасці і спалучэнню вопыта юндрунг і сарма-бон. Ён і яго вучні прымалі для навучання як прыхільнікаў бон, так і будызму. У немалой ступені гэта садзейнічала цярпімасці, якая ўсталявалася паміж прадстаўнікамі дзвюх канфесій.
Да сярэдзіны XX ст. у Тыбеце дзейнічала каля 300 кляштароў бон, пераважна на поўначы і на ўсходзе. Далучэнне Тыбета да Кітая і культурная рэвалюцыя прывялі да іх закрыцця. У 1967 г. тыбецкія ўцекачы аднавілі дзейнасць кляштара Менры ў Хімачал-Прадэш. У 1980-х гг. ён зноў адкрыўся ў Тыбецкім аўтаномным раёне. У нашы дні ў Індыі, Непале, Кітаі і Манголіі дзейнічае каля 18 кляштароў бон. У 1978 г. Далай-лама XIV прызнаў бон рэлігіяй з асабістай практыкай.
Веравучэнне Прыхільнікі бон лічаць яе ўніверсальнай рэлігіяй у тым сэнсе, што яе дактрыны сапраўдныя для ўсяго чалавецтва. Згодна іх перакананням, існуе тры бажаствы, якія кіруюць сусветам, — Дагпа, Салба і Шэпа. Дагпа кантралюе мінулае, Салба — сучаснасць, Шэпа — будучыню. Веравучыцель Танпа Шэнраб Мівачэ разглядаецца як іх зямное ўвасабленне. Акрамя таго, яны вераць у шматлікіх іншых багоў і духаў. Многія складаныя рытуалы накіраваны на іх шанаванне або абарону ад іх уздзеяння. Тым не меней, канчатковая мэта падобна на будысцкую — разарваць кола сансары і дасягнуць нірваны.
Прасвятленне чалавека магчыма дзякуючы 9 шляхам («калясніцам»): Шлях прадказання праз магію, астралогію, медыцыну Шлях навакольнага свету праз узаемаадносіны з багамі Шлях чарадзейства праз экзарцызм і барацьбу са злымі духамі Шлях праведнага ладу праз паўсядзённыя рытуалы, абрады жыцця і смерці Цывільны шлях праз дзесяць прынцыпаў карыснай дзейнасці Шлях пустэльніка праз аскетызм і медытацыю Шлях першаснага гука праз чытанне мантраў Шлях гшэн праз ёгу Шлях вялікай дасканаласці праз навучанне і мысленне
Бон утрымоўвае як арыгінальныя абрады, накшталт танцаў з маскамі, так і агульныя з будыстамі. Аднак у кляштарах прыхільнікаў бон малельныя барабаны круцяцца супраць гадзіннікавай стрэлкі, замест звыклых для лам званочкаў выкарыстоўваюць талеркі.
Спасылкі Yungdrung Bon Monastic Centre Society The Tibetan Yungdrung Bon Study Centre, UK Bön (Tibet’s Ancient Religion) Bön, Tibet’s indigenous belief system Understanding Tibetan Buddhism - Bon Charles Ramble, The Assimilation of Astrology in the Tibetan Bon Religion Bon, Shangshung, and Early Tibet Sam van Schaik, The naming of Tibetan religion: Bon and Chos in the Tibetan imperial period
Катэгорыя:Нацыянальныя і этнічныя рэлігіі Катэгорыя:Тыбецкі будызм Катэгорыя:Рэлігія ў Тыбеце Катэгорыя:Рэлігія ў Індыі Катэгорыя:Рэлігія ў Непале