«Старажытны Тураў» — гісторыка-археалагічная экспазіцыя Тураўскага краязнаўчага музея, размешчаная ў паўночнай частцы горада на беразе ракі Прыпяць і пратокі Струмень. Створана на гарадзішчы старажытнага горада Турава. Гэта трэці ў Беларусі праект музеефікацыі сакральных помнікаў архітэктурнай археалогіі пасля каўпака над цэрквамі на Старым замку ў Гродне і музея гісторыі архітэктуры Сафійскага сабора ў Полацку.
Гісторыя
Экспазіцыя створана на гарадзішчы старажытнага горада Турава. Галоўным экспанатам музейнай экспазіцыі з’яўляецца падмурак старажытнага храма другой паловы XII стагоддзя, які будаваўся ў традыцыі кіеўскай архітэктурнай школы. Царква ўжо была вядомая па даследаваннях М. К. Каргера ў 1962—1963 гадахПочобут Н. А. МУЗЕЕФИКАЦИЯ САКРАЛЬНЫХ ПАМЯТНИКОВ АРХИТЕКТУРНОЙ АРХЕОЛОГИИ В БЕЛАРУСИ .
Да 1000-годдзя Тураўскай епархіі і 1025-годдзя старажытнага Турава было прымеркавана поўнае адкрыццё рэштак храма ХII стагоддзя са стварэннем філіяла музея. У 2005 годзе былі праведзены раскопкі пад кіраўніцтвам П. Ф. Лысенкі для поўнага раскрыцця захаваных аб’ёмаў помніка.
Ад храма захаваўся толькі падмурак і частка сцен. Большая частка сцен захавалася на вышыню 30-50 см, значна вышэй захавалася сцяна апсід — да 2 м. Пабудаваны храм з плінфы ў тэхніцы роўнаслаёвай муроўкі, характэрнай для XII стагоддзя. Археалагічнымі даследаваннямі ўстаноўлена прычына разбурэння храма — землятрус 1230 года.
Адкрыццё музеефікаванага аб’екта адбылося 18 верасня 2005 года.
Большасць матэрыялаў, якія экспануюцца ў археалагічным комплексе «Старажытны Тураў», былі знойдзены падчас археалагічных раскопак на Замкавай гары. Аднак частка матэрыялаў знаходзіцца на захаванні ў Інстытуце гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Павільён Праект будынка музейнай экспазіцыі распрацаваны праектным інстытутам «Палессепраект». Заказчыкам праекта выступала УКБ Жыткавіцкага райвыканкама. Будаўніцтва будынка музейнай экспазіцыі пачалося ў 2005 годзе. Будаўніча-мантажныя працы вяліся Жыткавіцкім МПМК-97.
Павільён выкананы ў выглядзе аднапралётнага збудавання шатровага тыпу з беспаддашкавым пакрыццём. Даўжыня павільёна складае 42 м, шырыня — 32 м, вышыня ў каньку — 12,58 м. Памеры збудавання музейнай экспазіцыі вызначылі габарыты падмуркаў храма XII стагоддзя.
Канструктыўная схема будынка — 3-шарнірная арка з вугалковага пракатнага профіля. Трохшарнірныя аркі перакрыцця ўтвараюцца дзвюма фермамі з паралельнымі паясамі. Для павелічэння ёмістасці будынка вышыня падлогі прынята ніжэй за пяты арак на 1,2 і 0,7 м. Для падмуркаў выкананы буранабіўныя палі з ростверкам з маналітнага жалезабетону. Сцены павільёна выкананы са зборных сэндвіч-панэляў з негаручым уцяпляльнікам з мінеральнай ваты. Падлога выслана жвірова-цэментавай пліткай па рабрыста-жалезабетонных плітах. У тарцах павільёна вялікія вітражы ў рамах з алюмініевага профілю.
У павільёне запраектаваны экспазіцыйная зала, памяшканне персанала, білетная каса і тэхнічныя памяшканні. Экспазіцыйная зала разбіта на ячэйкі (6x3) м для размяшчэння экспанатаў музея.
Крыніцы
Катэгорыя:Музеі Гомельскай вобласці Катэгорыя:Культура Турава Катэгорыя:Гісторыя Турава Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Турава Катэгорыя:З’явіліся ў 2005 годзе Катэгорыя:2005 год у Беларусі Катэгорыя:Палессепраект