Айнур Эльгюнэш, поўнае імя: Айнур Тэльман кызы Гамбарава (, ) — азербайджанская журналістка і палітычная зняволеная.
Раннія гады Нарадзілася 29 мая 1975 года ў Агдамскім раёне Азербайджанскай ССР.
Калі Айнур вучылася ў сёмым класе, яе артыкулы былі апублікаваны ў раённай газеце «Lenin Yolu» (Ленінскі шлях). Дзяцінства Айнур прыпала на цяжкія часы — перыяд Першай Карабахскай вайны. У чэрвені—ліпені 1993 года Агдамскі раён быў акупаваны армянскімі ўзброенымі сіламі, і Айнур разам з сям’ёй вымушана пакінула родны край, стаўшы бежанкай. Скончыла сярэднюю школу ў горадзе Мінгечауры.
У 1994 годзе паступіла ў Азербайджанскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Н. Тусі і ў 1998 годзе з адзнакай скончыла факультэт азербайджанскай мовы і літаратуры
Журналісцкая дзейнасць Журналісцкую дзейнасць распачала ў 1996 годзе. У 1996—2005 гадах працавала на дзяржаўным радыё, а таксама спачатку як карэспандэнт, затым — як загадчык аддзела ў газеце «Cümhuriyyət» (Рэспубліка), намесніцай галоўнага рэдактара газеты «Yeni Qafqaz» (Новы Каўказ), а таксама рэпарцёрам у газетах «Xalq Cəbhəsi» (Народны фронт), «Paritet» (Парытэт) і «Müstəqil» (Незалежны).
У 2002 годзе прайшла навучанне па праграме BBC «Асновы журналістыкі». У 2005 годзе скончыла курс навучання ў Нідэрландскай школе журналістыкі.
У 2005—2007 гадах працавала карэспандэнтам газеты «Gündəliк Azərbaycan» (Штодзённы Азербайджан). Займалася журналісцкімі расследаваннямі, у асноўным на сацыяльна-эканамічныя тэмы. Пасля арыштa ў красавіку 2007 года заснавальніка газеты Эйнулы Фатулаева і спынення дзейнасці выдання ў ліпені таго ж года, Айнур Эльгюнэш была дапытаная ў Міністэрстве нацыянальнай бяспекі Азербайджана.
У 2007—2014 гадах працавала незалежнай журналісткай. У асноўным супрацоўнічала з газетамі «Yeni Müsavat» (Новы Мусават), «Azadlıq» (Свабода) і «Bizim Yol» (Наш шлях). Некаторы час была рэдактаркай часопіса «Yeni İqtisadiyyat» (Новая эканоміка).
Была прэс-сакратаркай Азербайджанскага нацыянальнага камітэта Хельсінкскай грамадзянскай асамблеі.
Праводзіла трэнінгі і навучальныя курсы для маладых журналістаў у Бакінскай школе журналістыкі і Інстытуце дэмакратычных ініцыятыў. У 2012—2013 навучальным годзе выкладала грамадскую журналістыку ў Бакінскім славянскім універсітэце.
З красавіка 2014 года працуе ў Meydan TV. У цяперашні час з’яўляецца галоўным рэдактарам Meydan TV. Супрацоўнічае з рознымі міжнароднымі сродкамі масавай інфармацыі, такімі як Інстытут асвятлення вайны і міру (IWPR), ChaiKhana Media, рыхтуе артыкулы па розных тэмах, уключаючы канфлікты, палітыку і правы чалавека. Падчас прафесійнай дзейнасці неаднаразова сутыкалася з затрыманнямі, супрацьдзеяннем з боку паліцыі і жорсткім абыходжаннем.
Крымінальная справа 6 снежня 2024 года арыштавана ў рамках крымінальнай справы, заведзенай супраць журналістаў Meydan TV. Айнур Эльгюнэш і яшчэ шэсць чалавек, арыштаваных па гэтай справе, былі абвінавачаныя паводле артыкула 206.3.2 Крымінальнага кодэкса Азербайджана (кантрабанда, здзейсненая групай асоб па папярэдняй змове). У цяперашні час утрымліваецца ў Бакінскім следчым ізалятары Пенітэнцыярнай службы Міністэрства юстыцыі Азербайджана.
Гл. таксама Серыйныя арышты журналістаў у Азербайджане
Крыніцы
Спасылкі
Катэгорыя:Журналісты Азербайджана