Дзмітрый Андрэевіч Захар (8 снежня 1898, Мінск - 8 чэрвеня 1953, Мінск) - дырыжор, выканаўца-інструменталіст, рэжысёр, кампазітар, стваральнік, мастацкі кіраўнік і першы дырыжор Беларускага ансамбля народных інструментаў (цяпер Нацыянальны акадэмічны народны аркестр Рэспублікі Беларусь імя І.І. Жыновіча)Яканюк Н.П. Захар Дзмітрый Андрэевіч // Беларуская энцыклапедыя. - Мінск, 1998. Т. 7. С. 9..
Біяграфія Нарадзіўся ў сям’і чыгуначніка, быў малодшым з дзесяці дзяцей. Ужо ў сямігадовым узросце ён выступаў як балалаечнік і за кароткі час засвоіў гітару, акарыну, кларнет і малы барабан.
У 1921 ўзначаліў самадзейную трупу, якая ставіла ўкраінскія творы – «Наталку-Палтаўку» Мікалая Лысенкі, «Запарожца за Дунаем» Сямёна Гулак-Арцёмаўскага. Трупа ў лік самадзейных калектываў Галоўпалітасветы пры Ваенным камісарыяце Заходняга фронту.
Першы ў рэспубліцы віртуоз-балалаечнік, Дзмітрый Захар быў музыкантам-самародкам. У яго рэпертуар уваходзілі апрацоўкі рускіх народных песень, п’есы Васіля Андрэева, пералажэнні класікі (мазурка Генрыха Веняўскага, 2-я Венгерская рапсодыя Ферэнца Ліста). Артыст выступаў у перадачах радыёстанцыі імя Саўнаркама Беларусі. У 1930-я ў Маскве было запісана на пласцінку некалькі твораў у яго выкананні.
У сярэдзіне 1920-х арганізаваў вялікі аркестр рускіх народных інструментаў пры мінскай мытні, куды ўваходзіла каля 50 музыкантаў-аматараў.
Спецыяльнай музычнай адукацыі не меў, але ён браў урокі па тэорыі музыкі, гармоніі і кампазацыі ў Мікалая Аладава. Вынікам гэтых заняткаў сталі п’есы для балалайкі, гітары і іншых інструментаў. Ствараў таксама мноства апрацовак беларускіх народных песень і танцаў, пералажыў творы музычнай класікі на розныя інструментальныя склады.
У 1928-м годзе пачынае выкладаць у Мінскім музычным тэхнікуме і ўзначальвае інструктарскае аддзяленне па народных струнных інструментах. Ён выкладаў рускія народныя інструменты — балалайку і домбру (ад працы ў тэхнікуме быў вызвалены 10 верасня 1936 года).
У 1928 годзе стварыў першы ансамбль беларускіх народных інструментаў, разам з майстрам народных інструментаў Канстанцінам Сушкевічам распачаў працу па рэканструкцыі цымбал, якія павінны былі стаць асновай аркестра. Па чарцяжах Захара майстар Сушкевіч мяняе канструкцыю цымбалаў і пашырае гукарад, каб на іх можна было выконваць кампазітарскую музыку. Ствараецца цэлае сямейства: цымбалы пікала, прыма, альт, тэнар, бас.
Захар храматызаваў ліру, зрабіў для аркестра дудкі, адначасова шукаючы сярод удзельнікаў музычнай самадзейнасці выканаўцаў на беларускіх народных інструментах, і ствараў уласныя апрацоўкі “Лявоніхі”, “Крыжачка”, “Бульбы”, “Перапёлкі”, “Ой, ляцелі гусі”.
У лістападзе 1928 года аркестр народных інструментаў выступіў упершыню. Два гады ён праіснаваў як самадзейны. У 1930-м годзе музыкантам аркестра было прапанавана паступіць без экзаменаў у музычны тэхнікум, калектыў часова распаўся. Але ў тым жа годзе на яго базе быў створаны Беларускі дзяржаўны ансамбль народных інструментаў, асноўную частку якога склалі ўжо вучні музычнага тэхнікума.
У першы склад Белдзяржансамбля народных інструментаў увайшлі Дзмітрый Захар (мастацкі кіраўнік, дудка), Яфім і Бенцыян Фрыдманы, Ізраіль Герман, Міхаіл Шчарбо, Мікалай Плашчынскі, Іосіф Ліпніцкі, Васіль Самсонаў, Ханон Шмелькін, Станіслаў Навіцкі, Канстанцін Сушкевіч і Іосіф Жыновіч.
У перыяд прафесійнага станаўлення калектыву, калі было падрыхтавана першае пакаленне беларускіх канцэртуючых цымбалістаў, быў сфарміраваны самабытны рэпертуар, які ўключаў апрацоўкі беларускіх народных песень і танцаў, музыку кампазітараў іншых народаў, пералажэнні музычнай класікі, п’есы беларускіх кампазітараў, напісаныя спецыяльна для ансамбля.
Ансамбль будзе ператвораны ў аркестр народных інструментаў (1937 год), які ўвойдзе ў склад Беларускай дзяржаўнай філармоніі.
У гады Вялікай Айчыннай вайны з сям’ёй заставаўся ў акупаваным нацыстамі Мінску, працаваў музыкантам у гарадскім тэатры. Гэты факт біяграфіі адыграў адмоўную ролю ў яго лёсе, нягледзячы на тое, што яго жонка, Марыя Антонаўна Серпяйко, у гады акупацыі выратавала ад гібелі ў гета яўрэйскага хлопчыка Толю Лапатко, якога хавала ў іх доме на вуліцы Лодачнай, 8.
У ліпені 1944 года, адразу пасля вызвалення Мінска, Захар быў залічаны ў штат Белдзяржфілармоніі ў якасці балалаечніка эстраднай групы, а 15 мая 1945 года стаў дырыжорам цымбальнага аркестра, які пачыналі адраджаць наноў. Пры гэтым мастацкім кіраўніком аркестра быў прызначаны адзін з першых музыкантаў Дзяржансамбля Васіль Самсонаў. Праз год калектыў узначаліў Іосіф Жыновіч. 1 чэрвеня 1947-га Дзмітрый Захар быў звольнены з аркестра па рапарце інспектара за парушэнне працоўнай дысцыпліны. 8 чэрвеня 1951 года заўчасна памёр у Мінску.
Імя Дзмітрыя Захара доўгі час заставалася ў ценю яго малодшага калегі і паслядоўніка Іосіфа Жыновіча, але менавіта ён быў стваральнікам і першым мастацкім кіраўніком аркестра.