Белару́сы на Смале́ншчыне — частка аўтахтоннага насельніцтва і сучасная нацыянальная меншасць у Смаленскай вобласці Расіі. Беларусы гістарычна і этнаграфічна звязаны з фарміраваннем этнакультурнага аблічча заходняй Смаленшчыны.

Гісторыя

У складзе ВКЛ і Расійскай імперыі Гісторыя Смаленшчыны цесна пераплецена з гісторыяй Расіі і Беларусі. Доўгі час (XVI—XIX стагоддзі) тэрыторыя сучаснай Смаленскай вобласці фактычна дзялілася на «вялікарускую частку» на ўсходзе, дзе пераважала рускае насельніцтва і размяшчаліся гарады Вязьма, Дарагабуж, Гжацк (цяпер — Гагарын), і заходнюю — «беларускую» з гарадамі Рудня, Красны, Веліж, Парэчча (цяпер — Дзямідаў) і Смаленск. Захад рэгіёна больш за сто гадоў быў складзе Вялікага Княства Літоўскага перады тым як упершыню ў 1514 годзе трапіў у Маскоўскую дзяржаву, потым вернуты і пэўны час быў часткай Рэчы Паспалітай, толькі ў 2-й палове XVII ст. большая яго частка канчаткова адышла Маскоўскай дзяржаве. Гэта абумовіла шчыльныя эканамічныя і культурныя сувязі з цяперашнімі землямі Беларусі, жыхары заходняй Смаленшчыны мовай і ладам жыцця былі такімі самымі беларусамі.

Паводле даследаванняў этнографа і статыстыка Я. А. Салаўёва (1855), больш за палову жыхароў Смаленскай губерні (звыш за 551 тысячу чалавек, або 51 %) адносілася да беларускага этнасу. Фундаментальныя працы акадэміка Я. Ф. Карскага («Беларусы», 1903) і даследаванні М. В. Доўнар-Запольскага і У. М. Дабравольскага таксама адназначна адносілі заходнія паветы Смаленшчыны да этнічнай беларускай тэрыторыі.

Самарусіфікацыя на мяжы XIX—XX стагоддзяў З другой паловы XIX стагоддзя на Смаленшчыне пачаўся імклівы працэс асіміляцыі і самарусіфікацыі беларускага насельніцтва. Хуткае прамысловае развіццё цэнтральных расійскіх губерняў выклікала міграцыю сялян у гарады, дзе дамінавала руская культура. У смаленскіх школах навучанне вялося выключна на рускай мове. Самарусіфікацыя была прагматычным выбарам: мадэрнізацыйныя працэсы стваралі новыя сацыяльныя ліфты, і беларускае сялянства, асабліва моладзь, імкнулася далучацца да рускай культуры дзеля сацыяльнага прасоўвання.

Сяляне часта называлі сябе «рускімі» не ў этнічным, а ў дзяржаўным ці рэлігійным сэнсе (як прыналежнасць да праваслаўнай веры), хоць у побыце працягвалі захоўваць беларускія рысы. У выніку, па дадзеных Усерасійскага перапісу 1897 года, які ўлічваў родную мову, доля беларусаў афіцыйна склала толькі 6,6 % (100,7 тысячы чалавек). Максімальная колькасць захоўвалася ў Краснінскім павеце, дзе беларуская мова заставалася роднай для 90 % жыхароў.

Утварэнне савецкіх рэспублік і змяненне межаў

У гады грамадзянскай вайны Смаленск на кароткі час стаў цэнтрам беларускага нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва. 1 студзеня 1919 года тут была абвешчана Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусь (ССРБ). Аднак ужо ў сярэдзіне студзеня 1919 года Смаленскі рэгіён паводле рашэння Масквы быў перададзены ў склад РСФСР.

Паводле даных перапісу 1920 года, з 2 083 465 жыхароў губерні беларусаў па нацыянальнасці налічвалася 54 700 (2,62 %). Народ пераважна пражываў у Смаленскім, Рослаўльскім і Ельнінскім паветах.

Мясцовае кіраўніцтва Смаленскай губерні часта маніпулявала статыстыкай, абапіраючыся на нізкі ўзровень нацыянальнай самаідэнтыфікацыі сялянства. Да 1926 года колькасць тых, хто назваў сябе беларусамі па нацыянальнасці, афіцыйна ўпала да 20 408 чалавек (0,89 %), а па роднай мове — да 4 366 чалавек (0,19 %). На фоне гэтага афіцыйнага зніжэння лічбаў паказальным быў выступ прафесара Смаленскага дзяржаўнага ўніверсітэта К. М. Клятновай. 2 ліпеня 1923 года на міжведамаснай нарадзе яна заявіла, што рэальная доля беларускага сельскага насельніцтва ва ўсёй Смаленскай губерні, за выключэннем Гжацкага, Сычоўскага і часткі Вяземскага паветаў, дасягае 90 %. Гэтыя лічбы выкарыстоўваліся прыхільнікамі беларусізацыі, каб падкрэсліць важнасць праблемы ў супрацьвагу афіцыйнай статыстыцы.

Беларусізацыя ў 1920-я гады

Нягледзячы на знаходжанне ў складзе РСФСР, у 1920-я гады ў рэгіёне пачалася рэалізацыя агульнасавецкай нацыянальнай палітыкі карэнізацыі — беларусізацыя. Яна ініцыявалася цэнтральнымі ўладамі і кіраўніцтвам БССР з геапалітычных меркаванняў: стварэнне спрыяльных умоў для беларусаў у СССР павінна было прадэманстраваць перавагі савецкай улады перад Польшчай, дзе ішла жорсткая паланізацыя. Для гэтага ж у 1924 і 1926 гадах адбылося тэрытарыяльнае ўзбуйненне БССР, у выніку якога са складу Смаленскай губерні Беларусі былі перададзены Горацкі і частка Мсціслаўскага павета.

Галоўным правадніком палітыкі ў РСФСР стаў Народны камісарыят асветы РСФСР (Наркампрас). Увесну 1922 года ён пастанавіў увесці беларускую мову і курс беларусазнаўства ў школах. 18 лютага 1923 года пры Смаленскім губернскім аддзеле народнай асветы (губана) было створана бюро нацыянальных меншасцей з беларускай секцыяй, якую ўзначаліў М. Агейчык.

Практычная рэалізацыя сутыкнулася з жорсткім непрыняццем з боку варожа настроенай мясцовай расійскай адміністрацыі і катастрафічным станам сістэмы адукацыі з-за пераходу да новай эканамічнай палітыкі (НЭП). Баючыся страты сваіх пасад і магчымага перападпарадкавання рэгіёна Менску замест Масквы, смаленскае чыноўніцтва ўсяляк блакавала працэс.

Школьная адукацыя і праблема кадраў З-за адсутнасці дзяржаўнага фінансавання ў 1922 годзе ў Смаленскай губерні колькасць школ першай ступені ў сельскай мясцовасці скарацілася з 2637 да 1700. Настаўнікі галадалі, і ўлады былі вымушаны ствараць «дагаворныя школы», якія ўтрымліваліся за кошт саміх сялян. У такіх умовах пытанні беларусізацыі для мясцовых улад і насельніцтва адышлі на задні план.

Дырэктывы Наркампраса аб адкрыцці беларускіх школ сустракалі глухі сабатаж. Адзін з кіраўнікоў павятовага аддзела асветы адкрыта заяўляў: «Ніякай беларускай мовы я не прызнаю і яна пры нас не будзе ўведзена. Што вы хочаце прымусіць нас вучыцца вашай мужыцкай мове, нам яна не патрэбна».

Сур’ёзныя спробы стварэння беларускіх школ пачаліся толькі ў 1925 годзе. Улетку ў Менску былі арганізаваны курсы перападрыхтоўкі для 31 смаленскага настаўніка, якія выявілі іх поўнае няведанне літаратурнай беларускай мовы і варожае стаўленне да яе. Да 1927/1928 навучальнага года ў губерні лічылася 36 школ, якія пачалі «беларусізавацца». Аднак яны часта заставаліся беларускімі толькі на паперы. Рускія настаўнікі давалі распіскі аб пераходзе на беларускую мову, але працягвалі выкладаць па-руску. Вялікай праблемай былі аднакамплектныя школы (адзін настаўнік адначасова працаваў з трыма ўзроставымі групамі), што стварала ў галовах дзяцей «кашу» і прыводзіла да 30-35 % другагодніцтва.

Калі з Менска і Масквы прысылалі пуды беларускіх падручнікаў, мясцовыя чыноўнікі хавалі іх пад рускімі кнігамі і выдавалі настаўнікам толькі рускамоўныя выданні, пра што неаднаразова паведамлялі інспектары (напрыклад, у Пятровіцкім валасным выканкаме).

Беларускае аддзяленне рабфака У 1925 годзе пры рабфаку Смаленскага дзяржаўнага ўніверсітэта было адкрыта беларускае аддзяленне на 60 месцаў. Каб заахвоціць паступленне, для беларусаў былі зніжаны патрабаванні да працоўнага стажу. Гэта прывяло да таго, што абітурыенты пры паступленні актыўна даказвалі, што яны з’яўляюцца «сапраўднымі беларусамі», каб скарыстацца ільготамі. Аднак ужо праз некалькі тыдняў вучобы яны пачыналі ладзіць сходы і патрабаваць адмены выкладання на беларускай мове. Слухачам выкладалі беларускую мову і геаграфію на беларускай мове, астатнія прадметы вяліся на рускай.

Навуковыя даследаванні і краязнаўства Улетку 1927 года Смаленскую губерню абследавала фальклорна-дыялекталагічная экспедыцыя Інстытута беларускай культуры (будучай Акадэміі навук БССР) у складзе этнографаў А. А. Шлюбскага і І. А. Сербава. У сваёй справаздачы яны адзначалі, што мясцовыя жыхары, нават прызнаючы свае беларускія карані, баяліся гэтага і называлі сябе «смалянамі» або рускімі з-за «спадчыны ўпартага правядзення „царскай нацыянальнай палітыкі“».

Экспедыцыя сутыкнулася з адкрытым неразуменнем з боку мясцовых чыноўнікаў. Напрыклад, старшыня аднаго з валасных выканкамаў Дзямідаўскага павета здзівіўся, пачуўшы беларускую мову навукоўцаў: «Дзіўна, які некультурны і неадукаваны народ — беларусы. Бо ў вас ва ўніверсітэце гавораць дакладна гэтак жа, як гавораць непісьменныя і неразвітыя сяляне ў маёй воласці».

Згортванне палітыкі Сутыкнуўшыся з магутнай бюракратычнай сцяной, бракам фінансавання і адсутнасцю падтрымкі з боку дэзарыентаванага сялянства, палітыка беларусізацыі на Смаленшчыне была прырэчана. Бацькі абгрунтавана лічылі, што для далейшага жыцця і сацыяльнага прасоўвання ў Расіі іх дзецям патрэбна менавіта руская мова.

У 1929 годзе Смаленская губерня ўвайшла ў склад новаўтворанай Заходняй вобласці. З пачаткам 1930-х гадоў агульнасаюзны вектар нацыянальнай палітыкі кардынальна змяніўся. Пасля прыняцця 2 сакавіка 1933 года пастановы Палітбюро ЦК УКП(б) «Аб скрыўленні нацыянальнай палітыкі УКП(б) у Беларусі», практыка беларусізацыі ў расійскіх рэгіёнах была з радасцю і канчаткова згорнута мясцовымі ўладамі. Усе беларускія школы і ініцыятывы на Смаленшчыне былі ліквідаваны або пераведзены на рускую мову навучання.

Этнаграфія і традыцыйная культура Даследчыкі сярэдзіны XIX — пачатку XX стагоддзяў фіксавалі культурныя асаблівасці насельніцтва памежжа смаленскіх велікарусаў і беларусаў. Сучасная даследчыца Вольга Кобец адзначае, што Я. А. Салаўёў у «Сельскагаспадарчай статыцы Смаленскай губерні» (1855) падрабязна апісаў быт велікарускіх і беларускіх паветаў. Паводле назіранняў Салаўёва, велікарускі сялянін «любіць будавацца на вялікіх дарогах, дзе ён, пры сваёй дзейнасці і кемлівасці, нярэдка зарабляе сабе лішнюю капейку», тады як беларускі «хаваецца ў паселішчах». У беларускіх паветах печы з комінамі былі рэдкім выключэннем, пераважалі курныя хаты. У народным адзенні беларусаў дамінаваў белы колер: белыя світкі з неафарбаванага сукна, белыя валяныя каўпакі ў мужчын, а ў жанчын — белыя суконныя спадніцы-андаракі і асаблівыя белыя галаўныя ўборы з чырвонымі ўзорыстымі канцамі, у той час як у велікарускіх сялян было больш каляровых тканін. У ежу беларускі сялянін ужываў хлеб з мякінай («пушны хлеб»), тады як велікарускі еў яго толькі ў галодны час. Праз меншае развіццё промыслаў беларускія сяляне болей вырошчвалі пшаніцы і канопляў. Адрозненні ў фізічным стане насельніцтва Салаўёў также тлумачыў рознай ступенню дастатку і побытавых выгод.

Дынаміка колькасці Статыстычныя даныя розных гадоў адлюстроўваюць не столькі дэмаграфічныя, колькі асіміляцыйныя працэсы і змяненне самаідэнтыфікацыі насельніцтва заходняй Смаленшчыны: 1855 год — каля 551 000 чал. (51 %) 1897 год — 100 700 чал. (6,6 %, паводле роднай мовы) 1920 год — 54 700 чал. (2,62 %, паводле нацыянальнасці) 1926 год — 20 408 чал. (0,89 %, паводле нацыянальнасці) і 4 366 чал. (0,19 %, паводле мовы)

З другой паловы XX стагоддзя колькасць беларусаў у Смаленскай вобласці працягвала зніжацца ў выніку натуральнай асіміляцыі і ўрбанізацыі: 1959 год — 9 506 чал. (0,83 %) 1989 год — 22 384 чал. (1,94 %) 2002 год — 16 231 чал. (1,55 %): 2010 год — 12 012 чал. (1,22 %): 2020 год — 5 311 чал. (0,60 %)

Гл. таксама Беларусы Расіі Беларусізацыя ў Смаленскай губерні

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі Российский историк: создание БССР дополнялось белорусизацией Смоленщины // СБ.Беларусь сегодня, 6 декабря 2018.

Катэгорыя:Беларусы ў Расіі Катэгорыя:Смаленская вобласць