Іван Паўлавіч Кабылка (; , Келебярда, Палтаўская губерня — , Парыж) — першы памочнік камісара шляхоў УНР, удзельнік украінскай рэвалюцыі 1917—1921. Жыў у Берасці.

Біяграфія Інжынер-механік, працаваў на чыгунцы і на флоце. У час Украінскай рэвалюцыі 1917—1921 гадоў кіраваў чыгункай у Запарожжы, затым стаў членам Галоўнай рады чыгуначнікаў і першым памочнікам камісара шляхоў Украіны. Займаўся разбудовай арганізацыі «Просвіта», на чыгуначных станцыях адкрываў кіёскі, што прадавалі ўкраінскую прэсу.

Арганізатар вырабу бронецягнікоў пасля пачатку баявых дзеянняў супраць бальшавікоў.

Пасля паражэння ўкраінскай рэвалюцыі адказваў за эвакуацыю дзяржаўнай маёмасці ў Чэнстахову.

З 1921 года жыў у Янаве (цяпер Брэсцкая вобласць), адкрыў там будаўнічую фірму з філіялам ва Уладзіміры-Валынскім. Фірма выконвала будаўнічыя работы на Днепра-Бугскім канале. Базальт прывозіў будучы кіраўнік УПА «Поліська Січ» Тарас Бульба-Баравец, які працаваў на каменаломні.

Фірма Кабылкі будавала першы ў Пінску мост цераз Прыпяць. Пільнаваў, каб усе гістарычныя артэфакты, знойдзеныя ў час будаўніцтва, штовечар перавозіліся ў пінскі музей.

У 1923 годзе, наняўшы кантрабандыстаў, перавёз жонку і дачку са Жмерынкі, якая была пад кантролем бальшавікоў.

Пасля 1927 года пераехаў з сям’ёй у Брэст, пабудаваў дом па адрасе Сабескага, 12 (цяпер на гэтым месцы будынак па бульвары Касманаўтаў, 18). Актыўна падтрымліваў украінскае грамадскае жыццё ў Польшчы: спрыяў адкрыццю ўкраінскіх кааператываў, арганізацый «Просвіт», украінскай прыватнай школы імя Алексы Старажэнкі ў Берасці.

У 1940 годзе, пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР, дом Кабылак у Брэсце быў нацыяналізаваны, сям’я пераехала ў Ковель, затым у Луцк. У час нямецкай акупацыі працаваў інжынерам у Луцкай гарадской управе, паводле ўспамінаў сына, ратаваў яўрэяў ад знішчэння, уладкоўваючы на працу і дапамагаючы ўцякаць з горада.

У чэрвені 1943 года арыштаваны гестапа, паўгода знаходзіўся ў турмах Луцка і Роўна. З 1944 года ў эміграцыі. Стварае будаўнічую фірму «Johann Kobylko & Co. Ingenieure» ў Аўстрыі, з цэнтральным офісам у Грацы, філіялам у Інсбруку. З 1947 года разам са 105 работнікамі пераехаў у Парыж.

Сям’я Меў жонку Ганну, сына Аскольда (аўтара ўспамінаў пра бацьку) і дачку Кацярыну. Яе мужам быў Алег Штуль — галоўны рэдактар парыжскай газеты «Українське слово» і кіраўнік АУН пасля смерці Андрыя Мельніка.

Крыніцы

Катэгорыя:Украінцы ў Беларусі