Лявонцій «Ляўко» Квартырук, укр. Леонтій «Левко» Квартирук (1889 — 8 лютага 1966, Буфала) — вайсковец, супрацоўнік Кобрынскай адміністрацыі УНР, грамадскі і палітычны дзеяч Брэстчыны, святар Украінскай праваслаўнай царквы ЗША.
Біяграфія Нарадзіўся ў сялянскай сям'і на Валыні. У 1910 годзе мабілізаваны ў расійскую армію. Падчас Першай сусветнай вайны ваяваў на Усходнім фронце, пасля паразы царскіх войскаў на Мазурах трапіў у германскі палон і ўтрымліваўся ў лагеры Раштат. Пад уплывам прапагандысцкай работы Саюза вызвалення Украіны запісаўся ў Запарожскі полк імя Тараса Шаўчэнкі ў складзе дывізіі сінежупаннікаў.
У маі 1917 года нямецкае камандаванне накіравала сто салдат дывізіі, у тым ліку Квартырука, ва ўкраінскі вайсковы штаб у Бялай Падляскай, а адтуль яны разышліся па Палескім і Падляскім паветах для правядзення культурна-асветніцкай работы сярод насельніцтва. Некаторы час працаваў настаўнікам у сельскай украінскай школе. Менавіта падчас настаўніцкай працы пазнаёміўся з будучым паэтам-неасімвалістам Дмытром Фалькіўскім.
У 1918 годзе Квартырук заняў пасаду сакратара акруговага старасты ў Кобрыне і ініцыяваў стварэнне мясцовага аддзялення таварыства «Прасвіта».
Працаваў рэгентам хора пры Аляксандра-Неўскім саборы і служыў дыяканам у вёсцы Камень-Шляхецкі, дзе праводзіў разам са святаром паспяховую ўкраінізацыю прыходу. У канцы лета 1932 года польскі ваявода Костэк-Бярнацкі прымусіў палескага архіепіскапа звольніць настаяцеля прыхода айца Вераслава Тхаржэўскага і дыякана Квартырука.
У 1927–1929 гадах узначальваў Кобрынскае раённае аддзяленне «Прасвіты на Палессі», якое на пачатак 1929 года налічвала да 165 сяброў. Прадстаўляў украінцаў у гарадскім камітэце Блока нацыянальных меншасцей.
Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР быў арыштаваны і ўтрымліваўся ў Брэсцкім следчым ізалятары ў 1940–1941 гадах. Яго сям'ю выслалі ў Сібір. Падчас Другой сусветнай вайны Квартырук узначальваў украінскі кааператыў у Кобрыне. У 1944 годзе пакінуў радзіму. Некаторы час правёў у лагеры для перамешчаных асоб «Піонер Казерне» ў Ашафенбургу, а затым эміграваў у ЗША.
У 1955 годзе быў высвечаны ў святары. Вясной 1958 года, па благаслаўленні мітрапаліта УПЦ у ЗША прыбыў ва Украінскую праваслаўную царкву Святой Тройцы ў Буфала. Дапамагаў у пастырскім служэнні святару, працаваў настаўнікам у прыхадской школе і некаторы час узначальваў яе. З 1965 года настаяцель. Да гэтага прыходу належалі многія ўкраінскія дзеячы Брэстчыны.
Загінуў у аўтааварыі падчас выканання пастырскіх абавязкаў: на пешаходным пераходзе Квартырука збіла машына, калі ён наведваў прыхаджан са святой вадой. Пахаваны на могілках Баўнд-Брук.
Крыніцы
Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1889 годзе Катэгорыя:Памерлі 8 лютага Катэгорыя:Памерлі ў 1966 годзе Катэгорыя:Украінцы ў Беларусі