Архівазна́ўства — комплексная дысцыпліна, якая вывучае гісторыю, арганізацыю, тэорыю і практыку работы архіваў у галіне ўліку, апісання, выкарыстання, забеспячэння захаванасці дакументаў, навуковай арганізацыі працы і эканомікі архіўнай справы.
Гісторыя Практычнае архівазнаўства як набор правілаў па захаванні, уліку і выкарыстанні дакументаў існуе з глыбокай старажытнасці. У XVI—XVIII стагоддзях у краінах Заходняй Еўропы склалася «навука пра архівы», якая вызначала іх месца ў дзяржаўным апараце, класіфікацыю дакументаў, іх апісанне і выкарыстанне для практычных мэтаў. З канца XVIII стагоддзя распрацоўваліся пытанні камплектавання, захаванасці з мэтай навуковага выкарыстання дакументаў і экспертызы.
Да канца XIX стагоддзя архівазнаўства аформілася ў самастойную навуковую дысцыпліну, з’явіліся нацыянальныя школы архівазнаўства. З пачатку XX стагоддзя ў архівазнаўства ўвайшлі паняцці фондавага прынцыпу класіфікацыі дакументаў, камплектавання архіваў кінафотафонадакументаў і інш.; з сярэдзіны XX стагоддзя выкарыстоўваюцца аўтаматызаваныя сістэмы пошуку дакументальнай інфармацыі. У былым СССР вынікі распрацовак друкавалі ў часопісе «Советские архивы», «Трудах Всесоюзного научно-исследовательского института документоведения и архивного дела» і іншых.
Архівазнаўства ў Беларусі На Беларусі распрацоўка пытанняў архівазнаўства вядзецца ў Беларускім навукова-даследчым цэнтры дакументазнаўства, археаграфіі і архіўнай справы і дзяржаўных архівах. Як спецыяльная гістарычная дысцыпліна архівазнаўства выкладаецца на гістарычных факультэтах універсітэтаў.
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Архівазнаўства