«Помста народа» () — таемная эмігранцкая арганізацыя, заснаваная 28 снежня 1832 года Іаахімам Лялевелем і Юзафам Заліўскім, адным з ініцыятараў паўстання 1830—1831 гадоў. Яе мэтай было пранікненне паўстанцкіх эмісараў у рэгіёны былой Рэчы Паспалітай і правакаванне сацыяльнай рэвалюцыі, падчас якой планавалася змяніць існыя грамадскія адносіны.

Планы і ход падзей Акрамя Лелевеля і Заліўскага, у склад арганізацыі ўваходзілі таксама Леанард Ходзька, Антоні Глушневіч, Станіслаў Ворцэль і іншыя эмігранты, якія не змірыліся з паражэннем паўстання. План складаўся ў тым, каб справакаваць на землях былой Рэчы Паспалітай рэвалюцыю, падчас якой павінны былі быць зменены грамадскія адносіны (скасаванне прыгоннага права, надзяленне сялян зямлёй, роўнасць усіх грамадзян) не толькі на польскіх землях. Узорам для новастворанай польскай дзяржавы павінна была стаць Канстытуцыя ЗША, якая мела на мэце ўвесці свабоду друку, навучання і рэлігіі. Барацьба супраць Расійскай імперыі павінна была стаць барацьбой не аднаго народу супраць іншага, а супраць дэспатычнага царскага панавання. Нягледзячы на тое, што і сам Заліўскі, і многія іншыя актыўныя ўдзельнікі арганізацыі (Ходзька, Глушневіч і іншыя) былі літвінамі па нараджэнні, нічога не сведчыць, што яны планавалі адрадзіць Вялікае Княства Літоўскае, ці іншую форму літоўскай дзяржаўнасці, а не былі прыхільнікамі ўнітарнай Польшчы — за выключэннем Ходзькі, які выступаў за аднаўленне дзяржаўнасці Літвы ў уніі з Польшчай, але гэта былі яго асабістыя погляды, якія не ўплывалі на пазіцыю арганізацыі.

У 1833 годзе невялікія групы змоўшчыкаў пад агульным камандаваннем палкоўніка Заліўскага, прабраліся ў Галіцыю, Каралеўства Польскае і далей у Літву, у надзеі справакаваць узброенае паўстанне. Яно павінна было стаць часткай агульнаеўрапейскай рэвалюцыі, арганізаванай карбанарыямі. Аднак расійская і аўстрыйская паліцыя хутка расправіліся з партызанамі. Самога Заліўскага арыштавалі і зняволілі ў аўстрыйскай крэпасці Куфштайн.

У Беларусі і Літве

Самым вядомым і маштабным эпізодам экспедыцыі Заліўскага была дзейнасць Міхала Валовіча, прызначанага эмісарам на Наваградскі і Слонімскі паветы. Валовіч здолеў стварыць баяздольны партызанскі атрад, пераважна з сялян на тэрыторыі Слонімскага павету, але для разгортвання паўстання гэтага было недастаткова. Валовіча схапілі і пакаралі смерцю ў Гродне.

Міхал Ходзька, якому ў меркаваным новым паўстанні прызначалася пасада начальніка Трэцяй акругі (Пінскі і Слуцкі паветы Мінскай губерні), пераканаўся на месцы ў немагчымасці выканаць місію, праз адсутнасць сацыяльнай базы, вярнуўся ў Парыж. Не мелі поспеху спробы Генрыка Дмахоўскага разгарнуць паўстанцкую дзейнасць спачатку ў Дзісенскім павеце, а затым на Палессі.

Яшчэ адзін былы ўдзельнік паўстання, Марцэлі Шыманскі, у першай палове красавіка 1833 года дабраўся да Вільні, каб арганізаваць паўстанцкую таемную сетку, куды ўвайшлі некалькі дзясяткаў чалавек. Сярод удзельнікаў сеткі былі Марыля Путкамер з Верашчакаў, вядомая рамантычнай сувяззю з Адамам Міцкевічам, і яе муж Ваўжынец Путкамер, Ян Эйсмант, ксёндз Антоні Шымборскі, Юзаф Лемпіцкі, Ігнацы Грыневіч, Барталамей Шаблоўскі і іншыя. Гэтую сетку неўзабаве выкрылі і многія яе ўдзельнікі зведалі жорсткіх рэпрэсій. Марцэлі Шыманскі даў згоду супрацоўнічаць з расійскай разведкай і паабяцаў, што ў абмен на вызваленне паспрабуе выкрыць усіх польскіх змоўшчыкаў у Парыжы. Пасля вызвалення і ад’езду ў Парыж ён звязаўся з генералам Юзафам Дзверніцкім і прызнаўся ў сваёй місіі. Далейшы лёс Шыманскага невядомы.

Літаратура Alina Barszczewska-Krupa: Reforma czy rewolucja. Koncepcje przekształcenia społeczeństwa polskiego w myśli politycznej Wielkiej Emigracji 1832—1863. — Łódź, 1979.

Катэгорыя:Тайныя таварыствы