Электронная бібліятэка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (скарочана ЭБ БДУ) — электронная бібліятэка і інстытуцыйны рэпазіторый Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, які забяспечвае збор, сістэматызацыю, захаванне і прадастаўленне доўгатэрміновага і ўстойлівага доступу да навуковых, адукацыйных і іншых матэрыялаў, створаных супрацоўнікамі ўніверсітэта.
Гісторыя Была ўведзена ў вопытную эксплуатацыю ў верасні 2010 года. На той час яна ўтрымлівала каля 1 300 дакументаў (навуковыя манаграфіі, артыкулы, матэрыялы канферэнцый і інш.). На 1 лютага 2013 года ў бібліятэцы было размешчана 28 000 дакументаў, з якіх 24 360 (87 %) знаходзіліся ў адкрытым доступе.
Мэты стварэння Стварэнне бібліятэкі было абумоўлена развіццём інфармацыйных тэхналогій, зменай парадыгмы ў адукацыі (пераход ад простай перадачы ведаў да развіцця ўменняў самастойнай працы), а таксама ростам папулярнасці міжнароднай ініцыятывы адкрытага доступу (Open Archives Initiative). Бібліятэка працуе на аснове сеткавага пратакола збору метаданых OAI-PMH і выкарыстоўвае схему метаданых Dublin Core для апісання рэсурсаў, што забяспечвае эфектыўны пошук інфармацыі ў інтэрнэце.
Структура і змест Асноўнай часткай ЭБ БДУ з'яўляецца яе кантэнт, які фарміруецца з наступных крыніц: электронныя выданні і аналагі друкаваных выданняў, уключаныя ў тэматычныя планы БДУ; вучэбна-метадычныя матэрыялы факультэтаў і Галоўнага ўпраўлення вучэбнай і навукова-метадычнай работы; справаздачы аб навукова-даследчых работах, матэрыялы канферэнцый; артыкулы з часопісаў, якія выдаюцца пры БДУ; навуковыя артыкулы, падручнікі і дапаможнікі, прадстаўленыя аўтарамі-супрацоўнікамі БДУ; алічбаваныя дакументы з фонду Фундаментальнай бібліятэкі, тэрмін дзеяння аўтарскага права на якія скончыўся.
Бібліятэка працуе на праграмным забеспячэнні DSpace і індэксуецца сістэмай Google Scholar. Для абароны аўтарскіх правоў з кожным аўтарам заключаецца дамова, якая вызначае ўзровень доступу да яго працы: адкрыты (для ўсіх карыстальнікаў інтэрнэту) або карпаратыўны (толькі для карыстальнікаў унутранай сеткі БДУ).
Рэйтынгі і статыстыка На 1 лютага 2013 года ў сусветным рэйтынгу ўніверсітэцкіх рэпазітарыяў Webometrics Ranking Web of Repositories ЭБ БДУ займала 128-е месца, апярэджваючы найбліжэйшы беларускі рэпазітарый (БНТУ) на 503 пазіцыі.
Паводле статыстыкі Google Analytics за 2012 год, колькасць наведванняў ЭБ БДУ склала 167 847 (у сярэднім 459 у дзень). Наведванні былі зафіксаваны з 1435 гарадоў у 112 краінах свету. Галоўнымі крыніцамі пераходаў былі пошукавая сістэма Google (61 109) і афіцыйны сайт БДУ (29 995). За год было прагледжана 1 208 703 старонкі дакументаў.
Крыніцы
Спасылкі
Катэгорыя:Электронныя бібліятэкі Катэгорыя:Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт Катэгорыя:2010 год у Беларусі