Ара́бская літарату́ра — літаратура, створаная на арабскай мове. Яе вытокі знаходзяцца ў вуснай народнай паэзіі вандроўных арабскіх плямёнаў даісламскага перыяду.

Гісторыя Даісламскі перыяд (V—VII стст.)

У дакласавым грамадстве склаліся такія паэтычныя жанры, як хіджа́ (ганьбаванне ворага), фахр (пахвальба), сар (песня помсты), рыса́ (жалобны плач, элегія), а таксама элементы любоўнай і апісальнай лірыкі — насі́б і васф. Росквіт даісламскай (бедуінскай) паэзіі прыпадае на V—VII стагоддзі. У запісах VIII—X стагоддзяў, у прыватнасці ў анталогіі «Кніга песень» Абу-ль-Фараджа аль-Ісфахані, захаваліся вершы каля 125 паэтаў. Сярод іх былі абаронцы інтарэсаў сваіх плямёнаў (Амр ібн Кульсум, аль-Харыс ібн Хіліза), выразнікі ідэалаў патрыярхальнай даўніны (Тарафа, Лабід ібн Рабія), песняры воінскай доблесці (Антара ібн Шадад) і ўцех (Імру-уль-Кайс — стваральнік класічнай касыды), а таксама прыдворныя панегірысты (Набіга, Зухайр, Аша).

Ранняе Сярэднявечча (VII—XIII стст.) Першым помнікам арабскага пісьменства і прозы з'яўляецца Каран. З канца VII стагоддзя паэзія адраджаецца ў Сірыі і Іраку. У арыстакратычным асяроддзі буйных гарадоў Халіфата ўзнікла любоўная лірыка (Амар ібн Абі Рабія). Сярод бедуінаў Аравіі вылучаліся песняры ідэальнага кахання. Пазней складаюцца рамантычныя аповесці пра закаханых, такія як «Джаміль і Бусайна», «Меджнун і Лейла» і іншыя.

Пры Абасідах арабская літаратура зазнала моцны ўплыў персідскай культуры. Пачынальнікам «новага стылю» стаў паэт Башар ібн Бурд, а яго тэарэтыкам — Ібн аль-Мутаз. Вылучаюцца геданістычная і вальнадумная лірыка Абу Нуваса і аскетычныя вершы Абу-ль-Атахія. У IX стагоддзі на першы план выйшла палітычная сатыра, а ў X стагоддзі — грамадзянская і філасофская лірыка аль-Мутанабі і сірыйскага паэта аль-Маары. У прозе VIII—IX стагоддзяў вядучае месца займалі аль-Джахіз і Ібн Кутайба. У X стагоддзі вызначыліся празаікі ат-Таўхідзі і ат-Танухі, а таксама стваральнік жанру авантурнай навелы (макама) Бадзі аз-Заман аль-Хамадані.

З VIII стагоддзя развіваецца арабская літаратура Магрыба, якая дасягнула найвышэйшага росквіту ў XI—XII стагоддзях у гарадах мусульманскай Іспаніі. У творчасці севільскіх паэтаў (Ібн Зайдун, аль-Мутамід ібн Абад, Ібн Хамдзіс) сцвердзіўся ідэал асвечанага рыцара. У андалузскай паэзіі пашырыліся новыя страфічныя формы верша — мувашах і заджал (Ібн Кузман).

Позняе Сярэднявечча (XIII—XV стст.) Пасля мангольскага нашэсця ў XIII стагоддзі цэнтр арабскай літаратуры перамясціўся ў Егіпет і Сірыю. У гэты перыяд з'яўляюцца народныя творы ў жанры сіра — цыклы вусных гераічных і любоўных апавяданняў. Канчаткова ў Егіпце ў XIV—XV стагоддзях склалася кніга казак «Тысяча і адна ноч».

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Літаратура паводле моў