Мікала́й Па́ўлавіч Мы́шкін (; ) — расійскі і беларускі фізік і метэаролаг, прафесар. Першы кіраўнік гідраметэаралагічнай службы Беларусі (1924—1925).
Біяграфія Нарадзіўся ў 1864 годзе ў вёсцы Гальяны Вяцкай губерні (цяпер Заўялаўскі раён, Удмурція) у сям’і вясковага святара. Атрымаў пачатковую адукацыю ў Сарапульскім духоўным вучылішчы і Вяцкай духоўнай семінарыі.
У 1882 годзе паступіў вольнаслухачом на матэматычнае аддзяленне фізіка-матэматычнага факультэта Казанскага ўніверсітэта. Пасля заканчэння курса ў 1887 годзе быў запрошаны ў Пятроўскую сельскагаспадарчую акадэмію (Масква) на пасаду асістэнта па кафедры фізікі і метэаралогіі. Некалькі гадоў ён загадваў метэаралагічнай абсерваторыяй Акадэміі навук.
У 1896 годзе атрымаў прызначэнне на пасаду прафесара кафедры фізікі і метэаралогіі ў Новаалександрыйскім інстытуце сельскай гаспадаркі і лесаводства (цяпер Пулавы, Польшча). З пачаткам Першай сусветнай вайны інстытут быў эвакуіраваны ў Харкаў.
У пачатку 1920-х гадоў Мікалай Мышкін быў запрошаны ўрадам БССР у Менск для арганізацыі метэаралагічнай службы. Яму былі гарантаваны шырокія паўнамоцтвы па развіцці гідраметэаралагічнай навукі ў рэспубліцы.
З 1 ліпеня 1924 года ўзначаліў новастворанае Метэаралагічнае бюро пры Вопытным аддзеле Народнага камісарыята земляробства БССР. Гэтая дата лічыцца днём заснавання дзяржаўнай гідраметэаралагічнай службы Беларусі. Адначасова з’яўляўся прафесарам на факультэце лесаводства Беларускага дзяржаўнага інстытута сельскай і лясной гаспадаркі.
Аднак умовы працы ў Метэабюро (невялікі штат з трох супрацоўнікаў-вылічальнікаў, вялікі аб’ём руціннай працы па зборы даных) не дазвалялі прафесару займацца навуковай дзейнасцю, якой ён надаваў вялікае значэнне (даследаванне сонечнай радыяцыі, доўгатэрміновыя прагнозы). У сярэдзіне 1925 года Мікалай Мышкін адмовіўся ад пасады загадчыка Метэабюро. Яго пераемнікам стаў Мікалай Іванавіч Макарэўскі.
У далейшым працягваў займацца навукай. Памёр у 1936 годзе.
Навуковая дзейнасць Навуковыя інтарэсы М. П. Мышкіна ахоплівалі фізіку і метэаралогію. Ён займаўся даследаваннем сонечнай радыяцыі, атмасфернай электрычнасці, распрацоўкай метадаў прагназавання тэмпературы.
Даследаванні ўласцівасцей наэлектрызаванага металічнага вастрыя прывялі вучонага да стварэння электрастатычнага рухавіка (прывілея № 27460 ад 30 верасня 1914 года). Ён праводзіў вопыты па выкарыстанні атмасфернай электрычнасці (у тым ліку ў Івангародскай крэпасці ў 1905 годзе).
Асноўныя працы «Актинометрические наблюдения, произведенные на метеорологической обсерватории Петровской академии летом 1889 г.» («Известия Петр. Акад.», 1890); «К вопросу о способе определения ожидаемых наименьших температур» («Метеорол. Вестник», 1897); «Пондеромоторное действие трубки Крукса, испускающей X-лучи» («Журнал Русского Физ.-Хим. Общ.», 1899); «Явления, наблюдаемые в электрическом поле острия» («Журнал Русского Физ.-Хим. Общ.», 1899); «Движение тела, находящегося в потоке лучистой энергии» («Журнал Русского Физ.-Хим. Общ.», 1906).
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Фізікі Расійскай імперыі Катэгорыя:Метэаролагі Расійскай імперыі Катэгорыя:Метэаролагі СССР Катэгорыя:Выкладчыкі Пятроўскай сельскагаспадарчай акадэміі Катэгорыя:Метэаролагі Беларусі Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1864 годзе Катэгорыя:Памерлі ў 1936 годзе