Фаня Кон (англ. Fannia Mary Cohn, 5 красавіка 1885, Клецк — 24 снежня 1962) арганізатарка прафсаюзнага руху ў ЗША, доўгатэрміновая ключавая постаць у Міжнародным прафсаюзе работнікаў вытворчасці жаночага адзення (International Ladies' Garment Workers' Union, ILGWU). Нарадзілася ў сям'і заможнага яўрэйскага млынара ў Клецку чацвёртай з пяці дзяцей, вучылася ў прыватнай школе.
У 16-гадовым узросце яна захапілася рэвалюцыйнымі ідэямі і далучылася да Партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. У 1904 годзе яна эмігравала ў Злучаныя Штаты пасля таго, як яе брат ледзь перажыў антыяўрэйскі пагром.
Прыбыўшы ў Нью-Ёрк, Кон вырашыла не працягваць адукацыю, а працаваць швачкай, каб непасрэдна ўдзельнічаць у працоўным руху. Яна хутка стала лідарам, дапамагаючы арганізоўваць працоўных у складанай галіне прамысловасці. Да 1909 года яна была абраная ў выканаўчы савет мясцовага аддзялення ILGWU 24 у Брукліне. У 1916 годзе стала першай жанчынай, абранай віцэ-прэзідэнтам ILGWU (заставалася на гэтай пасадзе да 1925).
Найвялікшая заслуга Кон — у арганізацыі рабочай адукацыі, руху, які яна дапамагла заснаваць у Злучаных Штатах. Сутыкнуўшыся з тым, што працаўнікі швейнай індустрыі паходзілі з розных краін, кепска ведалі англійскую мову і мелі невысокі ўзровень адукацыі, яна палічыла, што менавіта адукацыя жыццёва неабходная для асабістага росту і ўмацавання працоўных рухаў. У 1918 годзе яна ўзначаліла Камітэт па адукацыі ILGWU, а пазней займала пасаду сакратара яго Дэпартамента адукацыі.
Кон адыграла важную ролю ў заснаванні Бюро па адукацыі рабочых Амерыкі (Workers Education Bureau of America) ў 1921 годзе і стала сузаснавальніцай Бруквудскага працоўнага каледжа ў 1924 годзе. На працягу сваёй кар'еры яна напісала шматлікія працы па прафсаюзнай адукацыі і была настаўніцай для іншых арганізатараў. Нягледзячы на ўнутраную прафсаюзную палітыку і перыяды ізаляцыі, яна заставалася адданай прафсаюзнай справе да выхаду на пенсію ў 1961 годзе. Кон памерла ў Нью-Ёрку ў 1962 годзе ва ўзросце 77 гадоў.
Літаратура
Daniel Katz, All Together Different: Yiddish Socialists, Garment Workers, and the Labor Roots of Multiculturalism. New York: New York University Press, 2011; p. 49.
Huey B. Long and Constance Lawry, "Fannia Mary Cohn: An Educational Leader in Labor and Workers' Education, Her Life and Times," // Rae Wahl Rohfeld (ed.), Breaking New Ground: The Development of Adult and Workers' Education in North America. Syracuse, NY: Syracuse University Kellogg Project, Nov. 1990; pp. 174-192.
"Guide to the ILGWU Education Department Fannia Cohn papers," Kheel Center for Labor-Management Documentation and Archives, Cornell University Library, Ithaca, NY. Collection 5780/049.
Катэгорыя:Прафсаюзныя дзеячы Катэгорыя:Нарадзіліся ў Клецку Катэгорыя:Нарадзіліся 5 красавіка