Папра́ўчая ўстано́ва адкры́тага ты́пу (скарочана ПУАТ), у прастамоўі «хі́мія» — спецыяльная ўстанова ў крымінальна-выканаўчай сістэме Рэспублікі Беларусь, прызначаная для адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі. Асуджаныя ў такіх установах пражываюць пад наглядам і абавязаны працаваць па накіраванні адміністрацыі.
Гісторыя і паходжанне назвы Неафіцыйная назва «хімія» замацавалася за гэтым відам пакарання яшчэ з савецкіх часоў. У пасляваенны перыяд у СССР асуджаных да абмежавання волі пачалі актыўна накіроўваць на цяжкія будоўлі і шкодныя вытворчасці, у тым ліку на прадпрыемствы хімічнай прамысловасці. З таго часу накіраванне ў папраўчыя ўстановы адкрытага тыпу стала асацыявацца з прымусовай працай на шкодных аб'ектах, а сама ўстанова і адпаведнае пакаранне атрымалі ў народзе ўстойлівую назву «хімія».
Прызначэнне пакарання Паводле Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, абмежаванне волі ўстанаўліваецца на тэрмін ад шасці месяцаў да пяці гадоў. Суд можа прызначыць пакаранне як з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (ПУАТ), так і без накіравання (так званая «хатняя хімія»). У выпадку «хатняй хіміі» асуджаны застаецца дома пад жорсткім наглядам крымінальна-выканаўчай інспекцыі, ён абавязаны знаходзіцца дома ў вызначаны час (як правіла, пасля 19:00 або 20:00), не ўжываць алкагольныя напоі і не наведваць забаўляльныя мерапрыемствы.
Накіраванне ў ПУАТ не можа прызначацца асобам, якія не дасягнулі васямнаццацігадовага ўзросту, жанчынам старэйшым за пяцьдзясят пяць гадоў і мужчынам старэйшым за шэсцьдзясят гадоў, цяжарным жанчынам, а таксама асобам, якія адзінока выхоўваюць дзяцей да чатырнаццаці гадоў або дзяцей-інвалідаў. Акрамя таго, ад гэтага віду пакарання вызваляюцца інваліды, ваеннаслужачыя тэрміновай службы, замежныя грамадзяне, асобы, хворыя на актыўную форму туберкулёзу, ВІЧ-інфіцыраваныя і тыя, каму прызначаны прымусовыя меры бяспекі і лячэння.
Умовы ўтрымання і побыт У Беларусі дзейнічаюць каля 30 папраўчых устаноў адкрытага тыпу, якія знаходзяцца ў падпарадкаванні Дэпартамента выканання пакаранняў Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Яны ўяўляюць сабой будынкі інтэрнатнага або казарменнага тыпу, часта абнесеныя плотам або з рашоткамі на вокнах. Паводле заканадаўства, норма жылой плошчы на аднаго чалавека павінна складаць не менш за тры квадратныя метры, аднак установы часта сутыкаюцца з праблемай перанаселенасці, калі ў адным пакоі на двух'ярусных ложках пражывае больш за дзясятак чалавек.
У адрозненне ад папраўчых калоній і турмаў, асуджаныя ў ПУАТ абавязаны самастойна аплачваць сваё пражыванне (камунальныя паслугі), а таксама забяспечваць сябе ежай, адзеннем і сродкамі гігіены. Харчаванне не забяспечваецца адміністрацыяй цэнтралізавана: асуджаныя гатуюць самастойна на агульных кухнях з прадуктаў, набытых за ўласны кошт або перададзеных сваякамі. Адміністрацыя можа аказаць дапамогу толькі пры поўнай адсутнасці ўласных сродкаў, аднак гэтыя выдаткі ў далейшым падлягаюць абавязковаму пакрыццю. Пры гэтым асуджаным дазваляецца мець пры сабе грошы, мабільныя тэлефоны, ноўтбукі і карыстацца інтэрнэтам.
Рэжым і працаўладкаванне Жыццё ў ПУАТ строга рэгламентавана правіламі ўнутранага распарадку. Дзень пачынаецца рана раніцай і ўключае абавязковыя ранішнія і вячэрнія праверкі, падчас якіх асуджаныя выстройваюцца для пераклічкі. Пакідаць тэрыторыю ўстановы без дазволу адміністрацыі катэгарычна забаронена. Выхад у горад (у краму, паліклініку ці банк) магчымы толькі па загадзя напісанай заяве, якую ўзгадняе дзяжурны супрацоўнік міліцыі. Вольны час таксама жорстка кантралюецца: у пэўныя гадзіны забараняецца ляжаць на ложках, а ў выхадныя дні часта арганізуюцца абавязковыя лекцыі, прагляды дзяржаўных тэлевізійных навін або гаспадарчыя працы па ўборцы тэрыторыі. За добрыя паводзіны і адсутнасць парушэнняў асуджанаму могуць дазволіць кароткачасовы выезд дадому на тэрмін да пяці сутак.
Ключавой умовай адбывання пакарання з'яўляецца абавязковая праца. Адміністрацыя ПУАТ накіроўвае асуджаных пераважна на нізкакваліфікаваныя і цяжкія работы. Яны працуюць на будоўлях, піларамах, жывёлагадоўчых фермах, у калгасах, на прадпрыемствах па сартаванні смецця, а таксама на буйных дзяржаўных заводах, такіх як МАЗ або МТЗ. Адмовіцца ад працы, прапанаванай адміністрацыяй, асуджаны не мае права, бо гэта лічыцца сур'ёзным парушэннем. Работнікі часта сутыкаюцца з нізкімі заробкамі і затрымкамі выплат. З заробку асуджаныя павінны не толькі аплачваць пражыванне і харчаванне, але і пагашаць судовыя іскі, калі такія маюцца (напрыклад, аліменты або кампенсацыю маральнай шкоды). У такіх умовах выжыванне часта залежыць ад фінансавай дапамогі сваякоў.
Адказнасць за парушэнні У выпадку парушэння правілаў унутранага распарадку (напрыклад, за ўжыванне алкаголю, спазненне з працы, неахайнасць, знаходжанне на ложку ў неразрешаны час або неаплату камунальных паслуг) асуджанаму выносіцца спагнанне ў выглядзе вымовы або пазачарговага дзяжурства па ўборцы. За больш сур'ёзныя парушэнні прадугледжана змяшчэнне ў штрафны ізалятар (ШІЗА).
Да верасня 2021 года, калі асуджаны атрымліваў некалькі спагнанняў і прызнаваўся злосным парушальнікам, на яго маглі завесці крымінальную справу паводле артыкула 415 Крымінальнага кодэкса («Ухіленне ад адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі»), па якім пагражала да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі. У маі 2021 года ў заканадаўства былі ўнесены змены, згодна з якімі артыкул 415 быў выключаны са збору законаў. Цяпер пры злосным ухіленні ад адбывання пакарання суд замяняе абмежаванне волі на пазбаўленне волі з разліку адзін дзень пазбаўлення волі за два дні абмежавання волі, не прыцягваючы чалавека да новай крымінальнай адказнасці і не фарміруючы новую судзімасць.
Палітычныя зняволеныя ў ПУАТ Пасля масавых палітычных пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе тысячы людзей былі асуджаныя па палітычна матываваных крымінальных справах, многія з якіх атрымалі пакаранне ў выглядзе накіравання ў ПУАТ. Праваабаронцы адзначаюць дыскрымінацыйнае стаўленне і жорсткі прэсінг з боку сілавікоў у дачыненні да гэтай катэгорыі асуджаных.
Палітычныя зняволеныя адразу па прыбыцці ва ўстанову ставяцца на прафілактычны ўлік як «асобы, схільныя да экстрэмісцкай дзейнасці». Для іх візуальнага вылучэння на ложках вывешваюцца спецыяльныя біркі жоўтага колеру. Такім асобам строга забаронены самастойны выхад у горад (нават у краму), усе перамяшчэнні па-за тэрыторыяй ПУАТ ажыццяўляюцца выключна ў суправаджэнні ахоўнікаў. Ім забараняецца выезд да сваякоў на выхадныя дні, а самі ўстановы для іх адбывання пакарання часта падбіраюцца на максімальнай адлегласці ад роднага горада (напрыклад, жыхароў заходніх рэгіёнаў адпраўляюць на ўсход), што значна ўскладняе сувязь з сям'ёй. Палітычным зняволеным часцей за ўсё даручаюць самую брудную і нізкааплатную працу, ад якой немагчыма адмовіцца або змяніць на іншую. Паводле ацэнак праваабарончага цэнтра «Вясна», улічваючы жорсткія ўмовы ўтрымання, прымусовую працу і пастаянны псіхалагічны ціск з боку адміністрацыі, абмежаванне волі ў ПУАТ для палітычных зняволеных фактычна з'яўляецца формай пазбаўлення волі.
Крыніцы
Катэгорыя:Крымінальнае права Беларусі Катэгорыя:Пенітэнцыярная сістэма Беларусі Катэгорыя:Папраўчыя ўстановы