«Белару́скі філія́л меншавіко́ў» («БФМ») — назва «контррэвалюцыйнай шкодніцкай арганізацыі», прыдуманай у ліпені 1931 года супрацоўнікамі АДПУ БССР для ўзбуджэння крымінальнай справы і правядзення палітычнага працэсу над інтэлігентамі па пытаннях эканамічнага развіцця Беларусі.

Структура Стварэнне «БФМ» было аднесена да 1928—1930 гадоў. Арганізатарамі і кіраўнікамі лічыліся: А. І. Шэйнін — член прэзідыума Дзяржплана БССР, дацэнт БДУ; І. Я. Герцык — дацэнт БДУ; І. М. Рубенчык — урач; В. Ф. Берман — кансультант Белкаапсаюза; І. Л. Гарміза — загадчык планава-эканамічнага сектара Белкаапсаюза.

Ячэйкі «БФМ» былі «выяўлены» ў Дзяржплане БССР, Народным камісарыяце забеспячэння, фінансавых органах і спажывецкай кааперацыі БССР.

Абвінавачанні Членам «арганізацыі» інкрымінавалася шкодніцтва, распаўсюджванне контррэвалюцыйнай літаратуры, антысавецкая прапаганда. Да крымінальнай адказнасці за прыналежнасць да «БФМ» было прыцягнута 30 чалавек, 11 з якіх праходзілі і як члены «Беларускага філіяла Працоўнай сялянскай партыі». Да арыштаваных прымяняліся незаконныя метады вядзення следства, аднак толькі 12 чалавек «прызналіся». Абвінавачанні грунтаваліся выключна на іх паказаннях, а таксама на паказаннях сведак.

Прысуды і рэабілітацыя Паводле рашэння Калегіі АДПУ БССР ад 23 ліпеня 1931 года 6 чалавек, у тым ліку і кіраўнікі «БФМ», прыгавораны да 10 гадоў папраўча-працоўных лагераў, 9 чалавек — да 5 гадоў, 7 чалавек — да 3 гадоў, астатнія — да высылкі ў Сібір, Казахстан на 3—10 гадоў.

Пастановай Судовай калегіі па крымінальных справах Вярхоўнага суда БССР ад 11 кастрычніка 1957 года ўсе члены «БФМ» рэабілітаваны за недаказанасцю прад’яўленага ім абвінавачання.

Гл. таксама Беларускі філіял Прампартыі Беларускі філіял Працоўнай сялянскай партыі Саюз вызвалення Беларусі

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Гісторыя Беларусі (1918—1939) Катэгорыя:Рэпрэсіі ў БССР Катэгорыя:Судовыя працэсы перыяду сталінскіх рэпрэсій