Я́дзерная энергеты́ка Белару́сі — галіна энергетыкі Рэспублікі Беларусь, заснаваная на выкарыстанні мірнага атама для генерацыі электрычнай і цеплавой энергіі. Станам на 2025 год у краіне дзейнічае адна камерцыйная атамная электрастанцыя — Беларуская АЭС (БелАЭС) у Астравецкім раёне, якая складаецца з двух энергаблокаў агульнай магутнасцю 2400 МВт.
Пераход да ядзернай генерацыі стаў найбуйнейшым індустрыяльным праектам у гісторыі незалежнай Беларусі. Ён дазволіў краіне цалкам адмовіцца ад імпарту электраэнергіі і істотна знізіць залежнасць ад паставак прыроднага газу, доля якога ў энергабалансе скарацілася з 95 % да 65 %. Разам з тым працэс станаўлення галіны заняў больш за паўстагоддзя: ад першых маштабных вышукаў і сакрэтных мабільных рэактараў у 1960-я гады да згортвання ўсіх праектаў пасля Чарнобыльскай катастрофы і іх цяжкага аднаўлення ў пачатку XXI стагоддзя.
Гісторыя
Савецкі перыяд
Гісторыя развіцця ядзернай энергетыкі ў Беларусі пачалася з навукова-даследчых праектаў. Яшчэ ў 1962 годзе ў пасёлку Сосны пад Мінскам быў пабудаваны першы даследчы атамны рэактар ІРТ-2000«Беларускі ядзерны…» // Сацыялістычны шлях (Ушачы) № 14 (3308), серада 14 лютага 1962 г.. У 1965 годзе на базе Аб’яднанага інстытута энергетычных і ядзерных даследаванняў (АІЭЯД) «Сосны» пачалася распрацоўка ўнікальнага праекта — перасоўнай АЭС «Памір». Яна ўяўляла сабой мабільную ядзерную ўстаноўку, размешчаную на шасі цяжкіх колавых цягачоў МАЗ-537. Станцыя, якую абслугоўвалі 28 чалавек, прызначалася для аўтаномнага забеспячэння энергіяй аддаленых вайсковых аб’ектаў і магла працаваць без дазапраўкі паўтара года. Былі сабраны два такія комплексы, адзін з якіх паспяхова прайшоў выпрабаванні. Аднак пасля аварыі на ЧАЭС праект быў згорнуты, а самі ўстаноўкі знішчаны, захавалася толькі металічная частка рэактара, усталяваная ў якасці манумента ў Соснах.
Паралельна з вайсковымі распрацоўкамі кіраўніцтва БССР востра адчувала дэфіцыт электраэнергіі для грамадзянскай прамысловасці. У рэспубліцы не было буйных радовішчаў вуглевадародаў або ўмоў для магутных ГЭС. У 1968—1969 гадах спецыялісты ленінградскага інстытута «Цеплаэлектрапраект» правялі маштабныя вышукі для будаўніцтва першай стацыянарнай АЭС. З-за неабходнасці вялікага аб’ёму прэснай вады для ахалоджвання разглядалася сямнаццаць пляцовак ва ўсіх шасці абласцях: Даманаўская ў Івацэвіцкім раёне, Верхнядзвінская каля гарадскога пасёлка Верхнядзвінск, Нешчардаўская ў Расонскім, Абстэрнаўская ў Мёрскім, Снудская ў Браслаўскім, Яноўская на мяжы Полацкага і Ушацкага раёнаў, Бяланавіцкая ў Петрыкаўскім, Акцябрская каля гарадскога пасёлка Акцябрскі, Сялецкая на мяжы Дзятлаўскага і Лідскага раёнаў, Слонімская каля горада Слонім, Нарачанская і Свірская ў Мядзельскім раёне, Стаўбцоўская каля горада Стаўбцы, Брожская ў Бабруйскім, Ялізаўская ў Асіповіцкім, Асіповіцкая каля горада Асіповічы і Чыгірынская на мяжы Быхаўскага і Кіраўскага раёнаў.
З гэтага спісу ў 1971 годзе саюзныя ўлады зацвердзілі Снудскую пляцоўку. Аднак ужо ў наступным годзе Мінэнерга і Мінсярэдмаш СССР змянілі рашэнне. Перавагу аддалі суседняй Друкшайскай пляцоўцы ў Літоўскай ССР, бо яна мела больш спрыяльныя геалагічныя ўмовы і дазваляла зэканоміць на будаўніцтве. Там узвялі Ігналінскую АЭС, якая сілкавала і частку беларускіх тэрыторый, але пакінула рэспубліку без уласнага аб’екта ядзернай генерацыі.
Страта праекта каля Браслава не спыніла атамных амбіцый. Згодна са стратэгічнымі планамі Мінэнерга СССР, у 1987 годзе меркавалася пачаць будаўніцтва АЭС на поўдні рэспублікі магутнасцю да 6000 МВт, у 1988 годзе — на поўначы з магутнасцю да 10 000 МВт, а ў 1992 годзе — яшчэ адной на паўднёвым усходзе да 8000 МВт. Праекты ўражвалі інжынерным размахам. На поўначы краіны, каля возера Вымна ў Гарадоцкім раёне, планавалася ўзвесці адну з найбуйнейшых АЭС у свеце, павялічыўшы плошчу возера за кошт перакідання вады з Заходняй Дзвіны. На Брэстчыне, каля Белаазёрска, праектавалі складаны комплекс, дзе АЭС працавала б у звязцы з падземнай гідраакумулюючай станцыяй. Самы ж амбітны праект разглядаўся ў Столінскім раёне: на балотах паміж Столінам і Давыд-Гарадком хацелі стварыць штучнае мора-ахаладжальнік плошчай 36 квадратных кіламетраў за кошт вады з Прыпяці і пабудаваць новы горад Відзібор. Аднак ад яго хутка адмовіліся з-за празмернай складанасці выканання.
У пачатку 1980-х гадоў таксама разглядаліся праекты будаўніцтва атамных станцый цеплазабеспячэння (АСЦ) па праекце АСТ-500 для непасрэднага ацяплення буйных гарадоў. Да снежня 1985 года былі ўзгодненыя пляцоўкі для АСЦ каля Віцебска, Гомеля і Магілёва. Адначасова разгарнулася барацьба за будаўніцтва класічнай АЭС на беразе возера Сялява ў Крупскім раёне. Нягледзячы на пратэсты эколагаў з-за блізкасці гідралагічнага заказніка, у студзені 1984 года ўрад БССР канчаткова зацвердзіў гэтую пляцоўку.
Пакуль ішлі тэарэтычныя спрэчкі, улады запусцілі рэальную будоўлю ў Пухавіцкім раёне, усяго за 40 км ад Мінска. Каб вырашыць праблему ацяплення сталіцы, 26 чэрвеня 1980 года было прынята сумеснае рашэнне ЦК КПСС і Савета Міністраў СССР будаваць Мінскую атамную цеплаэлектрацэнтраль (АЦЭЦ) з двума рэактарамі ВВЭР-1000. У 1983 годзе пачалася маштабная камсамольская будоўля. На месцы асушаных балот узводзіўся ідэальны горад атамшчыкаў — пасёлак Дружны. Да вясны 1986 года быў гатовы фундамент першага рэактара і ўведзена ў строй пускарэзервовая кацельня.
Пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС менавіта ў Дружны былі эвакуяваныя каля 250 сямей (больш за 1200 чалавек) вузкапрофільных спецыялістаў з эвакуіраванай Прыпяці. Яны павінны былі працягнуць працу на мінскім аб’екце. Аднак масавая радыяфобія і пратэсты грамадскасці прымусілі саюзныя ўлады адступіць, і 1 ліпеня 1987 года выйшла пастанова аб кансервацыі Мінскай АЭС. Каб не губляць укладзеныя сродкі і калектыў, аб’ект перапрафілявалі ў звычайную ЦЭЦ на прыродным газе. Планы ж па будаўніцтве іншых АЭС і АСТ у Беларусі былі цалкам адмененыя.
Постсавецкі перыяд: ад 74 пляцовак да Астраўца Крах савецкай эканомікі і наймацнейшая радыяфобія ў грамадстве прывялі да таго, што на працягу 1990-х гадоў размовы пра развіццё ядзернай энергетыкі ў незалежнай Беларусі знаходзіліся пад фактычным мараторыем. Тым не менш, праблема энергетычнай залежнасці ад расійскіх энерганосьбітаў (каля 95 % электраэнергіі ў краіне выпрацоўвалася за кошт імпартнага прыроднага газу) прымушала ўлады шукаць альтэрнатывы. Яшчэ ў пачатку 1990-х гадоў НАН Беларусі тэарэтычна вызначыла больш за 70 патэнцыйных пляцовак для размяшчэння станцыі.
Рэальнае аднаўленне атамнай праграмы пачалося пасля 2005 года, калі была зацверджана новая Канцэпцыя энергетычнай бяспекі Рэспублікі Беларусь. Спецыялісты зноў звярнуліся да даследавання патэнцыйных лакацый. Пасля адсеву тэрыторый, непрыдатных па экалагічных і геаграфічных параметрах (уключаючы амаль усю Мінскую вобласць, басейн Прыпяці з высокімі грунтовымі водамі і Віцебшчыну з-за малога вадазбору), у гульні засталіся чатыры пляцоўкі: Краснапалянская (Чавускі раён), Кукшынаўская (Шклоўскі раён), Верхнядзвінская і Астравецкая.
Ад Верхнядзвінскага пункта хутка адмовіліся з-за праблем з грунтавымі водамі. На 2007 год абсалютнымі прыярытэтамі лічыліся ўсходнія лакацыі: Краснапалянская і Кукшынаўская пляцоўкі ў Магілёўскай вобласціИнформационный бюллетень Администрации Президента Республики Беларусь — № 7 (122), 2006. — С. 72.. Аднак падчас глыбокага свідравання і геалагічных вышукаў выявілася непераадольная перашкода. На глыбіні 25 метраў геолагі знайшлі магутныя слаі абводненай крэйды (таўшчынёй да 35 метраў). Гэта стварала высокую пагрозу карставых працэсаў — утварэння падземных пустэч, што рабіла размяшчэнне цяжкага ядзернага аб’екта крытычна небяспечным.
Пасля кансультацый з расійскімі і ўкраінскімі інжынерамі ад усходніх пляцовак было вырашана канчаткова адмовіцца. У снежні 2008 года палітычнае рашэнне было прынята на карысць рэзервовага варыянту — Астравецкай пляцоўкі, размешчанай паміж мястэчкамі Міхалішкі і Варняны ў Астравецкім раёне Гродзенскай вобласці, усяго за 23 км ад мяжы з Літвой. Гэты выбар тлумачыўся ідэальнымі геалагічнымі ўмовамі — наяўнасцю надзейнага маналітнага мацерыка без сейсмічных або карставых пагроз.
Паралельна ішоў пошук міжнароднага партнёра. Беларусю разглядаліся прапановы ад амерыкана-японскіх («Вестынгхаус-Ташыба») і французска-германскіх («Арэва») кампаній, рабіліся прапановы Кітаю і ЗША. Аднак з-за палітычных матываў, неабходнасці падпісання складаных міжурадавых пагадненняў і ўмоў крэдытавання адзіным рэальным кандыдатам засталася расійская дзяржкарпарацыя «Расатам». 15 сакавіка 2011 года ў Мінску было падпісана пагадненне з урадам Расіі аб супрацоўніцтве ў будаўніцтве АЭС, а расійскі бок выдзеліў крэдыт да 10 млрд долараў на фінансаванне 90 % кошту праекта. 11 кастрычніка 2011 года быў падпісаны кантракт з ЗАТ «Атамбудэкспарт» на ўзвядзенне двух энергаблокаў пад ключ.
Беларуская АЭС (Астравец)
Асноўны этап будаўніцтва першай у гісторыі незалежнай Беларусі атамнай станцыі пачаўся ў лістападзе 2013 года. Праект «АЭС-2006» (пакаленне 3+) быў створаны з улікам узмоцненых патрабаванняў бяспекі пасля аварыі на японскай АЭС «Фукусіма». Станцыя абсталявана двума вода-вадзянымі энергетычнымі рэактарамі ВВЭР-1200 агульнай магутнасцю 2400 МВт.
Згодна з тэхнічнымі характарыстыкамі, рэактары абаронены падвойнай жалезабетоннай абалонкай (80 см унутранага пласта, 180 см паветраная праслойка і яшчэ 120 см вонкавай сцяны). Канструкцыя здольная вытрымаць падзенне фрагментаў самалёта масай да 5,7 тоны, а таксама землятрусы, ураганы і паводкі. Прадугледжаны як актыўныя, так і пасіўныя сістэмы бяспекі (уключаючы дадатковыя перасоўныя дызель-генератары і «пастку расплаву» актыўнай зоны рэактара).
Фізічны пуск і ўключэнне ў энергасістэму першага энергаблока БелАЭС адбыліся 3 лістапада 2020 года, а ў прамысловую эксплуатацыю ён быў уведзены 10 чэрвеня 2021 года. Другі энергаблок быў уключаны ў сетку вясной 2023 года і прыняты ў прамысловую эксплуатацыю 1 лістапада таго ж года.
За першыя гады працы (да канца 2025 года) БелАЭС выпрацавала звыш 53 млрд кВт·гадз электраэнергіі. Гэта дазволіла істотна трансфармаваць эканоміку краіны: Узровень спажывання імпартнага прыроднага газу для генерацыі энергіі знізіўся з 95 % да 65 %, што зэканоміла больш за 1,6 млрд долараў бюджэтных сродкаў. Выкіды парніковых газаў скараціліся больш чым на 26 млн тон. Беларусь цалкам адмовілася ад імпарту электраэнергіі. Горад Астравец ператварыўся ў дынамічны цэнтр рэгіёна: яго насельніцтва вырасла з 8 да 15 тысяч чалавек, а на самой станцыі працуе каля 3 тысяч спецыялістаў (сярэдні ўзрост калектыву — 38 гадоў).
Разам з тым будаўніцтва і запуск станцыі суправаджаліся вострым міждзяржаўным канфліктам з суседняй Літвой. Афіцыйны Вільнюс ад самага пачатку выступаў катэгарычна супраць размяшчэння ядзернага аб’екта ўсяго за 50 км ад сваёй сталіцы і на заканадаўчым узроўні забараніў імпарт электраэнергіі з БелАЭС. Аднак, нягледзячы на палітычную рыторыку і блакаванне рынкаў збыту ў краінах Балтыі, фізічныя патокі энергіі працягвалі ісці па існуючых інфраструктурных перамычках яшчэ некаторы час пасля запуску. Беларускі бок неаднаразова запрашаў экспертаў МАГАТЭ і еўрапейскіх рэгулятараў, якія пацвердзілі адпаведнасць праекта міжнародным нормам бяспекі і правялі неабходныя стрэс-тэсты.
Планы будаўніцтва другой АЭС