Прыдруйская во́ласць (, часам Дру́йская во́ласць) — адна з тэрытарыяльных адзінак Краслаўскага края Латвіі. Адміністрацыйным цэнтрам воласці з'яўляецца паселішча Піедруя (Прыдруйск), якое знаходзіцца на мяжы з Беларуссю.

Гісторыя Беларускі нацыянальны рух (1920-я — 1930-я гады) У міжваенны перыяд Прыдруйская воласць, якая ў той час уваходзіла ў склад Даўгаўпілскага павета (Дзвінскага павета) Латвійскай Рэспублікі, з'яўлялася адным з найбуйнейшых асяродкаў беларускага нацыянальна-культурнага жыцця ў Латгаліі.

Адукацыя мясцовай моладзі забяспечвалася праз сетку беларускіх школ. У прыватнасці, тут працавала Прыдруйская (Вайвадская) 6-класная беларуская пачатковая школа, якой кіраваў вядомы беларускі педагог і паэт Эдвард Вайвадзіш. Настаўнікам у гэтай жа школе працаваў яшчэ адзін выхаванец Дзвінскай дзяржаўнай беларускай гімназіі Францішак Оруп.

Асаблівую актыўнасць праяўляў мясцовы Прыдруйскі аддзел Таварыства беларускай моладзі ў Латвіі (ТБМЛ), які аб'ядноўваў беларускую інтэлігенцыю і сялянства. У 1933 годзе ён налічваў 44 сябры і з'яўляўся адным з самых шматлікіх у правінцыі. Кіраўніцтва аддзела клапацілася пра падтрымку таленавітай моладзі: 12 ліпеня 1932 года было прынята рашэнне аб заснаванні трох стыпендый па 20 латаў кожная для навучэнцаў Дзвінскай беларускай гімназіі, а таксама дадаткова выдзялялася па 5 латаў на паездкі вучняў дамоў падчас вакацый. Важнай культурнай падзеяй стала ўрачыстае адкрыццё 21 жніўня 1932 года беларускай бібліятэкі-чытальні, на якім з дакладам «Заданні беларускай моладзі» выступіў дырэктар Дзвінскай гімназіі і даследчык Сяргей Пятровіч Сахараў.

Мясцовае насельніцтва актыўна займалася тэатральнай дзейнасцю і фалькларыстыкай. 20 верасня 1931 года Прыдруйскі аддзел ТБМЛ самастойна паставіў у суседняй Індры дзве камедыі: «Чорт у бочцы» і «Міхалка». Акрамя таго, у Прыдруйск і навакольныя вёскі рэгулярна прыязджалі з гастролямі артысты Рыжскага беларускага народнага тэатра (з пастаноўкамі п'ес «Змагары за ідэю», «Хлебароб па-амерыканску» і «Пан міністар»). Мясцовыя настаўнікі (Эдвард Вайвадзіш, Францішак Оруп) і вучні далучаліся да збору фальклору па закліку Беларускага навукова-краязнаўчага таварыства ў Латвіі (БНКТЛ), запісваючы на фанограф народныя песні і падрабязна апісваючы традыцыйныя беларускія абрады (вяселле, пахаванне, талаку і супрадкі).

Фальсіфікацыі падчас перапісу 1935 года Беларускае нацыянальна-культурнае жыццё ў воласці было цалкам знішчана пасля дзяржаўнага перавароту 15 мая 1934 года, калі ў Латвіі ўсталяваўся аўтарытарны рэжым Карліса Улманіса. Улады ўзялі жорсткі курс на латышызацыю: беларускія школы і грамадскія таварыствы былі ліквідаваны.

Падчас ўсеагульнага перапісу насельніцтва Латвіі 1935 года латвійскія ўлады звярнуліся да масавых маніпуляцый з нацыянальным складам жыхароў Прыдруйскай воласці. Галоўнай мэтай гэтых дзеянняў было штучнае павелічэнне долі латышоў шляхам прымусовага перапісвання мясцовых каталікоў славянскага паходжання (беларусаў і палякаў). Дэмографы і гісторыкі Ілмар Межс і Адам Немет на аснове дэталёвага вывучэння арыгінальных уліковых лістоў перапісу 1935 года, якія захоўваюцца ў Латвійскім дзяржаўным гістарычным архіве, выявілі ў Прыдруйскай воласці масавыя неабгрунтаваныя выпраўленні нацыянальнасці перапісчыкамі.

У выніку такіх фальсіфікацый афіцыйная статыстыка паказала нерэалістычны скачок колькасці латышоў. Калі ў 1925 годзе іх доля ў воласці складала толькі 3 %, а ў 1930 годзе — 17 %, то ў 1935 годзе гэты паказчык штучна дасягнуў 57 %. Адпаведна, афіцыйная колькасць беларусаў рэзка ўпала з 68 % (у 1930 годзе) да 34 % у 1935 годзе. Латвійскі ідэолаг і прапагандыст Вільбертс Краснайс у сваёй псеўданавуковай кнізе «Беларусы як галіна латышскага народа» (1938) цынічна тлумачыў гэтае «абуджэнне» тым, што мясцовыя беларусы нібыта з'яўляюцца гістарычнымі латышамі, якія пасля ліквідацыі беларускіх школ пазбавіліся ад «памылковага» ўплыву беларускіх палітыкаў і вярнуліся да ўласнай нацыянальнасці.

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Воласці Латвіі Катэгорыя:Краслаўскі край Катэгорыя:Беларусы ў Латвіі