Baltic Pride 2025 — міжнародны ЛГБТ-фестываль, які праходзіў з 2 па 8 чэрвеня 2025 года ў сталіцы Літвы Вільні. Мерапрыемства прайшло пад лозунгам «Свабодныя быць (сабой)» () і сабрала рэкордную для краіны колькасць удзельнікаў. Фестываль адзначыўся не толькі маштабным шэсцем, але і шэрагам палітычных заяў, байкотам з боку часткі праваабарончых арганізацый, а таксама вострым канфліктам унутры беларускай палітычнай эміграцыі.

Палітычны кантэкст Правядзенне фестывалю ў 2025 годзе супала з важнымі юрыдычнымі працэсамі ў Літве. У сярэдзіне красавіка 2025 года Канстытуцыйны суд Літоўскай Рэспублікі вынес рашэнне, якое дало зялёнае святло рэгістрацыі гендарна-нейтральных партнёрстваў. Суд пастанавіў, што Сейм парушыў Канстытуцыю, не выканаўшы сваё абавязацельства на працягу 24 гадоў прыняць асобны закон з больш падрабязным рэгуляваннем партнёрстваў (каб набылі моц нормы Грамадзянскага кодэкса аб сужыцці без рэгістрацыі шлюбу).

Нягледзячы на рашэнне суда, літоўскі парламент не пачаў разгляд пытання аб партнёрстве да пачатку фестывалю. Старшыня Літоўскай лігі геяў (LGL) і галоўны арганізатар прайду Уладзімір Сіманько заявіў, што мерапрыемства нясе не толькі святочны, але і пратэставы характар, накіраваны на тое, каб прымусіць палітыкаў выканаць патрабаванні супольнасці і ўзаконіць сямейную роўнасць.

Праграма мерапрыемстваў Праграма фестывалю доўжылася тыдзень і ўключала разнастайныя культурныя і адукацыйныя падзеі. З 2 па 8 чэрвеня працавала грамадская прастора «Прайд-дом» (), якая выконвала ролю інфармацыйнага цэнтра і месца для дыскусій і семінараў. 4 чэрвеня ў супрацоўніцтве з кінафестывалем «Кінавясна» () адбыўся паказ тэматычнага кіно. 5 чэрвеня ў Віленскім старым тэатры прайшло тэатралізаванае мерапрыемства «Галасы прайду» (). На працягу 6—7 чэрвеня ў гасцініцы «Radisson Blu Lietuva» адбылася міжнародная канферэнцыя па пытаннях інклюзіі і стварэння бяспечнага працоўнага асяроддзя.

Марш «За роўнасць!» Кульмінацыяй фестывалю стала шэсце «За роўнасць!», якое прайшло 7 чэрвеня. Калона пачала рух ад вуліцы Барбары Радзівіл, прайшла па праспекце Гедыміна і завяршыла маршрут каля Белага моста, дзе адбыўся маштабны канцэрт пад адкрытым небам з удзелам мясцовых і замежных выканаўцаў, у тым ліку ўкраінскіх ЛГБТ-актывістаў і вайскоўцаў.

Паводле ацэнак арганізатараў, у маршы ўзялі ўдзел каля 20 тысяч чалавек, што зрабіла яго найбуйнейшым у гісторыі краін Балтыі. Да шэсця далучыліся прадстаўнікі трох палітычных партый (Рух лібералаў, Партыя свабоды і Літоўская партыя зялёных), мэр Вільні Валдас Бянкунскас, еўрадэпутат Томас Раскявічус, а таксама шэраг замежных дыпламатаў, у тым ліку прадстаўнікі пасольства Нідэрландаў.

Падчас шэсця адбылося некалькі інцыдэнтаў з удзелам праціўнікаў ЛГБТ-супольнасці. Каля Віленскага кафедральнага сабора сабралася група людзей з хрысціянскай атрыбутыкай, якія маліліся і скандавалі лозунгі супраць лібералізму. Паліцыя затрымала дваіх непаўналетніх юнакоў, якія кідалі яйкі ва ўдзельнікаў маршу.

Байкот праваабаронцаў Значная частка праваабарончых арганізацый Літвы байкатавала мерапрыемства з-за супрацоўніцтва арганізатараў з лагістычнай кампаніяй «DSV Air & Sea». Каля дваццаці арганізацый (у тым ліку Літоўскі цэнтр правоў чалавека) заклікалі разарваць партнёрства з кампаніяй, сцвярджаючы, што яна ўдзельнічае ў транспартаванні зброі для ізраільскай арміі, што, на іх думку, супярэчыць праваабарончым і антыфашысцкім каштоўнасцям прайду на фоне вайсковых дзеянняў у сектары Газа. Галоўны арганізатар Уладзімір Сіманько не адрэагаваў на зварот і пазней назваў гэтую крытыку праявай «узмацнення радыкалізму ў свеце і ў Літве».

Беларускі кантэкст У фестывалі ўзяла ўдзел вялікая калона беларускай палітычнай эміграцыі, якая традыцыйна несла ружовы макет аўтазака. Аднак выкарыстанне беларусамі нацыянальнага бела-чырвона-белага сцяга на ЛГБТ-маршы выклікала востры канфлікт і хвалю гамафобіі ўнутры дыяспары.

Яшчэ да пачатку мерапрыемства ў сацыяльных сетках (у прыватнасці, у тэлеграм-канале фонду «Дапамога») разгарнулася дыскусія, падчас якой кансерватыўна настроеныя карыстальнікі абвінавачвалі ЛГБТ-супольнасць у «апаганьванні» нацыянальнага сімвала. Непасрэдна на прайдзе дзве беларускія актывісткі — Іна Трусава і Алена Пуцыковіч, адміністратарка ў чаце канала блогера Віталя Кандраценкі — падыходзілі да ўдзельнікаў беларускай калоны са сцягамі, здымалі іх твары на відэа для ідэнтыфікацыі і выказвалі пагрозы фізічнай расправы, спасылаючыся на нібыта існуючую забарону ад беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне. Пасля ўмяшання арганізатараў і літоўскай паліцыі жанчыны былі вымушаны адысці ад калоны.

Пазней высветлілася, што за пагрозамі стаяў рэальны беларускі вайсковец, аператар дронаў з Галоўнага ўпраўлення разведкі МА Украіны Раман Яроменка (пазыўны «Сенат»), які апублікаваў галасавое паведамленне з пагрозамі ў адрас удзельнікаў прайду:

Інцыдэнт выклікаў рэзкую рэакцыю з боку прадстаўнікоў дэмакратычных сіл Беларусі. У маршы ўзялі ўдзел прадстаўніцы Аб'яднанага пераходнага кабінета (Маргарыта Ворыхава, Вольга Зазулінская і Юлія Міцкевіч), якія ўзялі ўдзел у маршы, асудзілі гамафобныя нападкі і звярнуліся ў літоўскую паліцыю з нагоды пагроз бяспецы. Намесніца прадстаўніка Кабінета па пытаннях сацыяльнай палітыкі Ірына Маклейн адзначыла, што падобны пераслед людзей за іх ідэнтычнасць з'яўляецца фактычнай салідарнасцю з рэжымам Лукашэнкі і пазбаўленнем іншых права голасу. Саветнік Святланы Ціханоўскай па юрыдычных пытаннях Лявон Марозаў падкрэсліў, што пагрозы і запалохванні павінны адназначна асуджацца, а кожны чалавек мае права на бяспечны ўдзел у мірных сходах і выказванне сваёй ідэнтычнасці з дапамогай нацыянальнай сімволікі.

Заяву Рамана Яроменкі пра нібыта існуючую забарону ад імя вайскоўцаў абверг іншы беларускі добраахвотнік, сябар камісіі Каардынацыйнай рады па нацыянальнай бяспецы Аляксандр Клачко. Ён заявіў, што пры ўмове паважлівага стаўлення нацыянальнымі сімваламі могуць карыстацца людзі любой рэлігіі, колеру скуры ці сексуальнай арыентацыі. Таксама эксперты і праваабаронцы, у прыватнасці, Юлія Міцкевіч і гендарная даследчыца Ірына Сідорская, звярнулі ўвагу на тое, што падзел беларусаў на «правільных» і «няправільных» цалкам паўтарае рыторыку афіцыйнага Мінска. Яны адзначылі, што беларуская прапаганда паспяхова скарысталася не столькі самім фактам з'яўлення бела-чырвона-белага сцяга на прайдзе, колькі існуючай гамафобіяй у грамадстве і скандалам з узаемнымі абразамі і нянавісцю ўнутры палітычнай эміграцыі.

Таксама падчас прайду беларускі блогер Андрэй Павук здзейсніў палітычны перформанс: ён прыйшоў на шэсце ў форме беларускага міліцыянера з афіцыйным лукашэнкаўскім чырвона-зялёным сцягам. Паводле слоў самога Павука, акцыя мела на мэце праверыць рэакцыю грамадства на сімвалы дыктатуры на свяце свабоды і прыцягнуць увагу да парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі. Яго з'яўленне выклікала неразуменне як у некаторых арганізатараў (якія прасілі схаваць сцяг), так і ў паліцыі ды асобных суайчыннікаў, але пасля тлумачэння сваёй пазіцыі блогеру дазволілі застацца на мерапрыемстве.

Крыніцы

Катэгорыя:Падзеі 2025 года ў Літве Катэгорыя:Чэрвень 2025 года Катэгорыя:ЛГБТ у Літве Катэгорыя:Вільня