Ру́ская нацыяна́льная наро́дная а́рмія (, РННА) — вайсковае фарміраванне з грамадзян СССР і рускіх эмігрантаў, створанае ў пачатку 1942 года пры групе нямецкіх армій «Цэнтр» у час Вялікай Айчыннай вайны. Паводле нямецкіх дакументаў, мела таксама назвы «Рускі батальён спецыяльнага прызначэння», «Падраздзяленне абвера 203», злучэнне «Сівая галава».
Асноўныя задачы — барацьба з партызанамі, падрыхтоўка разведчыкаў і дыверсантаў для засылкі ў савецкі тыл з мэтай разлажэння чырвонаармейскіх часцей і пераходу іх на бок вермахта. Ідэалагічная платформа — барацьба за новую расійскую дзяржаву без бальшавікоў і ў саюзе з нацысцкай Германіяй. Кіраўнік — былы эмігрант інжынер С. Н. Іваноў.
Гісторыя У РННА набіралі добраахвотнікаў з ліку савецкіх ваеннапалонных у лагерах гарадоў Барысаў, Смаленск, Рослаўль, Вязьма.
Дыслацыравалася ў рабочым пасёлку Асінторф Аршанскага раёна, дзе знаходзіліся вучэбныя лагеры «Масква», «Урал» і «Кіеў». Асобны стралковы батальён фарміраваўся ў Шклове (лагер «Волма»). Навучанне асабовага складу вялося па статутах Чырвонай арміі.
Пасля няўдалых антыпартызанскіх аперацый восенню 1942 г. РННА ўзначалілі былыя ваеннаслужачыя Чырвонай арміі: палкоўнік У. І. Баярскі і брыгадны камісар Г. М. Жылянкоў (будучы паплечнік камандуючага т. зв. Рускай вызваленчай арміяй генерала А. А. Уласава). Яны імкнуліся стварыць Камітэт вызвалення Радзімы і Рускую народную армію. Аднак гітлераўцы на базе РННА арганізавалі т. зв. «брыгаду Баярскага» ў складзе пяці некамплектных усходніх батальёнаў і дапаможных структур (усяго каля 4 тыс. чалавек).
Пасля цяжкіх паражэнняў каля г. Вялікія Лукі і ад партызан у Бярэзінскім раёне РННА перафарміравана ў 700‑ы ўсходні полк асобага прызначэння. Камандзірам яго стаў былы савецкі маёр Р. Ф. Рыль. Але фактычна злучэннем кіраваў паралельны нямецкі штаб на чале з палкоўнікам Карэці. Злучэнне расфарміравана ў канцы 1943 г., пасля таго як да партызан перайшло 130 «народнаармейцаў».
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Рускія калабарацыяністы ў Другой сусветнай вайне Катэгорыя:1942 год у Беларусі