Уладзімір Паўлавіч Кармілкін () — беларускі незалежны журналіст, фатограф і грамадскі актывіст.

Біяграфія Нарадзіўся 15 лютага 1934 года ў Смаленску. У пашпарце быў запісаны рускім, але характарам і перакананнямі атаясняў сябе з беларускім народам. Бацька, імаверна, Павел Мікалаевіч Кармілкін, быў кадравым афіцэрам і перакананым камуністам. Маці была тонкім чалавекам і пакуль жыла згладжвала канфлікты паміж бацькам і сынам, якія спрачаліся на ідэалагічнай глебе.

25 гадоў служыў у Савецкай арміі. Запісваць падзеі пачаў падчас тэрміновай службы, захаваўся дзённікі пачаты ў 1953 годзе. Першы запіс датаваны 22 кастрычніка 1953 года, на першым тыдні службы ў Шчучыне яго выклікалі да камандавання за жарт, што піша артыкул у газету «Во славу Родины» з крытыкай культурна-асветніцкай работы ў часці (на праўдзе пісаў ліст да дому), з таго часу на Кармілкіна глядзелі як на «патэнцыйна падрыўны элемент». У сярэдзіне 1950-х гадоў служба Кармілкіна была звязана з радыётрансляцыйнымі сістэмамі ваенна-паветраных сіл. 30 лістапада 1955 года ён занатаваў пра мантаж узмацняльніка ў «радыёрубцы», які дазваляў слухаць джаз і перадачы «Голасу Амерыкі» і «Радыё Свабода», нягледзячы на абавязак глушыць замежныя радыёсігналы. 1 студзеня 1956 года ў Сцяпянцы быў арыштаваны на 10 сутак гаўптвахты за самавольны зыход з падраздзялення, каб сустрэць Новы год не ў казарме, пасля гэтага яго выключылі з камсамольскага бюро, прыгадаўшы 16 папярэдніх спагнанняў. Каля 1980 года выйшаў у адстаўку ў званні прапаршчыка.

У прыватным жыцці 1960-х гадоў Кармілкін называў сябе «каралём танцпляцовак», «каралём рок-н-ролу» і «начным ваўком». І пазней у мінскай кватэры насупраць Камароўкі захоўваў вялікую калекцыю вінілавых кружэлак (Элвіс Прэслі, «Бітлз», Луі Армстранг, Бі Бі Кінг, Боб Дылан). Яшчэ адным хобі былі матацыклы; ён праехаў каля 50 тысяч кіламетраў на матацыклах «Ява» і «Урал» з каляскай, спрабаваў далучыцца да байкерскага руху ў Мінску. Таксама быў заўзятым рыбаком; збіраў чарвякоў пасля дажджу ўначы і толькі каля Опернага тэатра, што часам прыводзіла да інцыдэнтаў з міліцыяй. Разам з жонкай Тамарай здзяйсняў роварныя прагулкі па лясах вакол Мінска. Вызначаўся хлебасольствам, частаваў гасцей уласнымі саленнямі, варэннямі і марынадамі, а таксама «беларускім вінцом» (сумессю гарэлкі, зёлак і віна). У Кармілкіна жыў сабака Жуля, падабраны дачкой на вуліцы, яго будка была абклеена палітычнымі лозунгамі.

Памёр 14 ліпеня 2002 года пры нявысветленых цалкам абставінах. Цела знайшлі ў кватэры толькі праз некалькі дзён. Развітанне адбылося 18 ліпеня ва Управе БНФ, пахаваны на Усходніх могілках у Мінску пад спеў гімна «Магутны Божа».

Сям’я Быў двойчы жанаты, з першай жонкай і яе другім мужам падтрымліваў прыязныя адносіны. Другая жонка — Тамара Іванаўна. Дачка — Міліта Кармілкіна, мастачка.

Грамадская дзейнасць Актыўнасць Уладзіміра Кармілкіна ў нацыянальнага руху пачалася з удзелу ў мітынгу на Дзяды ў 1988 годзе, які ён лічыў момантам свайго канчатковага фармавання як беларуса-адраджэнца. 14 гадоў быў нязменным фоталетапісцам і аўдыёаператарам усіх акцый БНФ, заўсёды ў цэнтры падзей з мікрафонам і фотаапаратам.

Вядомы эпізод, калі Кармілкін даў трымаць мікрафон тагачаснаму паслу ЗША ў Беларусі Дэніэлу Спэкгарду, каб самому зрабіць фотаздымак. Падчас аднаго з «Чарнобыльскіх шляхоў» атрымаў удар па галаве, калі адарваўся ад здымкі, каб дапамагчы параненаму. Кармілкін таксама ініцыяваў паездкі да маці зніклага палітыка Юрыя Захаранкі (Ульяны Рыгораўны Захаранкі ў Васілевічы) і Генадзя Карпенкі, да Васіля Старавойтава і Надзеі Дземідовіч, адначасова прывозячы ім прадукты.

Творчасць і архіўная спадчына Сабраў унікальную фанатэку і фотаархіў, якія фіксавалі ўсе значныя падзеі Адраджэння: мітынгі ў Курапатах, візіт Біла Клінтана, пасяджэнні Вярхоўнага Савета. Карыстаўся простым фотаапаратам-«мыльніцай», падораным Зянонам Пазняком. У яго кватэры захоўваліся рэчы ахвяр сталінскіх рэпрэсій (кубкі, іржавы дрот, запальнічкі), а таксама стужкі з вянкоў, якія ўскладалі ў Курапатах.

Кармілкін марыў пра стварэнне дакументальнага фільма «Дарога на Курапаты-2», для якога сабраў значную колькасць відэаматэрыялаў. Пасля смерці творцы частка фотаздымкаў перададзена ў Архіў найноўшай гісторыі і дыгіталізавана. Аднак значная частка матэрыялаў вынесена з кватэры пасля яго смерці староннімі асобамі пад абяцанне публікацый, якія не здзейснены.

Крыніцы

Спасылкі

Катэгорыя:Фатографы Беларусі