«Беларусі ардэнаноснай» — верш Янкі Купалы, напісаны ўлетку 1935 года ў Ляўках. Мае прысвечанне: «Да гадавіны вызвалення Беларусі ад белапалякаў і дня ўручэння ордэна Леніна».
Мастацкі змест Структурна твор дзеліцца на тры часткі, якія паслядоўна раскрываюць гістарычны шлях беларускага народа ад царскай эпохі да пачатку сацыялістычных пераўтварэнняў. Мастацкая своеасаблівасць верша дасягаецца за конт кантраснага супрацьпастаўлення сацыяльных рэалій, змены рытмічнага малюнку і выкарыстання розных моўных сродкаў.
У першай частцы верша Янка Купала выкарыстоўвае дактыль — трохдольны памер з націскам на першым складзе. Яго размераны і некалькі запаволены рытм спрыяе стварэнню атмасферы смутку і дапамагае чытачу пачуць боль за трагічнае, змрочнае мінулае Беларусі, названай тут «вечна абдзёртай, вечна галоднай». Для паглыблення тэмы народных пакут аўтар ужывае шэраг стылістычных прыёмаў: алітэрацыі і асанансы ў гукавых паўторах («цар, цараняты», «пан і паняты»), аксюмараны, пабудаваныя на спалучэнні антонімаў («нагайкамі няньчылі», «турмамі песцілі»), а таксама рытарычнае пытанне («…Песні чаму ўсё аб горы складалі?»), якое падкрэслівае бязвыхаднасць.
У другой частцы Купала выкарыстоўвае дынамічны 9-стопны харэй для перадачы пачуцця захаплення, якое апануе паэта пры выглядзе адроджанай краіны. Энергічны рытм верша адбівае радасць ад перамагання змрочнага мінулага («мінула ліха») і надыхода новага жыцця пад савецкай уладай («жыць стала лёгка пад чырвонай зоркай»).
Трэцяя частка пераходзіць ва ўрачысты гімн, які праслаўляе новую эпоху. Рытмічная структура змяняецца на больш маршавы і бадзёры 4-стопны харэй, які перадае ўзвышанае хваляванне лірычнага героя. Пачашчаны, пульсуючы рытм становіцца падобным біццю сэрца паэта, захопленаму імклівым росквітам Беларусі («як жа расцвіла ты»), дасягнутым ў найкарацейшы час пасля выгнання ворагаў («як выгнала катаў!»).
Публікацыі і пераклады 9 ліпеня 1935 года Янка Купала асабіста зачытаў верш у эфіры Усебеларускага радыёмітынгу, прысвечанаму гадавіне вызвалення Беларусі ад польскіх войск. 11 ліпеня тэст быў апублікаваны ў газетах «Звязда» і «Літаратура і мастацтва», дзе таксама вызначаны месца і час стварэння: «Ляўкі. Аршаншчына. Чэрвень. 1935 год». У гэты ж дзень газета «Чырвоная змена» надрукавала трэцюю частку твора пад іншай назвай. Чарнавы аўтограф верша, які змяшчае аўтарскія праўкі і чатыры дапісаных радка, захоўваецца ў літаратурным музеі Янкі Купалы.
На рускую мову твор пераклалі Міхаіл Ісакоўскі і Міхаіл Святлоў, а на ўкраінскую — і .
Верш быў пакладзены на музыку Самуілам Палонскім.
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Вершы Янкі Купалы Катэгорыя:Творы 1935 года