Валянціна Георгіеўна Рагоўская (нар. , вёска Новакузнечная, Лоеўскі раён, Гомельская вобласць) — беларускі тэатральны дзеяч. Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь (1997).

Біяграфія Бацька — дырэктар школы, маці — калгасніца. У 1961 годзе скончыла Маскоўскі бібліятэчны інстытут (цяпер Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў) і на працягу 25 гадоў працавала загадчыкам аддзелаў культуры Лоеўскага, Рэчыцкага і Буда-Кашалёўскага райвыканкамаў, Гомельскага гарвыканкама.

З юнацкіх гадоў любіла тэатр. У 1987 годзе ўзначаліла Гомельскі абласны драматычны тэатр. Пад кіраўніцтвам В. Г. Рагоўскай і пры падтрымцы Саюза тэатральных дзеячаў Беларусі (цяпер Беларускі саюз тэатральных дзеячаў) была створана маладзёжная студыя тэатра. Прызнаннем высокага прафесіяналізму калектыву стала прысуджэнне яму ў 1999 г. ганаровага звання «Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь».

В. Г. Рагоўская — адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Міжнароднага фестывалю «Славянскія тэатральныя сустрэчы» (праводзіцца з 1989 г.).

У 1999 годзе атрымала спецыяльную прэмію Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Выдатнік культуры СССР (1965, 1967), кавалер ордэна Ламаносава Нацыянальнага камітэта грамадскіх узнагарод Расійскай Федэрацыі (2005). За асаблівы ўклад у справу ўмацавання духоўна-маральных традыцый у грамадстве Руская праваслаўная царква ўзнагародзіла яе ордэнам Святой раўнаапостальнай княгіні Вольгі (2000), ордэнам прападобнай Ефрасінні, вялікай княгіні Маскоўскай (2009). У снежні 2009 годзе за шматгадовую працу і актыўны ўдзел у развіцці культурнай спадчыны Беларусі ўзнагароджана Ганаровым знакам Цэнтральнага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў культуры.

Літаратура Культура Беларусі : энцыклапедыя : [у 6 т.]. — Мінск, 2015. — Т. 6. — С.252-253 Тэатральная Беларусь : энцыклапедыя : [у 2 т.]. — Мінск, 2003. — Т. 2. — С.286

Катэгорыя:Тэатральныя дзеячы Беларусі