Людві́ка Ка́рдзіс (; нар. 1964, Астравец) — беларуская грамадская і культурная дзяячка ў Літве, дырэктарка Віленскага беларускага музея імя Івана Луцкевіча, адна з ініцыятарак стварэння Цэнтра беларускай культуры і супольнасці (Беларускага дома) у Вільні.

Біяграфія Паходжанне і адукацыя Нарадзілася ў 1964 годзе ў Астраўцы ў шматнацыянальным асяроддзі. У сям’і размаўлялі па-беларуску, аднак маці вучыла дзяцей польскай мове для наведвання касцёла, бо набажэнствы ў той час вяліся пераважна па-польску. Бабуля па бацькоўскай лініі паходзіла з літоўскай сям'і з Гервят і размаўляла з братамі і сёстрамі па-літоўску. Нягледзячы на беларускамоўнае атачэнне ў родным горадзе, сярэднюю адукацыю Людвіка атрымала ў рускамоўнай школе. Любоў да беларускай літаратуры, у прыватнасці, да твораў Уладзіміра Караткевіча, і культуры ёй прывіла старэйшая сястра. Сям'я мела антысавецкія погляды, якія выявіліся пасля таго, як старэйшую сястру прымусілі цалаваць чырвоны сцяг пры ўступленні ў камсамол, за што яна была пакараная дома.

Для атрымання вышэйшай адукацыі пераехала ў Вільню, дзе скончыла факультэт эканамічнай кібернетыкі і фінансаў Віленскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Падчас навучання на падрыхтоўчых курсах зацікавілася беларускай гісторыяй, даведаўшыся, што Статут Вялікага Княства Літоўскага быў напісаны на старабеларускай мове. Наведвала спектаклі Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы падчас іх віленскіх гастроляў.

Грамадская дзейнасць у канцы 1980-х — 1990-х гадах У канцы 1980-х гадоў Л. Кардзіс далучылася да беларускага грамадскага руху ў Літве. Яна ўвайшла ў кола мясцовых беларусаў, якія гуртаваліся вакол клуба «Сябрына», заснаванага ў 1988 годзе пры Літоўскім рэспубліканскім палацы культуры прафсаюзаў. У гэты перыяд актыўна ўдзельнічала ў мітынгах літоўскага руху «Саюдзіс» з бел-чырвона-белым сцягам, займалася зборам подпісаў за адкрыццё беларускіх радыё- і тэлепраграм, беларускамоўных старонак у літоўскім друку і стварэнне беларускай школы. З 1989 года разам з Алесем Бяляцкім і літоўскім святаром Вацлавасам Алюлісам брала актыўны ўдзел у адраджэнні беларускага каталіцкага жыцця ў Вільні і аднаўленні дзейнасці касцёла Святога Варфаламея.

У студзені 1991 года, падчас захопу савецкай арміяй будынкаў літоўскага радыё і тэлебачання, Л. Кардзіс штодня а 22:10 выходзіла ў прамы эфір гарадскога радыё з навінамі на беларускай мове з будынка на Навагрудскай вуліцы. Інфармацыя з яе эфіраў цытавалася ў брытанскай прэсе.

Пасля знаёмства ў пачатку 1990-х гадоў узяла шлюб з беларускім гісторыкам і грамадскім дзеячам Сяржуком Вітушкам. Сям'я засталася жыць у Вільні ў доме былога ордэна марыян на вуліцы Зыгмантоўскай, перажыўшы цяжкія часы эканамічнай і энергетычнай блакады Літвы з боку Расіі (1992—1993).

Аднаўленне Віленскага беларускага музея Знаёмячыся з пажылымі беларусамі, якія жылі ў Вільні яшчэ ў міжваенны час, Л. Кардзіс пачала збіраць гістарычныя рэчы, успаміны і дакументы. Сярод знаходак былі арыгінальныя выданні кніг Казіміра Сваяка і пераклады мастацкіх твораў, схаваныя ад савецкіх уладаў. Гэтая дзейнасць прывяла да ідэі аднавіць Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча, ліквідаваны ў 1944 годзе.

На працягу двух дзесяцігоддзяў музей працаваў пераважна як грамадская ініцыятыва без уласнага памяшкання. Л. Кардзіс і яе паплечнікі за ўласныя сродкі набывалі экспанаты, ладзілі часовыя выставы, да 2020 года супрацоўнічалі з даследчыкамі і дзяржаўнымі ўстановамі ў Беларусі. Музей таксама арганізоўваў прэмію імя Сяржука Вітушкі для дзяцей з парушэннямі зроку ў Беларусі. Афіцыйна грамадская ўстанова была зарэгістравана ў 2001 годзе.

Сітуацыя змянілася пасля палітычнага крызісу ў Беларусі ў 2020 годзе. Дзякуючы актыўнасці беларускай дыяспары, Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча перамог у адмысловым конкурсе Віленскага гарадскога самакіравання. 25 сакавіка 2021 года была падпісана дамова на пяцігадовую арэнду памяшкання на Віленскай вуліцы ў гістарычным цэнтры Вільні. З ліпеня пачаўся рамонт, а з восені таго ж года памяшканне пачало паўнавартасна дзейнічаць.

У новым будынку, які атрымаў назву Цэнтр беларускай культуры і супольнасці (Беларускі дом), размясцілася сталая экспазіцыя музея і бібліятэка, пачалася сістэматычная каталагізацыя і аблічбоўка фондаў. Л. Кардзіс выступіла адной з каардынатарак працы Цэнтра. На яго базе былі арганізаваны юрыдычная і псіхалагічная дапамога для беларускіх уцекачоў, моўныя і мастацкія курсы, фальклорны гурток «Беларускі цуд», а таксама нядзельная беларуская школа для дзяцей і падлеткаў. У Беларускім доме рэгулярна праводзяцца прэзентацыі кніг, выставы і традыцыйныя беларускія святы («Багач», «Ноч расстраляных паэтаў» ды іншыя).

У жніўні 2026 года Людвіка Кардзіс выступіла ў якасці спікеркі на ўрачыстай вечарыне ў Беларускім доме ў Вільні, прысвечанай 35-годдзю аднаўлення незалежнасці Беларусі.

Сям'я Была ў шлюбе з гісторыкам, краязнаўцам і кіраўніком гісторыка-культурнага аб'яднання «Талака» Сяржуком Вітушкам (1965—2012). Мае дачку Паўліну (нар. 1993), мастацтвазнаўцу.

Крыніцы

Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1964 годзе Катэгорыя:Выпускнікі Віленскага ўніверсітэта Катэгорыя:Грамадскія дзеячы Беларусі Катэгорыя:Грамадскія дзеячы Літвы Катэгорыя:Беларусы ў Літве Катэгорыя:Музейшчыкі Вільні Катэгорыя:Імігравалі ў Літву з Беларусі