Машынна-трактарныя станцыі (МТС) — дзяржаўныя установы ў СССР у 1928—1958 гадах, якія прадстаўлялі ў арэнду калгасам сельскагаспадарчую тэхніку (трактары, камбайны, складаныя малатарні, аўтамабілі, машыны з прычапным інвентаром і інш.).
Першая МТС у СССР (Шаўчэнкаўская) арганізавана ў Адэскай вобласці Украінскай ССР у канцы 1928 года.
Калгасы плацілі МТС натурай за свае паслугі і, такім чынам, таксама функцыянавалі як асноўныя агенцтвы па закупцы збожжа для дзяржавы. Акрамя таго, яны былі галоўным інструментам, выкарыстоўваным КПСС для кантролю над сельскай мясцовасцю. Палітычныя аддзелы МТС атрымалі абсалютную ўладу над калгасамі і аказвалі вялікі палітычны ўплыў на савецкую вёску. Пры тым іх палітработа часта выклікала блытаніну, ідучы ў разрэз з указаннямі раённых партыйных арганізацый, і канфлікты з кіраўніцтвам саміх калгасаў.
З часам МТС перасталі адпавядаць патрэбам развіцця прадукцыйных сіл сельскай гаспадаркі, стрымлівалі магчымасці ў эфектыўным выкарыстанні кваліфікаваных кадраў, зямельных угоддзяў, тэхнікі. Машынны парк выкарыстоўваўся малапрадукцыйна, планы трактарных работ і дагаворныя абавязацельствы з калгасамі не заўсёды выконваліся. МТС матэрыяльна не былі зацікаўлены ў павелічэнні ўраджаяў, росце вытворчасці прадукцыі, бо асноўным паказчыкам ацэнкі іх працы з’яўляўся аб’ём выкананых работ.
У 1958 годзе, у рамках маштабнай сельскагаспадарчай рэформы, МТС былі скасаваныя, а іх абсталяванне прададзена калгасам. Некаторыя станцыі былі ператвораныя ў рамонтна-тэхнічныя станцыі (РТС), якія рамантавалі абсталяванне, пастаўлялі запасныя часткі і працягвалі здаваць у арэнду машыны для спецыяльных мэтаў, напрыклад, для дарожнага будаўніцтва.
Літаратура А.М.Сарокін. МАШЫ́ННА-ТРА́КТАРНЫЯ СТА́НЦЫІ // Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова). — т. 10, с. 239 Machine-tractor station // Britannica.
Катэгорыя:Прадпрыемствы СССРКатэгорыя:КалектывізацыяКатэгорыя:З’явіліся ў 1928 годзеКатэгорыя:Зніклі ў 1958 годзе