Касцёл Святога Юзафа (Язэпа) Абручніка і кляштар дамініканцаў — каталіцкі храм Оршы. Помнік архітэктуры барока і класіцызму. Знаходзіцца ў цэнтры горада, на вул. Савецкай.
Гісторыя
Фундаваны ў 1649 г. князем Геранімам Друцкім-Сакалінскім, які асадзіў у горадзе манахаў-дамініканцаў і пабудаваў для іх драўляны касцёл; ахвяраваў кляштару фальварак Воскава. Існуючы мураваны касцёл пабудаваны ў 1780–1808(19) гг. Кляштар дзейнічаў да 1845 г., пры ім меўся шпіталь на 10 ложкаў.
У 1937 г. касцёл зачынены, прыстасаваны пад гарадскі Дом культуры будаўнікоў. У 1950-я гг. будынак касцёла рэканструяваны пад Дом культуры. Кляштарны корпус не захаваўся. У 1989 г. касцёл перададзены вернікам, адрэстаўрыраваны.
Архітэктура Трохнефавая 2-вежавая (вежы разабраны ў 1870) базіліка. Фасад быў падзелены на 3 часткі, размежаваныя глыбокімі прамавугольнымі нішамі з лучковымі аконнымі праёмамі. Фасад завершаны прамавугольным 2-ярусным атыкам, раней меў трохвугольны франтон, які пераходзіў да плоскасці фасада бакавымі акруглымі прасценкамі. У цэнтры атыка авальная люкарна. Першапачаткова пластыку фасада ўзбагачалі вуглавыя калоны, пілястры, тонка прафіляваныя карнізныя паясы, дэкаратыўныя вазы. У інтэр'еры храма меліся партрэты фундатара кляштара Друцкага-Сакалінскага і яго жонкі.
Літаратура Касцёл святога Юзафа Абручніка і кляштар дамініканцаў // Кулагін, А.М. Каталіцкія храмы Беларусі / А.М. Кулагін ; фатограф А.Л. Дыбоўскі. – Мн., 2008. – С. 275. Касцёл дамініканцаў // Памяць. Орша і Аршанскі раён: гісторыка-дакументальная хроніка гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г.П. Пашкоў [і інш.]. – Мн., 2000. – Кн. 2. – С. 461. Аршанскі кляштар дамініканцаў.
Спасылкі
Катэгорыя:Касцёлы Віцебскай дыяцэзіі Катэгорыя:Касцёлы Оршы Катэгорыя:Храмы Святога Іосіфа Катэгорыя:Дамініканскія кляштары Беларусі Катэгорыя:1808 год у Беларусі