Мё́ры (; ) — горад у Віцебскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Мёрскага раёна, на беразе Мёрскага возера. За 190 км ад Віцебска. Чыгуначная станцыя на лініі Друя — Варапаева. Аўтадарогамі злучаныя з Дзісной, Верхнядзвінскам, Браславам, Шаркаўшчынай.
Назва Назва Мёры ад назвы аднайменнага возера (Мёры або Мёрскае), з якога выцякае рэчка Мёрыца, а яе назва, паводле К. Бугі, ад балцкага Mera. Паводле А. Ванагаса, гідронімы Mera, Mara ў Літве звязаныя з літоўскім mares, marios "затока, мора" (далей параўн. лац. mare, ст.-ірл. muir, гоц. marei, анг.-сакс. merisc «балота», ст.-верх.-ням. muor «балота», індаеўрапейскае *mor- "стаячая вада")A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1981. — С. 204..
На думку І. Капылова, не існуе адзінай версіі этымалогіі назвы Мёры: адны вучоныя звязваюць гэтую назву з фіна-ўгорскім гідранімічным фармантам jarvi, што азначае возера; другія мяркуюць, што назва горада паходзіць ад прозвішча Маер, Меер; трэція звязваюць тапонім з уладальнікамі паселішча князямі Мірскімі; чацвёртыя — са старажытным словам мір у значэнні абшчына. Таксама даследчыкі сыходзяцца на думцы, што паходжанне назвы звязана з племем мераІ. Л. Капылоў. Мёры ці Міёры? // Звязда. 28 чэрвеня 2012 г. № 27238..
На думку А. Рогалева, назва горада і возера Мёры ўтрымоўвае старажытны інтэрнацыянальны корань мер-, мёр-, мір-, мар-, мор- з абагульненым значэннем «водны аб'ект», «вада», які распаўсюджаны ў складзе геаграфічных назваў і тэрмінаў у самых розных мовах на еўразійскіх прасторахА. Ф. Рогалев. Географические названия в калейдоскопе времен. Гомель, 2011. С. 140-141..
На думку А. Адамковіча, айконім Мёры мае гідранімічнае паходжанне і ўзнік ад назвы возера. Лімнонім складаецца з фінскіх асноў maij «бабёр» і jaura «возера» і тлумачыцца як «возера, у якім жывуць бабры»А. Адамковіч. Аб паходжанні айконімаў Мёры, Паставы, Шаркаўшчына // Kalba ir kontekstai. VI. Vilnius, 2015. С. 12, 15..
Гісторыя
Перыяд Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай У пісьмовых крыніцах упамінаюцца пад 1514 годам як маёнтак Мярэя Браслаўскага павета Вялікага Княства Літоўскага. Як маёнтак Мёры называюцца ў попісе літоўскага войска 1567 года. У 1644 годзе тут стаяў праваслаўны манастыр, які ў 1690 годзе М. Мірскі падараваў уніятам. У 1691 годзе пабудаваны касцёл. У XVIII стагоддзі існавала 5 маёнткаў пад назвай Мёры. Гэтыя маёнткі належалі Мірскім, Перасвет-Солтанам, Беліковічам, Клотам, Зяновічам, Пуцятам.
У складзе Расійскай імперыі У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 годзе Мёры адышлі да Расійскай імперыі як мястэчка, цэнтр воласці Дзісенскага павета Мінскай, а з 1842 года Віленскай губерняў. У 1866 годзе тут адкрыта народная школа. У 1886 годзе насельніцтва мястэчка складала 110 жыхароў. Тут стаялі 3 карчмы, штогод праводзіліся 2 кірмашы. У канцы XIX стагоддзя дзейнічалі 2 школы. У 1903 годзе ў Мёрах 145 жыхароў, вучылішча, царкоўнапрыходская школа.
У 1918 годзе Мёры акупіравалі германскія войскі, у 1919—1920 гадах яны былі заняты польскімі войскамі.
У складзе Польскай Рэспублікі Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 года Мёры адышлі да Польскай Рэспублікі, дзе сталі цэнтрам гміны Дзісенскага павета Віленскага ваяводства. У 1927 годзе тут 422 жыхары. Стаялі крама, аптэка, працавалі 2 млыны, да 1931 года дзейнічала запалкавая фабрыка.
Перыяд Беларускай ССР Увосень 1939 года Мёры далучаны да БССР. 3 15 студзеня 1940 года яны цэнтр Мёрскага раёна Вілейскай вобласці.
Другая сусветная вайна У Вялікую Айчынную вайну 3 ліпеня 1941 года Мёры акупіравалі нацысцкія захопнікі. За перыяд акупацыі гітлераўцы загубілі ў Мёрах 662 чалавек. 2 чэрвеня 1942 года было ліквідавана 779 чалавек яўрэйскай нацыянальнасці з гета. Прыкладна 70—80 чалавек атрымалася збегчыНацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. — Ф. 1с/р-370. — Воп. 1. — Спр. 483. — Л. 15.. 4 ліпеня 1944 года войскі 1-га Прыбалтыйскага фронту і партызаны вызвалілі Мёры ад захопнікаў.
Пасляваенны перыяд У 1944 годзе Мёры ўключаны ў Полацкую, а ў 1954 годзе — у Маладзечанскую вобласці. 3 1960 года ў складзе Віцебскай вобласці. 7 жніўня 1957 года Мёрам нададзены статус гарадскога пасёлкаУказ Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 7 жніўня 1957 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1957, № 8..
Забудаваны Мёры пераважна 1-павярховымі дамамі, будуюцца і 2—5-павярховыя. Першы генеральны план гарадскога пасёлка складзены ў 1971 годзе. 7 студзеня 1972 года Мёрам нададзены статус горадаУказ Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР Аб пераўтварэнні гарадскога пасёлка Міёры Міёрскага раёна Віцебскай вобласці ў горад раённага падпарадкавання ад 7 студзеня 1972 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1972, № 2 (1340).. У 1980 годзе распрацаваны наступны генеральны план забудовы горада. У горадзе ўтворана набярэжная. Прамысловая зона размешчана ў паўночна-заходняй і ўсходняй частках.
Насельніцтва
XX стагоддзе: 1903 год — 145 чал.; 1927 год — 422 чал.; 1959 год — 1,9 тыс. чал.; 1970 год — 5,7 тыс. чал.; 1995 год — 9,5 тыс. чал. XXI стагоддзе: 2006 год — 8,9 тыс. чал.; 2009 год — 8,7 тыс. чал.; 2016 год — 8 052 чал.; 2017 год — 8 001 чал.; 2025 год — 7 756 чал.
Эканоміка Прадпрыемствы харчовай, камбікормавай, першаснай апрацоўкі льна прамысловасці. Гасцініца.
Адукацыя і культура 2 сярэднія, 1 базавая, дзіцяча-юнацкая спартыўная школы, школа мастацтваў, Дом дзіцячай творчасці, Дом культуры, 2 бібліятэкі, Мёрскі гісторыка-этнаграфічны музей.
Спорт Дзейнічае фізкультурна-аздараўленчы комплекс «Мёры», Мёрская ДЮСШ, ФК Мёры.
Славутасці
Мёрскі касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі Царква ў гонар Палажэння Рызы Прасвятой Багародзіцы ва Улахерне
Памятныя мясціны Брацкая магіла на плошчы Паўшых Барацьбітоў —
Вядомыя асобы Марына Міхайлаўна Весялуха (нар. 1987) — беларускі крытык, паэтэса, перакладчыца Анатоль Канстанцінавіч Сініцын (1948—2018) — беларускі матэматык, цеплафізік і радыёфізік. Генадзь Генадзевіч Сушко (нар. 1970) — вучоны-заолаг. Кандыдат біялагічных навук (2002), дацэнт (2003).
Гл. таксама Спіс вуліц Мёраў
Зноскі
Літаратура
Ліст карты N-35-20. выданне 1984 года. Стан мясцовасці на 1982 год.
Спасылкі
Міёрскі раённы выканаўчы камітэт Выдатныя мясціны на партале globustut.by Навіны Міёраў на сайце Westki.info Надвор’е ў горадзе Мёры
Катэгорыя:Мястэчкі Віленскага ваяводства