Мінск (ранейшыя назвы Меньск, Менеск, Менск) — сталіца Рэспублікі Беларусь, горад рэспубліканскага падпарадкавання, цэнтр Мінскай вобласці і раёна. Найбуйнейшы горад, палітычны, эканамічны і культурны цэнтр краіны, галоўны транспартны вузел. Размешчаны на р. Свіслач (прыток Бярэзіны), на паўднёва-ўсходнім схіле Мінскага ўзвышша.

Першая згадка пра горад у «Аповесці мінулых часоў» датуецца 1067 годам.

Узнікненне Менска

Дакладная дата заснавання Менска невядомая. Паводле археалагічных звестак, самыя раннія паселішчы на тэрыторыі сучаснага горада вядомыя з IX стагоддзя, калі даліну Свіслачы засялялі ўсходнеславянскія плямёны крывічоў і дрыгавічоў. Каля 980 года тэрыторыя ўваходзіць у склад Полацкага княства.

Упершыню згадваецца (Меньскъ, Менскъ, Менескъ) у «Аповесці мінулых часоў» пад 1067 годам, калі быў спалены аб’яднанымі войскамі Яраславічаў (вялікага князя кіеўскага — Ізяслава, князя пераяслаўскага — Святаслава, князя чарнігаўскага — Усевалада) у часе вайны з Усяславам Полацкім.

Месца і час узнікнення Менска ў наш час выклікае дыскусіі: адны даследчыкі (А. Ясінскі, Г. Штыхаў і інш.) лічаць, што горад узнік яшчэ ў даславянскія часы на рацэ Менцы, прытоку Пцічы, за 16 км на захад ад сучаснага цэнтру горада, дзе захаваўся комплекс археалагічных помнікаў, і быў перанесены на цяперашняе месца пасля 1085 года, калі ў другі раз быў спалены ўжо Уладзімірам Манамахам. Іншыя даследчыкі лічаць, што дзяцінец (пазней Менскі замак) пабудаваны на правым беразе ракі Свіслач пры ўпадзенні ў яе ракі Няміга ў 2-й палове XI ст., гэта значыць напярэдадні падзей 1067 года, для абароны паўднёвых межаў Полацкага княства.

Менскае княства

У канцы XI — пачатку XII стагоддзяў Менск становіцца сталіцай удзельнага Менскага княства. У сярэдзіне XII ст. ён быў вядомы як адзін з буйных гарадоў Полацкай зямлі, значны рамесна-гандлёвы цэнтр. Геаграфічнае месцазнаходжанне вызначала яго ролю як аднаго з перавалачных пунктаў на гандлёвым водным шляху ад Кіева да берагоў Балтыйскага мора. Сухапутныя дарогі звязвалі Менск з іншымі гарадамі. Менскія князі вялі барацьбу за дамінуючае становішча горада ў Полацкай зямлі і за полацкі прастол.

Першым менскім князем быў Глеб Усяславіч, потым княствам валодалі яго нашчадкі Глебавічы. У 1116 годзе Менск вытрымаў амаль 2-месячную аблогу войскаў кіеўскага князя Уладзіміра Манамаха, але ў 1119 годзе горад быў захоплены і далучаны да яго ўладанняў, князь Глеб Усяславіч быў зняволены і памёр у кіеўскай турме.

З сярэдзіны XII ст. Менск зноў становіцца цэнтрам незалежнага княства і адным з буйных гарадоў Заходняй РусіЗагарульскі Э. М. Заходняя Русь IX—XIII стст. — Мн.: Універсітэцкае, 1998. — 240 с. — ISBN 985-09-0152-7.. У 1140-я гг. у горадзе аднавілася княжанне Глебавічаў: з 1146 г. княжыў Расціслаў Глебавіч, потым яго брат Валадар Глебавіч. У 1159, 1160 і 1161 гадах горад беспаспяхова спрабаваў захапіць князь полацкі і друцкі Рагвалод Барысавіч. Палітычнае ўзвышэнне і зручнае геаграфічнае становішча спрыялі эканамічнаму росту Менска.

Археалагічныя даследаванні паказалі, што ўмацаванні менскага дзядзінца мелі два этапы будаўніцтва. Першапачаткова шырыня яго падножжа, насыпанага з буйназярністага пяску, складала каля 14 м. Унутраны схіл вала быў пакрыты дзірваном. На другім этапе, відаць, пасля таго як Менск стаў сталіцай княства, вал дзядзінца ўдвая пашырылі і значна павялічылі ў вышыню. Для ўмацавання вала выкарыстоўвалі камень, нарыхтаваны для будаўніцтва царквы. Сама канструкцыя вала была шырока вядомай у заходніх славян і прымянялася ў іх, калі ўмацаванні будаваліся побач з забалочанай або затопленай мясцовасцю, каб надаць валу дадатковую трываласць на выпадак паводак. На думку Э. М. Загарульскага, профіль вала з вонкавага боку меў стромкі пад’ём пад вуглом 45-50°, таксама, па яго версіі, у Менску былі двухвежавыя вароты, вежы злучаліся паміж сабой зрубавай устаўкай над варотамі, мелі чатыры ярусы, тры з іх — баявыя. Па іншай версіі (Ю. А. Заяц, Г. В. Штыхаў), вароты былі аднавежавыя.

У ХІІ-ХІІІ ст. на поўдзень, паўднёвы захад і паўднёвы ўсход ад дзядзінца вырас рамесны пасад з гандлёвай плошчай. Тады ж узніклі паселішчы і на паўночны захад ад Замчышча — Пятніцкі канец. Таксама былі паселішчы і на левым беразе Свіслачы, каля Траецкай гары, адны даследчыкі лічаць, што яны таксама ўзніклі ў У ХІІ-ХІІІ ст., іншыя — што гэтае паселішча ёсць колішнім горадам Нямігай. Агульная плошча, якую займаў у старажытнасці Мінск, складала каля 20 га. Амаль увесь горад знаходзіўся на правым беразе Свіслачы. Найбольшая магутнасць культурнага пласта адносіцца да ХІІІ ст. Напластаванні ХІІ ст. у Мінску нязначныя (каля 0,5 м), а пласта ХІ ст. на Замчышчы практычна няма.

За часам Вялікага Княства Літоўскага

У XIII ст. узмацніліся сувязі Менскага княства з Наваградкам, пазней — з Вільняй і Трокамі. Напэўна ўжо ў XIII ст. Менскае княства прызнавала сюзерэнітэт Вялікага Княства Літоўскага, але пад 1326 годам яшчэ згадваецца менскі князь Васіль, як адзін з паслоў вялікага князя літоўскага Гедзіміна ў Ноўгарад. У грамаце 1387 года Менск выступае другім пасля Полацка горадам у цэнтральнай і ўсходняй частках сучаснай Беларусі. У 1390 годзе вялікі князь Ягайла заснаваў на Траецкай Гары першы касцёл.

У велікакняскай грамаце 1444 года Менск названы сярод найболей развітых гарадоў Вялікага Княства Літоўскага. У 1499 годзе Менск атрымаў магдэбургскае права. Аднак падчас пажару ў Менскім замку прывілей і іншыя «лісты» на вольнасці згарэлі, у 1522 годзе мяшчане звярнуліся да вялікага князя за пацвярджэннем і атрымалі адноўлены прывілей на магдэбургскае праваРоссийский государственный архив древних актов. Ф. 389. Д. 28. Л. 115 обр.—177 отб.

З 1565—1566 гадоў Менск — цэнтр Менскага ваяводства, самага вялікага ваяводства Княства. Паводле дакументаў канца XVI ст. у Менску 10 прыходскіх цэркваў і 4—5 манастырскіх.

З канца XVI ст. тут праходзілі паседжанні вышэйшага судовага органа ВКЛ — Трыбунала ВКЛ.

У 1591 годзе горад атрымаў яшчэ адзін пацвярджальны прывілей ад Жыгімонта IV Вазы на магдэбургскае права з наданнем герба на гарадскую пячаткуАкты, относящиеся к истории Южной и Западной России, собранные и изданные Археографической комиссией. Т. 1: 1361—1598 / [под редакцией Н. И. Костомарова]. — СПб.: Типография Э. Праца, 1863. — , 301, 15 с. — С. 135—137. Пазней абодва пацвярджальныя прывілеі былі апублікаваны Д. І. Даўгялам у Беларускі архіў = Archivum alboruthenicum Weissrussisches archiv: [у 3 т.] Т. 3: (XV―XVIII) / Беларуская акадэмія навук; [дакументы сабраны і згуртаваны Археаграфічнай камісіяй Беларускай акадэміі навук; змест актаў, датоўку іх, заўвагі і паказальнікі ўкладаў Зм. Даўгяла]. — Менск: выданне Беларускай акадэміі навук, 1930 (вокладка 1931). — XXV, 413 с. — С. 16—18; 42—47., які ўключае прывілей 1552 года.

Архітэктуру ў XVI—XVII стст. вызначалі вуліцы, прылеглыя да Менскага замка, Верхняга горада (рынку), Ніжняга рынку і Траецкай гары, забудаваныя дамамі шляхты, купцоў, багатых рамеснікаў. На плошчы Верхняга рынку сфарміраваўся ансамбль, мастацкі сілуэт якога стваралі групы культавых будынкаў (касцёл Дабравешчання Найсвяцейшай Дзевы Марыі і кляштар бернардзінак, касцёл Святога Іосіфа і кляштар бернардзінцаў, царква Святога Духа і кляштар базыльянаў, ратуша і інш.).

Падчас вайны Расіі з Рэччу Паспалітай (1654—1667) горад разбураны. Падчас Паўночнай вайны (1700—1721) у 1708 годзе Мінск спалены адступаючымі расійскімі войскамі і заняты войскамі Карла XII, а ў 1710—1711 гадах перажыў эпідэмію чумы.

У складзе Расійскай імперыі

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Мінск апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, дзе стаў адміністрацыйным цэнтрам Мінскай губерні. 14 мая 1795 года расійскія ўлады скасавалі Магдэбургскае права, а 29 снежня 1796 года далі гораду новы герб з двухгаловым арлом.

У 1793 годзе ўтвораная Мінская епархія Маскоўскага патрыярхату, 28 студзеня 1798 года — Мінская дыяцэзія Рымска-Каталіцкай царквы, адкрылася каталіцкая духоўная семінарыя (дзейнічала да 1869 года). У 1799 годзе ў горадзе з’явілася першая муніцыпальная лякарня. На 1800 год у Мінску было 1009 дамоў, з іх 39 мураваных. У 1803 годзе ўтварыўся аркестр, які выступаў з публічнымі канцэртамі ў гарадскім парку, а ў святочныя дні — у галерэі ратушы.

У вайну 1812 года 8 ліпеня ў Мінск увайшлі французскія войскі. 27 ліпеня горад стаў цэнтрам дэпартамента адноўленага Напалеонам Вялікага Княства Літоўскага. Адміністрацыйная рада Мінскага дэпартамента наладзіла выпуск першай мінскай газеты «Тымчасовая газета Мінская» (). 16 лістапада горад зноў занялі расійскія войскі. У часе вайны горад быў моцна разбураны і разрабаваны французамі і рускімі.

30 мая 1835 года адбыўся моцны пажар, які знішчыў амаль усю цэнтральную частку Мінска. У 1836 годзе ў горадзе адкрылася першая публічная бібліятэка, у 1837 годзе з’явілася ўласная пажарная каманда. У выніку эпідэміі халеры 1848 года ў Мінску загінула 1,1 тыс. чалавек. У 1859 годзе адбыўся ўвод у эксплуатацыю першай на Беларусі тэлеграфнай лініі Мінск—Бабруйск.

У 1839 годзе, нягледзячы на гвалт з боку ўлад Расійскай імперыі, прадстаўнікі мінскіх уніятаў адмовіліся далучацца да Маскоўскага патрыярхату. 9 лютага 1852 года, нягледзячы на забарону расійскіх уладЯрмалінская В. Дзе нарадзілася «Ідылія» // , на сцэне Мінскага гарадскога тэатра адбылася прэм’ера першай беларускамоўнай оперы «Ідылія» на музыку Станіслава Манюшкі і К. Крыжаноўскага, лібрэта напісаў Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. У 1857 годзе на загад расійскага цара Мікалая I у Мінску знішчылі будынак мінскай ратушы і прылеглы да яе сквер з векавых пірамідальных таполяў. Паводле ўспамінаў відавочцаў, ратушу зруйнавалі з прычыны таго, што «…яна сваім існаваннем нагадвала жыхарам пра звычаі мінулага часу, пра Магдэбургскае права…».

У 1863—1870 гадах у сувязі з паўстаннем царскія ўлады ўвялі ў Мінску ваеннае становішча. Нягледзячы на гэта, гараджане ўзялі ўдзел у выступленні. У 1866 годзе па задушэнні паўстання расійскія ўлады перайменавалі большасць цэнтральных вуліц Мінска (агулам 17 назваў), што з’явілася шараговым захадам царызму ў палітыцы русіфікацыі беларусаў і змаганні з нацыянальна-вызвольным рухам. Іншым кірункам гэтай палітыкі стала руйнаванне расійскімі ўладамі помнікаў сакральнай архітэктуры: у 2-й палове XIX ст. яны знішчылі мураваныя касцёлы баніфатаў, кармелітаў і францішканаў, знявечылі касцёлы бернардзінцаў і дамініканцаў, перабудавалі ў маскоўскім стылі Духаўскую і Петрапаўлаўскую цэрквы.

У 1870-я гады праз Мінск пракладзеныя Маскоўска-Брэсцкая і Лібава-Роменская чыгункі. У 1873 годзе пачаў дзейнічаць Мінскі камерцыйны банк, у горадзе з’явіўся водаправод. У 1890 годзе ў Мінску наладзілі тэлефонную сувязь, а з 1896 года пачала дзейнічаць першая на Беларусі тэлефонная станцыя агульнага карыстання. 10 траўня 1892 года адбылося ўрачыстае адкрыццё конкі — першага гарадскога грамадскага транспарту. У 1895 годзе ў Мінску адкрылася метэастанцыя, а 12 студзеня 1895 года — электрастанцыя. 26 верасня 1891 года ў Гарадскім садзе адбыўся палёт аэранаўта Драўніцкага на паветраным шары і яго спуск на парашуце ўласнага вырабу. На 1897 год у Мінску было 7467 будынкаў, з іх 2110 мураваных, 140 вуліц і завулкаў; дзейнічалі 18 сакральных будынкаў.

У 1870—1880-я гады ў Мінску дзейнічалі народніцкія гурткі. 7 красавіка 1876 года адбылася стачка працоўных чыгуначных майстэрняў, першая ў Мінску. 28 траўня 1889 года ў газеце «Минскій листокъ» упершыню надрукавалі беларускую паэму «Тарас на Парнасе». У 1898 годзе ў горадзе адбыўся першы з’езд РСДРП, у 1900 годзе ўтварылася Сацыял-дэмакратыя Каралеўства Польскага і Літвы (СДКПіЛ). 18 студзеня 1900 года адбылася першая ў Мінску вулічная дэманстрацыя працоўных. У часе рэвалюцыі 1905 года 16 лютага адбылася палітычная дэманстрацыя і стачка навучэнцаў сярэдніх навучальных устаноў; 18 кастрычніка царскія ўлады расстралялі мітынг на Прывакзальнай плошчы (Курлоўскі расстрэл); 8 снежня адбылася ўсеагульная стачка ў Мінску. 1 снежня 1906 года ў Мінску ўтварылася беларускае кніжнае аб’яднанне «Мінчук».