Радашко́вічы (, ), таксама Ра́дашкавічы () — гарадскі пасёлак у Маладзечанскім раёне Мінскай вобласці, на сутоках рэк Вязынка і Гуйка з Рыбчанкай, на Вілейска-Мінскай воднай сістэме. Цэнтр Радашковіцкага сельсавета (не ўваходзіць у яго склад). У 1549—1940 гадах Радашковічы мелі статус горада (места).
Геаграфія Размешчаны на ўскраіне Мінскага ўзвышша, дзе выдзяляецца самастойнае Радашковіцкае ўзвышша, пры зліцці рэк Вязынка і Гуйка (утвараюць р. Рыбчанку), на галоўным канале Вілейска-Мінскай воднай сістэмы.
Месціцца за 32 км ад Маладзечна, 41 км ад Мінска, 10 км ад чыгуначнай станцыі Радашковічы; на аўтамабільнай дарозе Мінск — Маладзечна. Вузел аўтадарог на Аляхновічы, Пралескі, Рагаву.
Назва Распаўсюджаная беларуская назва паселішча — Ра́дашкавічыШур В. Беларускія ўласныя імёны: Беларуская антрапаніміка і тапаніміка. — Мінск: «Мастацкая літаратура», 1998. — С. 172.Шыдлоўскі А. Беларуская тапаніміка // Полымя. — 1968. — № 10. — С. 238. (прыметнік — радашкаўскі). У гістарычных крыніцах таксама ўпамінаюцца як Радушкавічы і Радашкевічы — С. 316..
На думку В. Жучкевіча і У. Юрэвіча, назва гарадскога пасёлка Радашковічы ўтворана ад асновы, якая мае значэнне радзець (клапаціцца, турбавацца), радзіцца (раіцца) або радаваццаВ. А. Жучкевич. Краткий топонимический словарь Белоруссии. — Минск, 1974. — С. 316.У. М. Юрэвіч. Слова жывое, роднае, гаваркое… Дапам. для настаўнікаў. — Мінск, 1998. — С. 181..
Гісторыя
Дагістарычны час
На ўскраіне Радашковічаў ёсць гарадзішча жалезнага веку з мясцовай назвай Шведская Гара, якое датуюць V—VIII стагоддзямі, што сведчыць пра засяленне гэтых зямель са старажытнасці.
Вялікае Княства Літоўскае Першая згадка пра Радашковічы датавана 1447 годам, калі кашталян віленскі Пётр Сенька Гедыгольдавіч заснаваў тут касцёл Найсвяцейшай Тройцы. У розны час мясцовасць належала Вярэйскім, Гаштольдам, каралеве Боне, Глябовічам, Агінскім, Радзівілам. З 1539 года да сярэдзіны XIX стагоддзя ў Радашковічах на дзень Святой Тройцы штогод праводзілі кірмашы.
У 1549 годзе Радашковічы атрымалі статус горада, у іх было 130 двароў, 8 корчмаў, майстэрні. Прыкладна ў гэты час пабудавалі драўляны замак. У Лівонскую вайну ў 1567 годзе вялікі князь Жыгімонт Аўгуст склікаў пад Радашковічамі агляд і перапіс ваеннаабавязаных. На Попіс сабралася 47 тысяч чалавек, у тым ліку 30 тысяч паспалітага рушэння і 2400 жаўнераў, дасланых з Каралеўства Польскага, гармат налічвалася каля 100 адзінак. У 1569 годзе Жыгімонт Аўгуст надаў паселішчу Магдэбургскае права. У Баркулабаўскім летапісе ў 1603 годзе адзначаецца, што ў «Радашковічах …было паветрые вялікае ў пост Філіпаў».
У 1634 годзе быў збудаваны новы драўляны касцёл на месцы папярэдняга.
За часамі Паўночнай вайны (1700—1721) у 1708 годзе ў Радашковічах адбыліся перамовы паміж каралём Швецыі Карлам XII і Станіславам Ляшчынскім. У 1764 годзе горад складаўся з Новых і Старых Радашкавічаў, было 134 двары, у тым ліку 45 жыдоўскіх, 2 млыны, казённая ўласнасць. 23 лютага 1792 года кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі надаў Радашковічам гарадскі герб: «у срэбным полі паясная выява Святога Стэфана, пабітага камянямі». У адпаведным прывілеі падкрэслівалася, што: «усе юрыдыкі зямянскія, ваяводскія, старосцінскія, замкавыя, духоўныя і свецкія пад уладу і юрысдыкцыю магістрату Радашковіцкага паддаць». Далей у гэтым дакуменце зазначалася, каб «усіх абывацеляў у тым месце, як зараз аселых, так і напотым асядаюць, маючых да права мескага ўключыць і за людзей вольных лічыць».
Пад уладай Расійскай імперыі
У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай 1793 года Радашковічы апынуліся ў складзе Расійскай імперыі, дзе сталі заштатным горадам Вілейскага павета. У час вайны 1812 года пры наступленні французскіх войскаў на Мінск тут на тры дні спыняўся Напалеон Банапарт. Падчас вызваленчага паўстання 1830—1831 гадоў паселішча на пэўны час вызвалілі з-пад расійскай улады. У 1842 годзе Радашковічы сталі цэнтрам воласці Віленскай губерні.
У 1835 годзе была пабудавана праваслаўная мураваная капліца, у 1848 годзе святаром Станкевічам пабудавана праваслаўная Ільінская царква. У 1851 годзе пабудавана праваслаўная Пакроўская царква. 4 верасня 1860 года арцыбіскуп Магілёўскі Вацлаў Жылінскі асвяціў мураваны касцёл у стылі позняга класіцызму, збудаваны замест драўлянага, які згарэў ад удару маланкі ў 1853 годзе.
Станам на 1859 год у Радашковічах было 222 будынкі (на 1866 год — 225 будынкаў). У 1863 годзе было адкрыта народнае вучылішча, у 1884 годзе вучылася 38 хлопчыкаў. Станам на 1866 год у Радашковічах было 2 пастаялыя двары, піваварны завод, 2 гасцініцы, сінагога, 3 яўрэйскія малітоўныя дамы, касцёл, царква.
У 1882 годзе ў Траецкім касцёле ахрысцілі Яна Луцэвіча (Янку Купалу).
Станам на 1897 год тут было гарадское і рэальнае вучылішчы, царква, касцёл, капліца, малітоўны дом, сінагога, бровар, 13 піцейных і 6 пастаялых двароў, гарбарны завод, раз у тыдзень праводзіліся таржкі, 1 штогадовы кірмаш. Побач з горадам была аднайменная ферма, 1 двор. У 1908 годзе ў горадзе было 30 мураваных і 463 драўляныя пабудовы, мураваны касцёл і сінагога, драўляная царква, 2 казённыя і 83 прыватныя лаўкі, вадзяны млын, 6 пякарняў, гарбарная, каменячосная, 6 абутковых і 2 ганчарна-кафляныя майстэрні, мылаварны завод, 65 рамеснікаў. На той год у горадзе было 8 вуліц: Мінская, Віленская, Дубраўская, Заслаўская, Татарская і іншыя.
У 1913 годзе тэатральны гурток у Радашковічах паставіў «Паўлінку» паводле п’есы Янкі Купалы.
Найноўшы час
У лістападзе 1917 года бальшавікі захапілі ўладу ў горадзе. 1 (14) снежня 1917 года быў створаны мясцовы Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў. З 20 лютага 1918 года горад акупаваны войскамі Германскай імперыі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай тэрыторыя абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Тут была ўтворана Беларуская рада, жыхары горада атрымалі пасведчанні Народнага Сакратарыята Беларусі — С. 20.. Жыхары воласці пісалі звароты ў Народны Сакратарыят Беларусі са скаргамі на дзеянні нямецкіх акупацыйных улад — С. 26.. 14 снежня 1918 года горад заняты Чырвонай Арміяй, з 1 студзеня 1919 года ў адпаведнасці з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі тэрыторыя ўвайшла ў склад Савецкай Беларусі, з 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР. У час польска-савецкай вайны з ліпеня 1919 да ліпеня 1920 года і з кастрычніка 1920 года пад акупацыяй Польшчы (Віленская акруга ГУУЗ).
Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 года Радашковічы апынуліся ў складзе Польшчы, у беларускай гістарыяграфіі землі вядомы пад назвай Заходняя Беларусь. Радашковічы сталі цэнтрам гміны ў Вілейскім павеце, з 1927 года ў Маладзечанскім павеце Віленскага ваяводства.
У 1921 годзе ў горадзе створана адна з першых у Заходняй Беларусі арганізацыя Таварыства беларускай школы. Цягам 1922—1928 гадоў працавала Радашковіцкая беларуская гімназія імя Францыска Скарыны, закрытая польскімі ўладамі, у 1928—1929 навучальным годзе дзейнічала прыватная беларуская школа, але і яна была закрыта. Існаваў гурток Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры. У горадзе былі паштовае агенцтва, гімназія, электрастанцыя, касцёл і праваслаўная царква.
У выніку паходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь з верасня 1939 года тэрыторыя занята Чырвонай Арміяй, з лістапада ў складзе Беларускай ССР. У 1940 годзе афіцыйны статус паселішча панізілі да гарадскога пасёлка, які стаў цэнтрам раёна Вілейскай вобласці. У Другую сусветную вайну з 25 чэрвеня 1941 года да 3 ліпеня 1944 года Радашковічы былі пад пад акупацыяй Германіі. У час нямецкай акупацыі былі спалены 233 двары, забіты 1393 жыхары.
З 20 верасня 1944 года цэнтр раёна Маладзечанскай вобласці. З 20 студзеня 1960 года ў Маладзечанскім раёне Мінскай вобласці.
Радашковічы былі адзіным буйным населеным пунктам Беларусі (апрача Мінска), дзе мясцовыя ўлады яшчэ ў 1990 годзе ўсталявалі над будынкам адміністрацыі беларускі нацыянальны бела-чырвона-белы сцяг побач з сцягам БССР — С. 26.. У 2004 годзе ў склад Радашковічаў увайшла вёска Сярэбранка. У падпарадкаванні Радашковіцкага пасялковага Савета знаходзілася вёска Удранка, якая 29 снежня 2009 года ўвайшла ў склад Радашковіцкага сельсавета.
Насельніцтва
XIX стагоддзе: 1859 год — 1223 чал.; 1866 год — 1225 чал.; 1897 год — 2615 чал., з 44,4 % пісьменных. XX стагоддзе: 1995 год — 6,2 тыс. чал.; 1999 год — 6099 чал. XXI стагоддзе: 2006 год — 5,7 тыс. чал.; 2008 год — 5,6 тыс. чал.; 2016 год — 5789 чал.; 2017 год — 5807 чал.; 2019 год — 6371 чал.
Эканоміка Прадпрыемствы па вытворчасці керамічных вырабаў, харчовай і лёгкай прамысловасці. Санаторый «Хваёвы Бор», санаторый-прафілакторый «Зорны», дзіцячы аздараўленчы комплекс «Маяк». Цэнтр ганчарнага рамяства.
Культура і адукацыя Дзейнічаюць 2 бібліятэкі, дом культуры, кінатэатр. У Радашковічах працуюць сярэдняя і мастацтваў школы, школа-інтэрнат.
Медыцына Медыцынскія паслугі падаюць пасялковая бальніца і паліклініка.
Славутасці
Гарадзішча жалезнага веку Касцёл Найсвяцейшай Тройцы (1855—1859) Капліца Святога Яна Непамука (XIX ст.) Свята-Ільінская царква (1942) Помнік Янку Купалу (1982) Памятны знак Ядвігіну Ш. Помнік экіпажу М. Ф. Гастэлы (1976) Помнік Мікалаю Гастэлу, на плошчы Помнік Мікалаю Гастэлу (1976), каля школы Магіла Зыгмунта Чаховіча Яўрэйскія могілкі
Страчаная спадчына Дом Браніслава Тарашкевіча (канец ХІХ ст. — 2000-я) Замак (XVI ст.) Сінагога (пачатак ХХ ст.) Царква Покрыва Прасв. Багародзіцы (1851) Драўляны касцёл Найсвяцейшай Тройцы (1734—1736). Згарэў у пажары ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя.
Галерэя
Вядомыя асобы Адам Більдзюкевіч (1895—?) — культурна-асветны дзеяч, эканаміст. Юліян (Юльян) Гарайн (1821—1883) — пісьменнік і падарожнік. Ванда Лявіцкая (1895—1968) — пісьменніца, педагог. Мардэхай Цві Манэ (1859—1886) — яўрэйскі пісьменнік і паэт. Антон Марціноўскі (1781—1855) — выдавец і публіцыст. Нафталі Маскілейсан (1829—1897) — яўрэйскі паэт. Джон Палей (1871—1897) — амерыканскі празаік яўрэйскага паходжання. Язэп Сайкоўскі (1890—1936) — паэт і публіцыст.
Вядомыя жыхары Тамара Аляксандраўна Сакалова (1892—1973) — рускамоўная паэтэса, музыкант, педагог, ахвяра сталінскіх рэпрэсій. Жыла ў Радашковічах з канца 1950-х гадоў. Браніслаў Тарашкевіч (1892—1938) — мовазнавец, палітычны дзеяч. Аляксандр Уласаў (1874—1941) — грамадска-палітычны і культурны дзеяч, выдавец, публіцыст. Ядвігін Ш. (1869—1922) — беларускі пісьменнік і літаратуразнавец. Фёдар Янкоўскі (1918—1989) — беларускі мовазнавец і празаік.
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі