Касцёл Святога Антонія — каталіцкі храм з кляштарам, знаходзіўся ў Віцебску на Ратушнай плошчы праз дарогу ад Ратушы.
Комплекс Віцебскага бернардынскага кляштара складаўся з касцёла і кляштарнага корпуса, якія ўтваралі замкнёны ўнутраны двор. У 1961 годзе савецкія ўлады зруйнавалі касцёл і кляштар (захаваліся падмуркі).
Гісторыя Кляштар быў фундаваны ў 1676 годзе ваяводам віцебскім Янам Антоніем Храпавіцкім, у 1685 г. пастаўлены першыя драўляныя будынкі. Праз кароткі час ён згарэў і быў наноў адбудаваны з дрэва ў 1700 г. Падчас пажару 1733 г. касцёл зноў згарэў. У 1737 г. пачалося будаўніцтва мураванага касцёла і кляштара на сродкі Казіміра і Тэклі (з Ларскіх) Саковічаў. У 1768 г. касцёл быў асвечаны ў імя Св. Антонія беларускім біскупам-суфраганам Феліксам Тавянскім.
У 1832 г. кляштар бернардзінцаў скасаваны. У 1843 г. касцёл стаў парафіяльным і дзейнічаў да 1920-х гадоў. Спустошаны кляштарны корпус у 1855 г. перайшоў да дзяржаўных устаноў.
У 1920-х гадах касцёл закрылі, некалькі гадоў тут працаваў «Музей атэізму», дзе захоўваліся мошчы Еўфрасінні Полацкай. У 1940-я гады спецыяльнай пастановай кляштар быў зруйнаваны.
Будынак касцёл пацярпеў у гады Другой сусветнай вайны, але асноўныя канструкцыі знаходзіліся ў задавальняючым стане. Будынак лічыўся помнікам архітэктуры рэспубліканскага значэння. Тым не менш, 7 красавіка 1958 г. намеснік старшыні Віцебскага гарвыканкама Мікалай Сабельнікаў аддаў загад трэсту добраўпарадкавання “здзейсніць абрушэнне скрыні былога касцёла па вул. Леніна ў г. Віцебску 15 красавіка 1958 г. з 5 гадзін да 6 гадзін раніцы”. Што і было выкананаЯкімовіч Ю.А. Сілуэты старога Віцебска : гісторыка-краязнаўчая экскурсія / Рэд. і падрыхт. да друку: Л.У. Хмяльніцкая. – Мінск, 2019. – 240 с..
У канцы 2017 года Міністэрства культуры Беларусі ўхваліла эскізную прапанову па аднаўленні касцёла. Архітэктары Яўген Калбовіч і Ігар Рацько (навуковы кіраўнік праекта) выканалі прадпраектныя работы і ўстанавілі дакладнае месца размяшчэння старога падмурка касцёла, раскапаўшы яго частку. Касцёл прапануецца аднавіць, ссунуўшы яго на некалькі метраў ад першапачатковага месца, улічваючы сучаснае становішча і загружанасць вул. Леніна, адной з галоўных магістралей горадаВ Витебске готовится предложение о месте восстановления костела св. Антония Падуанского.. Супраць гэтай прапановы выступіла Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. Паводле старшыні таварыства Антона Астаповіча, пераносіць помнік з яго гістарычнага месца недапушчальна, бо гэта будзе «псеўдааднаўленне», якое «парушае і міжнародныя методыкі, і прынцыпы, закладзеныя ў нацыянальных нарматыўна-прававых актах і ў тэхнічных нарматыўных дакументах»У Віцебску перанясуць фантан, каб адбудаваць разбураны бальшавікамі касьцёл сьвятога Антонія.
Архітэктура Трохнефавы будынак меў толькі чатыры ўнутраныя апоры, дзякуючы чаму яго вонкавы контур плана блізкі да квадрата (без рызніц абапал галоўнага алтара). У адрозненне ад большасці касцёлаў Беларусі вонкавы фасад гэтага касцёла мае абрысы, якія развіваюцца ў шырыню. Магчыма, што гэтая шырокасць была выклікана вялікай працягласцю самой Ратушнай плошчы, для якой быў неабходны расцягнуты па гарызанталі фасад.
Фасад меў трохчасткавае чляненне: дзве вежы і шырокая паласа паміж імі, якая адпавядала сярэдняму нефу. Кожная частка стылістычна блізкая да пануючага ў той час віленскага барока, для якога характэрны стройныя, выцягнутыя па вертыкалі ажурныя сілуэты. Бернардзінскі касцёл дзякуючы свайму расцягнутаму агульнаму абрысу гарманаваў з распасцёртай па гарызанталі масай кляштара.
Інтэр'ер Паўкруглую апсіду ў інтэр'еры запаўняў магутны 2-ярусны барочны алтар, падсвечаны 2 высокімі бакавымі арачнымі аконнымі праёмамі. Першы ярус алтара быў вырашаны карынфскай каланадай, што несла крапаваны прафіляваны антаблемент, другі ўяўляў сабой прамавугольны шчыт з ляпным пано «Глорыя» і бакавымі валютамі з фігуркамі анёлаў. Ідэнтычна, але ў меншым маштабе, былі вырашаны кулісныя алтары. Падлога была выкладзена тэракотавай пліткай. Сярод касцельнага начыння вылучаўся абраз-палатно «Св. Іасафат» у фігурнай разной раме ў стылі ракако.
Галерэя
Літаратура Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыклапедычны даведнік — Мн.: БелЭн, 2000. — 216 с. — ISBN 985-11-0187-7 Габрусь Т. В. Мураваныя харалы: Сакральная архітэктура беларускага барока / Т. В. Габрусь. — Мн.: Ураджай, 2001. — С. 240—241. — 287 с.: іл. — ISBN 985-04-0499-X
Спасылкі
Катэгорыя:Храмы Святога Антонія Падуанскага Катэгорыя:Колішнія касцёлы Віцебска Катэгорыя:Знішчаныя збудаванні Беларусі Катэгорыя:Збудаванні Віцебска ў стылі барока Катэгорыя:Бернардзінскія кляштары Беларусі Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Беларусі, знішчаныя савецкай уладай Катэгорыя:1768 год у Беларусі Катэгорыя:XVIII стагоддзе ў Віцебску Катэгорыя:Аб’екты на марках