Аснова — абавязковы і пастаянны элемент марфемнай будовы слова, які з’яўляецца сродкам выражэння лексічнага значэння слова. Аснова ў зменных словах проціпастаўляецца афіксам, як пераменнаму сегменту, які выражае граматычнае значэнне.
Тыпы асноў Аснова словаформы — частка слова без канчатка. Аснова слова — частка слова без канчатка і формаўтваральных суфіксаў. Пастаянная, нязменная частка слова, ад якой утвараюцца новыя словы.
Адрозніваюць два тыпы асновы: невытворную (непадзельную), фармальна роўную кораню: горад, кніг-а; вытворную (падзельную), у якой ёсць корань і афіксы словаўтварэння: стал-іц-а, за-столь-н-ы.
Аснова лічыцца вытворнай, калі існуе невытворная з тым самым коранем (стал-ов-ы — стол) ці вытворная з іншай афіксацыяй (ёл-к-а — ель-нік — ял-ов-ы). Суадносная невытворная аснова называецца звязанай. Страта сувязі з невытворнай або звязанай асновай вядзе да апрошчання (заўтра з за-утра, рубель з руб-ель). У вытворнай аснове выдзяляюць утваральную. Невытворная ўтваральная аснова з’яўляецца першаснай, утвораная ад першаснай — другасная, наступная — аснова трэцяй ступені і г.д.: дарог-а — дарожн-ы — падарожн-ы — падарожніча-ць — спадарожніча-ць.
Суплетыўныя асновы Сустракаюцца выпадкі, калі суадносныя граматычныя формы маюць розныя асновы (я — мяне, мне, мною). Такія асновы называюцца суплетыўнымі. Суплетывізм — адзін са сродкаў утварэння пэўных формаў слова, напрыклад склону (мы — нас), ліку (чалавек — людзі), ступені параўнання (добры — лепшы), трывання (класціся — легчы, браць — узяць). Суплетывізм асноў характэрны для назоўнікаў, займеннікаў, прыслоўяў, дзеясловаў.
Крыніцы
Літаратура Беларуская граматыка: У 2 ч. — Мінск: Навука і тэхніка. — Ч. 1. Фаналогія Арфаэпія. Марфалогія. Словаўтварэнне. Націск, 1985. Шакун Л. М. Словаўтварэнне. — Мінск: Вышэйшая школа, 1978. Шуба П. П. Сучасная беларуская мова. Марфаналогія. Марфалогія. — Мінск, 1987.
Катэгорыя:Марфемы