Антон Шрамчанка (нар. , ) — беларускі футбаліст, паўабаронца казахстанскага клуба «Жэтысу» з Талдыкаргана.

Клубная кар’ера Пачаў займацца футболам у родным Рагачове, а ва ўзросце 13 гадоў паступіў у спецыяльны футбольны клас Мінскага сувораўскага вучылішча, дзе вучыўся на працягу чатырох гадоў. Пасля заканчэння вучылішча ў 2010 годзе стаў выступаць за дубль магілёўскага «Дняпра», а на наступны год дэбютаваў у аснове. Першую палову 2012 года правёў у складзе фарм-клуба «Дняпро-2», пасля вярнуўся ў асноўную каманду і дапамог ёй выйграць Першую лігу.

Сезон 2013 распачаў на лаўцы запасных, але пазней замацаваўся ў асноўным складзе, звычайна гуляў на пазіцыі левага флангавага нападніка. Выдатна праявіў сябе і ў выніку з 5 галамі стаў найлепшым бамбардзірам клуба ў сезоне. У сезоне 2014 гуляў ужо не так паспяхова: забіў 2 мячы ў чэмпіянаце, нярэдка заставаўся на лаўцы запасных. Па выніках сезона «Дняпро» зноў вылецеў у Першую лігу.

У сакавіку 2015 года прыбыў на прагляд у бабруйскую «Белшыну» і ў выніку пачаў у гэтым клубе сезон 2015. Замацаваўся ў складзе «Белшыны», выступаў на пазіцыі цэнтральнага нападніка або ўскрайняга паўабаронцы.

У студзені 2016 года, пасля прыходу ў «Белшыну» новага кіраўніцтва, вырашыў пакінуць клуб. Неўзабаве цікавасць да Шрамчанкі стала праяўляць мінскае «Дынама», і пасля прагляду ў лютым той стаў іграком мінчан. Пачатак сезона 2016 прапусціў з-за траўмы, вярнуўся на поле ў чэрвені, але не здолеў замацавацца ў асноўным складзе дынамаўцаў. У снежні 2016 года па заканчэнні кантракта пакінуў сталічны клуб.

Са студзеня 2017 года зноў трэніраваўся разам з магілёўскім «Дняпром» і ў лютым падпісаў кантракт з клубам. Пачынаў сезон у стартавым складзе магіляўчан, у другой палове сезона стаў часцей выхадзіць на замену. У студзені 2018 года пакінуў магілёўскі клуб і неўзабаве стаў іграком «Гомеля».

У сезоне 2018 быў трывалым іграком асновы «Гомеля», правёў усе 30 матчаў чэмпіянату Беларусі і два кубкавых. У снежні 2018 года падоўжыў кантракт з гомельскім клубам. У сезоне 2019 заставаўся іграком стартавага складу, але не здолеў выратаваць каманду ад вылету ў Першую лігу. У снежні 2019 года пакінуў «Гомель».

У студзені 2020 года падпісаў аднагадовы кантракт з «Мінскам». Стаў адным з асноўных ігракоў каманды. У студзені 2022 года падоўжыў кантракт да канца сезона 2022. Паспяхова правёў сезон 2022, з 12 галявымі перадачамі стаў найлепшым асістэнтам чэмпіянату; з лета стаў таксама капітанам «Мінска».

У снежні 2022 года па заканчэнні кантракта пакінуў сталічны клуб і неўзабаве падпісаў двухгадовае пагадненне з салігорскім «Шахцёрам». Стаў іграком стартавага складу каманды. У ліпені 2023 года пакінуў салігорскі клуб і хутка далучыўся да казахстанскага «Мактаарала». У лютым 2024 года, пасля таго як «Мактаарал» не быў дапушчаны да новага сезона Прэм’ер-лігі, перайшоў у «Жэтысу».

Міжнародная кар’ера 9 верасня 2013 дэбютаваў у моладзевай зборнай Беларусі ў адборачным матчы моладзевага чэмпіянату Еўропы супраць Францыі. Усяго за зборную згуляў 8 матчаў.

Дасягненні Бронзавы прызёр чэмпіянату Беларусі: 2016 Уладальнік Суперкубка Беларусі: 2023 Пераможца Першай лігі чэмпіянату Беларусі: 2012 У спісе 22 найлепшых футбалістаў чэмпіянату Беларусі: 2022

Крыніцы

Катэгорыя:Футбалісты Беларусі Катэгорыя:Ігракі ФК Дняпро Магілёў Катэгорыя:Ігракі ФК Дняпро-2 Магілёў Катэгорыя:Ігракі ФК Белшына Катэгорыя:Ігракі ФК Дынама Мінск Катэгорыя:Ігракі ФК Гомель Катэгорыя:Ігракі ФК Мінск Катэгорыя:Ігракі ФК Шахцёр Салігорск Катэгорыя:Ігракі ФК Мактаарал Катэгорыя:Ігракі ФК Жэтысу Талдыкарган