Ураднік — службовая асоба ва ўрадах Вялікага Княства Літоўскага. Пасада зацвярджалася вялікім князем, ваяводамі і старостамі з абраных кандыдатаў. Пасады ўраднікаў былі пажыццёвыя або да пераходу на больш высокую пасаду. Статут ВКЛ 1588 года забараняў займаць некалькі адміністрацыйных пасад або адначасова адміністрацыйную і судовую. Але здаралася, што буйныя феадалы займалі і некалькі пасад. У гарадах ураднікамі былі войты, радцы, лаўнікі, бурмістры і іншыя. Звычайна пасады ўрадніка у гарадах былі выбарнымі. Парадак заняцця пасад у гарадах у асноўным рэгуляваўся нормамі магдэбургскага права. Статут ВКЛ 1588 г. прадугледжваў павышаную адказнасць за злачынствы супраць урадніка пры выкананні імі службовых абавязкаў.

Ураднікі падзяляліся на земскіх (дзяржаўных) і прыдворных: Земскія ўраднікі (як правіла, шляхта, што мела маёнткі на тэрыторыі адпаведнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі): Цэнтральныя: абозныя вялікі і польны, войскі, генерал артылерыі, генерал-інспектар, гетманы вялікі і польны, інстыгатар і віцэ-інстыгатар, канцлер і падканцлер, лоўчы, маршалак вялікі (земскі), мастаўнічы, мернік, мечнік, падкаморы, падскарбі вялікі (земскі), пісары вялікія, дэкрэтавы, польны і скарбовы, поштмагістр, рэгенты канцылярый вялікай і меншай, рэферэндары духоўны і свецкі, сакратары вялікія духоўны і свецкі, спіжарны, стражнікі вялікі і польны, харужы вялікі. Мясцовыя: ваяводы, войскія, гараднічыя, кашталяны, маршалкі, мечнікі, падстоліі, падчашыя, старосты, стольнікі, харунжыя, чашнікі і інш. Судовыя: маршалак і дэпутаты Галоўнага Трыбунала, падкаморыі, суддзі, падсудкі, віжы, возныя, каморнікі і інш. Адміністрацыйныя Прыдворныя ўраднікі: маршалкі дворныя, падскарбі дворны, лоўчы дворны, канюшы, кухмістар, крайчы, падканюшы, падстолі, піўнічы, стольнік, чашнік.

Да 1569 года галоўныя цэнтральныя ўраднікі (маршалкі вялікі і дворны, гетман вялікі, падскарбі земскі, канцлер, падканцлер), ваяводы, кашталяны, староста жамойцкі ўваходзілі ў Раду Вялікага Княства Літоўскага.

Па Люблінскай уніі 1569 годзе ў Сенаце Рэчы Паспалітай засядалі 5 найвышэйшых ураднікаў Вялікага Княства Літоўскага — маршалкі вялікі і дворны, канцлер, падканцлер, падскарбі земскі, а таксама ўсе ваяводы, кашталяны і староста жамойцкі.

Значныя пасады ўраднікаў, якія не ўваходзілі ў Сенат, называліся дыгнітарскімі.

Літаратура

Марыскін, А. Ураднік / Аляксандр Марыскін // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. / БелЭн; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. — С. 588. — ISBN 985-11-0214-8.