Саламон Аронавіч Гарэлік (,  — ) — удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, памочнік камандзіра танкавай роты па тэхнічнай часці 1-га танкавага палка 1-й танкавай брыгады Паўднёва-Заходняга фронту, ваентэхнік 1-га рангу, Герой Савецкага Саюза.

Біяграфія Нарадзіўся ў сям’і рабочага. Яўрэй.

Пасля заканчэння 5 класаў паступіў у прафесійна-тэхнічную школу па спецыяльнасці токара-інструментальшчыка, якую паспяхова скончыў у 1929 годзе і ўладкаваўся токарам-інструментальшчыкам на Бабруйскі чыгуналіцейны завод.

У Чырвонай Арміі з 1932 года. Скончыў бронетанкавую школу ў Ленінградзе (1932), (1934). Удзельнік савецка-фінляндскай вайны 1939—1940 гг.

На франтах Вялікай Айчыннай вайны з чэрвеня 1941 года. У баях з нямецкімі войскамі праявіў высокую мужнасць і геройства. Ён неаднаразова эвакуіраваў з поля бою падбітыя танкі і перапраўляў іх у палявыя майстэрні. Пад шквальным агнём праціўніка выпраўляў пашкоджанні, а калі таго патрабавала баявая абстаноўка, сам сядаў за руль і вёў машыну ў атаку, выдатна выконваючы абавязкі кіроўцы і камандзіра танка.

На яго рахунку лічылася мноства знішчаных варожых гармат, мінамётаў, кулямётных гнёздаў, салдат і афіцэраў. У ліпені 1941 года ў баях за Шэпэціўку знішчыў 4 супрацьтанкавыя гарматы, 6 мінамётаў і больш за два узвода нямецкай пяхоты.

20 верасня 1941 года ў баі пад горадам Багадухавам Харкаўскай вобласці ён асабіста знішчыў 8 гармат, 3 мінамётаў і здушыў гусеніцамі свайго танка некалькі кулямётных гнёздаў. Ва ўсіх баях асабістым прыкладам адвагі вёў за сабой іншыя танкавыя экіпажы. У атаках быў толькі наперадзе.

23 кастрычніка 1941 года, на подступах да горада Белгарада, падцягнуўшы свежыя сілы, немцы ўклініліся ў абарону савецкіх войскаў на стыку стралковых падраздзяленняў. 1-я танкавая брыгада атрымала загад знішчыць групоўку праціўніка, якая здолела прарвацца да горада. 5 баявых машын з дэсантам аўтаматчыкаў атакавалі немцаў. Наперадзе ішоў цяжкі танк КВ лейтэнанта Лысенкі, вёў яго ваентэхнік 1-га рангу, памочнік камандзіра роты па тэхнічнай часці 1-га танкавага палка (1-я танкавая брыгада, , Паўднёва-Заходні фронт) С. Гарэлік. Танк уварваўся на пазіцыю варожых артылерыстаў. У баі танк, якім камандаваў С. А. Гарэлік, быў падбіты і загарэўся. 2 гадзіны вялі танкісты агонь з нерухомага танка, а калі скончыліся снарады і патроны, адбіваліся гранатамі. Экіпаж не пакінуў машыны і змагаўся да апошняга. Немцы акружылі машыну, прапанавалі экіпажу здацца ў палон. Атрымаўшы адмову, гітлераўцы падпалілі яе. Гарэлік згарэў разам з камандзірам у падбітым танку.

Пахаваны ў брацкай магіле ў Белгарадзе.

Узнагароды Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 27 снежня 1941 года за ўзорнае выкананне баявых заданняў камандавання на фронце барацьбы з нямецка-фашысцкімі захопнікамі і праяўленыя пры гэтым адвагу і геройства ваентэхніку 1-га рангу Гарэліку Саламону Аронавічу прысвоена званне Героя Савецкага Саюза (пасмяротна)Указ Президиума Верховного Совета СССР "«О присвоении звания Героя Советского Союза начальствующему составу Красной Армии» от 5 няобря 1942 года // Ведомости Верховного Совета Союза Советских Социалистических Республик : газета. — 1941. — 5 января (№ 1 (160)). — С. 1.. Узнагароджаны ордэнам Леніна.

Памяць Яго імем названа вуліца ў горадзе Белгарадзе, на месцы пахавання ўсталяваны помнік. У 2005 годзе яго імем названа вуліца ў родным горадзе Бабруйску ў мікрараёне Кісялевічы.

Літаратура

Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. / рэдактар Г. П. Пашкоў. — Мінск, 1997. — Т. 5. — С. 79. Ваенная энцыклапедыя Беларусі / галоўны рэдактар Л. У. Языковіч. — Мінск, 2010. — С. 291.

Спасылкі

Катэгорыя:Удзельнікі савецка-фінскай вайны Катэгорыя:Танкісты Вялікай Айчыннай вайны Катэгорыя:Героі Савецкага Саюза