Спаса-Праабражэнская царква — праваслаўны храм у г.п. Астрына (Шчучынскі раён). Размешчана на вул. Гродзенскай. Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Пабудавана ў 1855 г. з бутавага каменю і цэглы.
Архітэктура
Крыжовую форму храма фарміруюць цэнтральны кубападобны аб'ём малітоўнай залы, бакавыя прыдзелы, паўкруглая апсіда, прытвор-званіца. Сяродкрыжжа завершана васьмігранным шатром з заломам і цыбулепадобнай галоўкай. Вертыкальнай дамінантай з'яўляецца трох'ярусная чацверыкавая званіца, якая мае шацёр з макаўкай. Галоўны ўваход у яе першым ярусе вырашаны арачным парталам-прытворам пад двухсхільным пакрыццём. На фоне паліхромнай бутавай муроўкі сцен кантрасна вылучаюцца атынкаваныя і пабеленыя элементы архітэктурнага дэкору — вуглавыя лапаткі, гарадковыя фрызы, плоскасныя ліштвы арачных аконных праёмаў.
Надзвычай развітую для «ўзорнага» храма трактоўку атрымала прастора інтэр'ера. У цэнтральную васьмігранную залу расчыняецца прастора самкнутага пірамідальнага скляпення — апсіда, прыдзелы і трапезная расчыняюцца шырокімі аркамі-прасветкамі. Апсіда аддзелена чатырох'ярусным іканастасам.
Літаратура Праваслаўныя храмы Беларусі / А.М. Кулагін, З.Э. Герасімовіч, У.П. Свентахоўскі. - Мн., БелЭн, 2007.
Лаўрэш Л. Астрынская, Глыбоцкая і Дэмбраўская цэрквы Лідскага павета, але Гарадзенскага дэканата // Лідскі Летапісец. 2023. № 3(103). С. 56-70 // на pawet.net
Спасылкі
Катэгорыя:Астрына Катэгорыя:Праваслаўныя храмы Шчучынскага раёна Катэгорыя:Збудаванні Беларусі ў псеўдарускім стылі Катэгорыя:Храмы Гродзенскай і Ваўкавыскай епархіі Катэгорыя:1855 год у Беларусі