Уладзімір Васільевіч Уродніч (нар. , хутар Лучкі, каля вёскі Вялікія Арлы Столінскага раёна) — беларускі жывапісец.

Біяграфія

У 16 гадоў паступіў ў Мінскае мастацкае вучылішча, дзе першыя яго настаўнікі А. Галоўчанка, А. Шаўчэнка навучылі юнака майстэрству малюнка, жывапісу, кампазіцыі.

У 1963 годзе з благаслаўлення народнага мастака Беларусі Паўла Васільевіча Масленікава Уладзімір Уродніч быў прыняты ў дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. У сценах БДТМІ фарміраваўся не толькі рамеснік, а чалавек з шырокім светапоглядам, добрым густам, грамадзянскай пазіцыяй.

Уладзімір лічыць, што асваеннем традыцый беларускага станкавага жывапісу і ўдасканаленнем свайго каларыту, тэхнікі, майстэрства малюнка ён абавязаны педагогам I. Ахрэмчыку, Н. Воранаву, А. Казлоўскаму, якія заклалі маладому мастаку арыенціры творчага развіцця.

Пасля пятага курса інстытута ў 1971 ён быў запрошаны на працу ў Міністэрства культуры Беларусі, але творчую работу ў жыцці лічыў галоўнай. Вольны час праводзіў у напружанай рабоце ў майстэрні, выхадныя дні насычваліся пленэрам.

Значнае месца ў яго творчасці займае тэматычная карціна на героіка-патрыятычную тэму: «Дарогамі Перамогі» (1972), «Сынам нашым» (1978), «Думы аб былым» (1981), «Вышыня» (1985), «На хлебаробным полі» (1987), «Лістапад» (1995), «…і агні партызанскіх кастроў» (2000). Гэтыя палотны вылучаюцца кантрастным вырашэннем кампазііцыйнай структуры. У іх прасочваецца ўважлівае стаўленне да малюнка, што дапамагае жывапісцу канструяваць дэталь твора, як пераканаўчы элемент мастацкай праўды.

У жывых апаэтызаваных пейзажах роднай вёсачкі Уладзімір Уродніч карыстаецца светлай каляровай гамай. Пражыўшы большую частку жыцця ў горадзе, мастак застаўся ў душы хутаранінам, які ўсё ўспрымае праз акенца сваёй хаты, куды перыядычна ён вяртаецца не толькі фізічна, але і ў думках.

Дзіцячыя ўспаміны шырока адлюстраваны ў яго цыкле «Людзі Століншчыны». У карцінах: «Над ракой Вятліцай», «На берагах Гарыні», «Рытмы Прыпяці», «Дарога майго юнацтва», «У Лучках ідзе дождж», «Апошнія яблыкі бабкі Тэклі», «Тумановая раніца», «На Палессі гоман» і інш. адлюстраваны тыповыя сцэны сялянскага жыцця, быт якога ён добра ведае. На першае месца мастак выстаўляе чалавечую дзейнасць. Ім, сваім землякам, прысвяціў ён шэраг партрэтаў: «Акно мацярынскае», «Старшыня калгаса. Ляшук», «П. Амяльчук», «Вясёлка надзеі. М. Дрынеўскі», «Натхненне. Н. Загорская» і інш. Глыбокае спачуванне звычайным чалавечым перажыванням дапамагае мастаку пазбегнуць надуманасці. Характэрныя рысы стылю мала мяняюцца ў яго творчым жыцці. У 1990-я гады ён напісаў палотны на чарнобыльскую тэму: «Трывожны крык» (1990), «Пах бэзу» (1996), «У садзе» (2000). У апошнія гады Уладзімір Уродніч звяртаецца да гістарычнай спадчыны. Палотны «Калі я на пошце служыў ямшчыком» (1999) прысвяціў паэту Уладзіміру Сыракомлі, «Раніца Гарыні» — 900-годдзю Давыд-Гарадка. Яго вабяць дыялогі па ўсім спектры чалавечых узаемаадносін. Трагедыя, звязаная з лёсам кінарэжысёра А. Бубашкіна (зяць мастака), значна скарэкціравала кірунак творчасці жывапісца. Гэтаму здарэнню ён прысвяціў восем работ, у аснову якіх ляглі разважанні мастака аб ролі чалавечай асобы ў перыяд распаду пастулатаў маралі.

Уладзімір Уродніч лічыць, што мастацтва ў перыяд разбурэння грамадскіх і дзяржаўных асноў павінна заставацца на баку дабрыні, спагадлівасці і павагі да Чалавека. I ў пошуках адэкватнага адлюстравання гэтага ён гатовы і надалей ісці шляхам спасціжэння, сцвярджаючы перавагу дабрыні над злом.

Праца 1971—2002 на розных пасадах Міністэрства культуры;

1979—1980 першы сакратар праўлення Саюза мастакоў БССР;

2003—2010 дэкан мастацкага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў;

2003—2013 выкладчык спецдысцыплін «Жывапіс» і «Кампазіцыя» на кафедры жывапісу мастацкага факультэта Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў;

З 2010 старшыня творчага аб’яднання «Традыцыя» Беларускага саюза мастакоў.

Узнагароды 1992 званне Заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь. 2005 лаўрэат Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва ў намінацыі «Выяўленчае мастацтва».

Персанальныя выстаўкі 1989 Выстаўка жывапісу мастакоў В. Гардзіенкі, Л. Дударанкі, Ул. Уродніча, г. Мінск; Палац мастацтваў. 1992 Выстаўка жывапісу мастакоў Л. Дударанкі і Ул. Уродніча, г. Мінск, Палац мастацтваў, г. Магілёў, Абласны мастацкі музей імя П. В. Масленікава. 1998 Персанальная выстаўка «Кліч Радзімы», г. Столін, Краязнаўчы музей. 2002 Персанальная выстава, прысвечаная 60-годдзю з дня нараджэння мастака. Мінск, Палац мастацтваў. 2012 Персанальная выстава «Я сегодня до зари встану…», прысвечаная 70-годдзю з дня нараджэння мастака. Мінск, Палац мастацтваў. 2017 Персанальная выстава «Рэха пямяці», прысвечаная 75-годдзю з дня нараджэння мастака. Мінск, Музей гісторыі горада Мінска.

Удзел у асноўных мастацкіх выстаўках 1973 Усесаюзная выстаўка дыпломных работ выпускнікоў мастацкіх ВУЗаў СССР, г. Ленінград, Інстытут імя Рэпіна. Рэспубліканская выстаўка «Заўсёды на стражы» г. Мінск, Палац мастацтваў. 1974 Рэспубліканская выстаўка «Беларусь Сацыялістычная», г. Мінск, Палац мастацтваў. Рэспубліканская выстаўка «Фізкультура і спорт у выяўленчым мастацтве». г. Мінск, Палац мастацтваў. 1975 Рэспубліканская выстаўка, прысвечаная 30-годдзю з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, г. Мінск, Палац мастацтваў. 1976 Рэспубліканская выстаўка «Слава працы», г. Мінск, Палац мастацтваў. 1977 Рэспубліканская выстаўка маладых мастакоў, г. Мінск, Палац мастацтваў. 1978 Рэспубліканская выстаўка «Па Ленінскаму шляху», г. Мінск, Палац мастацтваў. 1979 Усесаюзная выстаўка «У сям’і адзінай», г. Масква, Манеж. Усесаюзная выстаўка «Блакітныя дарогі радзімы», г. Масква, Манеж. 1980 Міжрэспубліканская выстаўка «Зямля і людзі», г. Мінск, Палац мастацтваў. 1981 Рэспубліканская выстаўка, прысвечаная 90-годдзю з дня нараджэння М. Багдановіча, г. Мінск, Палац мастацтваў. 1982 Рэспубліканская выстаўка, прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы «Песняры зямлі беларускай», г. Мінск, Палац мастацтваў. Усесаюзная выстаўка «СССР — наша Радзіма», г. Масква, Манеж. 1983 Рэспубліканская выстаўка «Міншчына ардэнаносная», г. Мінск, Палац мастацтваў. 1985 Усесаюзная выстаўка, прысвечаная 40-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, г. Масква, Манеж. 1986 Рэспубліканская выстаўка «Мы будуем камунізм», г. Мінск, Палац мастацтваў. Рэспубліканская выстаўка «Майстры культуры за мір», г. Мінск, Палац мастацтваў. 1987 Рэспубліканская выстаўка «Краіна Саветаў», г. Мінск, Палац мастацтваў. 1989 Рэспубліканская выстаўка «Мастак і экалогія», г. Мінск, Палац мастацтваў. 1991 Рэспубліканская выстаўка, прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння М. Багдановіча, г. Мінск, Палац мастацтваў. 1992 Рэспубліканская выстаўка, прысвечаная 500-годдзю Ф. Скарыны, г. Мінск, Палац мастацтваў. 1994 Рэспубліканская выстаўка, прысвечаная 50-годдзю з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, г. Мінск, Палац мастацтваў. 1996 Рэспубліканская выстаўка, прысвечаная 10-годдзю аварыі на Чарнобыльскай АЭС, г. Мінск, Палац мастацтваў. 1999 Рэспубліканская выстаўка, прысвечаная 150-годдзю з дня нараджэння С. Манюшкі, г. Мінск, Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі. 2000 Рэспубліканская выстаўка «Беларусь — трэцяму тысячагоддзю», г. Мінск, Палац мастацтваў (рэтраспектыўны раздзел). 2002 Рэспубліканская выстаўка «Беларусь — трэцяму тысячагоддзю», г. Мінск, Палац мастацтваў. 2003 «Абаронцам Айчыны прысвячаецца» — першая мастацкая выстава студыі ваенных мастакоў. Мінск, Нацыянальны гістарычны музей Беларусі. 2010 «Традыцыя і сучаснасць» — першая мастацкая выстава творчага аб’яднання «Традыцыя» Беларускага саюза мастакоў. Мінск, Палац мастацтваў. 2010 «Памяць беларускай зямлі» — перасоўная выстава, прысвечаная 65-годдзю Вялікай Перамогі. Горады: Мінск, Орша, Віцебск, Светлагорск, Бабруйск. 2011 «Мінск — горад майго юнацтва» — мастацкая выстава творчага аб’яднання «Традыцыя» Беларускага саюза мастакоў. Мінск, Нацыянальны гістарычны музей Беларусі. 2012 «Прыпыніся імгненне» — мастацкая выстава творчага аб’яднання «Традыцыя» Беларускага саюза мастакоў. Мінск, галерэя «БелАрт». 2012 Мастацкая выстава, прысвечаная 130-годдзю з дня нараджэння паэтаў Максіма Багдановіча, Янкі Купалы і Якуба Коласа. Мінск, Палац мастацтваў.

Работы знаходзяцца ў калекцыях Нацыянальны мастацкі музей Беларусі; Музей сучаснага выяўленчага мастацтва, Мінск; Беларускі музей народнай архітэктуры і побыту; Беларускі нацыянальны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны; Музей Янкі Купалы, Мінск; Музей Якуба Коласа, Мінск; Магілёўскі мастацкі музей імя Паўла Масленікава; Брэсцкі краязнаўчы музей; Віцебскі краязнаўчы музей; Музей Беларускага Палесся, Пінск; прыватных калекцыянераў у розных краінах.

Бібліяграфія Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. Мн., 1987. с. 365;

Беларускі саюз мастакоў. Энцыклапедычны даведнік. Мн., 1998. с. 542; ЛІМ, 1972, 30 чэрвеня, № 26; Свая тэматыка // Чырвоная змена. 6 жніўня 1973, № 174; Ю. Піскун. Дарога да роднага дому // Мастацтва. 1994, № 4, с.24; А. Ю. Стеркин. Помнит мир спасённый. Альбом. М., 1984; Э. Пугачева. Подвигу народа жить в веках. Альбом. М., 1984; I. Мятліцкая. Майстры выяўленчага мастацтва Беларусі. Альбом. Мн., 1995; Таццяна Падаляк. Ці можа чыноўнік заставацца мастаком? // Звязда. 18 верасня 1998; Квіток у дзяцінства, або як стаць «Вяртанцам»? // Культура. 21 кастрычніка 1998; М. I. Ганчароў. Беларускія мастакі пра Вялікую Айчынную вайну. Альбом. Мн., 1985. с.235.

Катэгорыя:Дэканы мастацкага факультэта БДАМ Катэгорыя:Мастакі Беларусі