Рэдукава́ныя гало́сныя — 1) звышкароткія галосныя сярэдняга пад’ёму, якія ўзніклі ў праславянскай мове з індаеўрапейскіх i і u; 2) галосныя, якія пры маўленні падпалі пад рэдукцыю.
У славянскіх мовах У праславянскай мове мелі статус фанем, але вызначаліся кароткім і слабым гучаннем. Таксама былі ўласцівы асобным славянскім мовам старажытнага перыяду, у тым ліку і старажытнарускай, або агульнаўсходнеславянскай, мове. Абазначаюцца кірылічнымі знакамі ъ (рэдукаваны непярэдняга рада) і ь (рэдукаваны пярэдняга рада).
У старажытнарускай мове рэдукаваныя галосныя вымаўляліся незалежна ад месца націску, але па-рознаму гучалі ў залежнасці ад пазіцыі ў слове.
Найбольш кароткімі яны былі ў канцавых складах, а таксама перад складам з галосным поўнага ўтварэння або з рэдукаваным галосным у моцнай пазіцыі (ножь, къто, кънига, жьньць). Гэтыя пазіцыі вызначаюцца як слабыя пазіцыі рэдукаваных.
Моцнымі былі пазіцыі галосных перад складам са слабым рэдукаваным або ў складзе пад націскам (льнъ, дъ́ска). З моцнымі рэдукаванымі па выніках развіцця супадалі таксама рэдукаваныя ў спалучэнні з наступнымі плаўнымі р, л паміж двума зычнымі, што назіралася ў каранёвых марфемах (мълниꙗ, вьрхь).
Старажытнарускай мове побач з рэдукаванымі ъ, ь уласцівы таксама рэдукаваныя и, ы, якія вымаўляліся як кароткія і невыразныя гукі верхняга пад’ёму на месцы спалучэнняў рэдукаваных ъ, ь з ётам (у старажытнарускім пісьменстве яны перадаваліся праз літары ы, и): старажытнарускія густыи, шиꙗ, лии. Размеркаванне слабай і моцнай пазіцый гэтых галосных адпавядае размеркаванню пазіцый рэдукаваных ъ, ь.
Падзенне рэдукаваных Ва ўсіх славянскіх мовах рэдукаваныя галосныя страціліся. У X — сярэдзіне XIII ст. адбылося так званае падзенне рэдукаваных праз знікненне гэтых галосных ці праз іх трансфармацыю ў галосныя поўнага ўтварэння. Знікненне рэдукаваных галосных адбылося ў слабых пазіцыях ( — , — ). У моцных пазіцыях рэдукаваныя праясніліся ў розныя галосныя поўнага ўтварэння ( — , , , ). Падзенне рэдукаваных уздзейнічала на фанетыку і марфалогію славянскіх моў.
Усходнеславянскія мовы У старажытнарускай мове моцныя рэдукаваныя праясніліся ў галосныя поўнага ўтварэння: ъ ў о, ь ў э. Так, старажытнарускае слова мъхъ, якое ў пачатку XI ст. было двухскладовым з двума рэдукаванымі (слабым — на канцы, моцным — у першым складзе), у канцы XIV ст. вымаўлялася як аднаскладовае слова мох з галосным о на месцы моцнага рэдукаванага ъ і са стратай слабага рэдукаванага ў канцы слова. Такі напрамак развіцця рэдукаваных быў агульны для ўсіх дыялектаў старажытнарускай мовы, хоць і працякаў з неаднолькавай інтэнсіўнасцю: на поўдні падзенне рэдукаваных скончылася раней, чым на поўначы.
Больш працяглае захаванне ў вымаўленні рэдукаваных галосных у паўночных усходнеславянскіх дыялектах мела сваім вынікам асаблівы шлях развіцця ў гэтых дыялектах спалучэнняў рэдукаваных з плаўнымі паміж зычнымі. На іх месцы ў адпаведнасці з агульнарускімі спалучэннямі ор, ол, ер развіліся спалучэнні оро, оло, ере. Так, на месцы старажытнарускага слова мълниꙗ прадстаўлена беларускае маланка, рускае дыялектнае молонья, украінскае молоння, на месцы старажытнарускага вьрвька — беларускае вяроўка, рускае верёвка, украінскае верьовка (паўночнарускія па паходжанні, гэтыя словы пашырыліся і ў іншых дыялектах старажытнарускай мовы і часткова захаваліся ў сучасных усходнеславянскіх мовах). Гэтая з’ява ў лінгвістыцы называецца другім поўнагалоссем.
Дыялектныя разыходжанні старажытнарускага перыяду выявіліся таксама і ў лёсе слабых рэдукаваных у спалучэнні з папярэднім плаўным паміж двума зычнымі (у старажытнарускай мове — кръвь, трьвога, глътати). Моцныя рэдукаваныя ў такой пазіцыі праявіліся ў галосныя поўнага ўтварэння ва ўсіх старажытнарускіх дыялектах, адсюль сучаснае беларускае кроў, рускае кровь, украінскае кров. Развіццё слабых рэдукаваных адбывалася пад уплывам плаўнасці папярэдняга зычнага, і гэта дало галосныя поўнага ўтварэння на месцы слабых рэдукаваных. Але ўзнікшыя такім чынам галосныя адрозніваліся па дыялектах: у паўднёва-заходніх дыялектах старажытнарускай мовы развіліся галосныя и, ы, адсюль беларускія трывога, глытаць, украінскія тривога, глитати. Так склалася характэрная для беларускай і ўкраінскай моў асаблівасць — чаргаванне ро/ры, ло/лы, ле(ля)/лі, напрыклад, у беларускай: кроў — крывавы, глотка — глытаць, бляск — блішчаць, тое ж ва ўкраінскай: кров — кривавий і падобныя. У паўночна-ўсходніх дыялектах старажытнарускай мовы развіліся галосныя о, э, адсюль рускія тревога, глотать.
Змяненне формаў слоў у старажытнарускай мове суправаджалася чаргаваннем моцных і слабых рэдукаваных: сънъ — съна, звонъкъ — звонъка, што пасля падзення рэдукаваных дало развіццё так званай бегласці галосных: сон — сну, званок — званка. Гэтая з’ява вядома ўсім сучасным усходнеславянскім мовам, хоць мае неаднолькавае пашырэнне. Сучаснай беларускай мове вядомы формы з чаргаваннем: мох — імху, лён — ільну, хоць часта захоўваюцца каранёвыя галосныя о, э на месцы слабых рэдукаваных моху, лёну. Чаргаванні галосных такога тыпу ўласцівы таксама і ўкраінскай мове: сон — сну, пісок — піску, хлопець — хлопця. У рускай мове бегласць галосных характарызуе не толькі большасць марфем са спрадвечным рэдукаваннем, але і некаторыя марфемы са спрадвечным галосным поўнага ўтварэння, дзе чаргаванне галосных о, э з нулём гука ўзнікла па ўзоры слоў са спрадвечным рэдукаваным: рускія камень — камня, пепел — пепла, ров — рва (у адрозненне ад беларускіх камень — каменя, попел — попелу, роў — рова).
Фанетычная заканамернасць развіцця моцных і слабых рэдукаваных часта сутыкалася з другой тэндэнцыяй моўнага развіцця — выраўноўваннем асноў пры змяненні слоў. Адступленні ад заканамернасцей фанетычнага развіцця рэдукаваных у залежнасці ад пазіцыі ў слове закраналі найчасцей суфіксальныя марфемы ў шматскладовых словах (хоць гэта магчыма і ў каранёвых марфемах). Так, у старажытнарускай назве горада Витьбьскъ моцным быў рэдукаваны ў суфіксе -ьск-, а слабым — у суфіксе -ьб-. Але з прычыны марфалагічнай аналогіі зацвердзілася вымаўленне галоснага на месцы слабага рэдукаванага з выпадзеннем гука на месцы моцнага: беларускае Віцебск, рускае Витебск. Гэта адбылося пад уздзеяннем ускосных формаў слова, у складзе якіх рэдукаваны суфікс -ьб- знаходзіўся, наадварот, у моцнай пазіцыі, а рэдукаваны суфікса -ьск- у слабай: старажытнарускае Витьбьску, Витьбьска і інш. Такі вынік нефанетычнага развіцця рэдукаваных шырока вядомы сучасным усходнеславянскім мовам.
Слабыя рэдукаваныя и, ы былі страчаны ва ўсіх старажытнарускіх дыялектах, але лёс гэтых гукаў у моцнай пазіцыі склаўся па-рознаму: у паўднёва-заходніх дыялектах на іх месцы развіліся галосныя и, ы (беларускія густы, шыя, лі, украінскія густий, шия, лий), а на паўночным усходзе — галосныя о, э (рускія густой, шея, лей).
У сучаснай беларускай мове У сучаснай беларускай мове рэдукаваныя не вымаўляюцца, таму тэмп беларускай гаворкі ў параўнанні з рускай крыху замаруджаны.
У сучаснай рускай мове Сучасныя рэдукаваныя гукі, вядомыя рускай мове, не маюць этымалагічнай сувязі са старажытнарускімі рэдукаванымі, і іх рэалізацыя цалкам залежыць ад пазіцыі галосных няверхняга пад’ёму [э], [о], [а] адносна месца націску: кни́га — [кн’и́гъ].
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Праславянская мова Катэгорыя:Гісторыя беларускай мовы Катэгорыя:Гісторыя рускай мовы Катэгорыя:Гісторыя ўкраінскай мовы Катэгорыя:Фаналогія Катэгорыя:Галосныя