Алякса́ндр Заха́равіч Ро́дзька або Аляксандр Захар’евіч Радзько (; ) — педагог і арганізатар беларускага жыцця, адзін з актыўных удзельнікаў беларускага нацыянальнага руху ў міжваеннай Латвійскай Рэспубліцы.
Біяграфія
Ранні перыяд Нарадзіўся 3 (15) лістапада 1876 года ў Беластоку. Далей, як адзначае Ігар Барынаў, біяграфія верагодна аднаўляецца толькі праз архівы, бо Родзька містыфікаваў яе, як многія прадстаўнікі яго пакалення. У прыватнасці, уяўныя звесткі дае Канстанцін Езавітаў у артыкуле «25 год вучыцельскае працы А. З. Радзько» на старонках «Беларуская школа ў Латвіі» (№ 1 (18), 1933. С. 297—298).
З артыкула 1933 года, бацька Родзькі служыў у артылерыі, а ў вайсковым паслужным спісе Аляксандра Родзькі пазначаны як «праваслаўны, сын акалодачнага наглядчыка». У 1884 годзе паступіў у Гродзенскую гімназію, у атэстаце характарызуецца як акуратны і руплівы вучань, але правёў там 13 гадоў, імаверна, праз нястачу сродкаў.
Паводле асабовай справы студэнта, у 1897 годзе Родзька паступіў Пецярбургскі ўніверсітэт. Адвучыўся толькі год, прычынай адлічэння пасля першага курса была як фінансавая нястача, так і непаспяховасць. Родзька безпаспяхова дабіваўся, каб яму, як праслухаўшаму курсы, дазволілі здаваць экзамены нароўні з дзейнымі студэнтамі. Урэшце ён застаўся без сродкаў на жыццё і вымушаны быў вярнуцца ў Гродна да бацькоў. Паводле пазнейшага вайсковага паслужнога спісу ён «слухаў лекцыі» 2 гады, як адзначае Барынаў, не ясна ці гэта памылка пісара (гады замест семестраў), ці свядомая дэзінфармацыя Родзькі. Паводле артыкула 1933 года, Родзька скончыў універсітэцкі курс у 1904 годзе, прычым з дыпломам 1-й ступені (то-бок з выпускным сачыненнем).
Як адзначае Барынаў, беднасць была асноўнай праблемай Аляксандра, таму як і бацька ён мусіў пачынаць з ніжніх чыноў. Родзька паехаў у Маскву і 31 кастрычніка 1898 года залічаны на правах вольнанапісанага ў Маскоўскае ваеннае вучылішча. Аднак, 11 лютага 1899 года пераведзены з вучылішча на звычайную страявую службу ў 177-ы Ізборскі пяхотны полк у Рызе. Адукацыйны цэнз дазволіў Родзьку скончыць вучэбную каманду, атрымаць чын малодшага унтэр-афіцэра (19 мая 1899) і здаць экзамен на чын прапаршчыка запасу (2 верасня 1899). У паслужным спісе няма звестак пра ўдзел у руска-японскай вайне, як сцвярджае артыкул 1933 года. У студзені 1912 года па прашэнні Родзька звольнены з запасу ў адстаўку.
Адразу па арміі, у 1900 годзе, Родзька паступіў на службу ў Ліфляндскае акцызнае ўпраўленне, служыў у 3-й акрузе да рэвалюцыі 1917 года. Жыў паслядоўна ў Пернаве, Феліне і Валку. Паводле памятных кніжак, Родзька атрымліваў чыны толькі за выслугу гадоў. Пачаў радавым акцызным наглядчыкам у 1900 годзе, затым стаў пазаштатным малодшым кантралёрам, затым штатным, у 1909 годзе ўрэшце атрымаў чын калежскага рэгістратара. За выслугу гадоў у 1914 годзе ўзведзены ў калежскія сакратары.
У правераным у лістападзе 1916 года паслужным спісе ёсць звесткі пра жонку Родзькі — дачку святара Вольгу Рыгораўну Паро. Звестак пра службу ў чыне заўрад-капітана ў Ноўгарадзе і Каўказскай арміі ў гады Першай сусветнай вайны, як сцвярджае артыкул 1933 года, у паслужным спісе няма.
Як адзначае Барынаў, не мог Родзька і працаваць настаўнікам матэматыкі і фізікі ў пецярбургскіх гімназіях і рэальным вучылішчы ў Валку. Прынамсі без скончанага ўніверсітэцкага курса яго маглі дапусціць хіба да месца настаўніка пачатковай школы або, максімум, гарадскога адна-двухкласнага вучылішча.
Паводле артыкула 1933 года, у 1918—1921 гадах Родзька выкладаў у Тамбоўскай жаночай гімназіі, пасля прыехаў у Рыгу, дзе працаваў у рускіх, а з 1923 — у беларускіх школах.
Адукацыйная і навуковая дзейнасць З 1929 года стаў першым дырэктарам новаўтворанай Рыжскай беларускай прыватнай гімназіі, заснаванай Таварыствам беларускіх настаўнікаў у Латвіі (ТБНЛ). Адначасова працаваў там настаўнікам: у розныя гады выкладаў матэматыку, фізіку і касмаграфію. На пасяджэнні педагагічнай рады 25 кастрычніка 1931 года па прапанове Аляксандра Родзькі было прынята рашэнне падзяліць гімназію на два аддзяленні (з лацінскай мовай і з рускай і нямецкай мовамі), што дазволіла адаптаваць навучанне да рэальных патрэб вучняўLatvijas Valsts vēstures arhīvs (LVVA). F. 2125, ap. 5, l. 255, lp. 79..
Пад яго кіраўніцтвам у сценах гімназіі праходзілі важныя культурныя мерапрыемствы беларускай дыяспары. У прыватнасці, 29 кастрычніка 1932 года ў будынку гімназіі (які размяшчаўся ў Рызе на вуліцы Вялікай Маскоўскай, 173) адбылося ўрачыстае святкаванне 50-гадовых юбілеяў беларускіх класікаў Янкі Купалы і Якуба Коласа. Падчас гэтай імпрэзы Аляксандр Родзька выступіў з уступнай прамовай перад вучнямі і гасцямі.
Аляксандр Родзька таксама прымаў актыўны ўдзел у навукова-краязнаўчым жыцці беларусаў Латвіі. 15 красавіка 1932 года ён прысутнічаў на сходзе ініцыятыўнай групы па стварэнні Беларускага навукова-краязнаўчага таварыства ў Латвіі (БНКТЛ). На чацвёртым пасяджэнні групы 15 ліпеня таго ж года быў абраны намеснікам старшыні часовага праўлення БНКТЛ, якое ўзначаліў Кастусь Езавітаў. 2 верасня 1933 года на першым агульным сходзе таварыства Аляксандра Родзьку афіцыйна абралі намеснікам старшыні сталага праўлення.
Падчас аўтарытарнага рэжыму Пасля дзяржаўнага перавароту 15 мая 1934 года, здзейсненага Карлісам Улманісам, пачаўся ўціск нацыянальных меншасцей і іх навучальных устаноў. На падставе загаду міністра асветы ад 12 кастрычніка 1934 года Аляксандр Родзька быў звольнены з пасады дырэктара Рыжскай беларускай гімназіі (загад набыў моц 16 кастрычніка). Яго абавязкі перайшлі да іншага выкладчыка, Пятра МірановічаLVVA. F. 3175, ap. 1, l. 8, lp. 73..
Нягледзячы на звальненне і складаныя палітычныя ўмовы, ён працягнуў грамадскую дзейнасць. Калі ў канцы 1938 года Таварыства беларускіх настаўнікаў у Латвіі апынулася пад пагрозай юрыдычнай забароны, беларускі актыў вырашыў перарэгістраваць арганізацыю пад новай назвай. На агульным сходзе ТБНЛ 9 лютага 1939 года Родзька быў абраны намеснікам старшыні і сакратаром новай управы (пад кіраўніцтвам Мікалая Дзямідава)LVVA. F. 2924, ap. 1, l. 3, lp. 1—5..
14 лютага 1939 года менавіта Аляксандр Родзька перадаў у Міністэрства ўнутраных спраў Латвіі просьбу аб рэгістрацыі новай арганізацыі — Таварыства беларусаў у Латвіі (ТБЛ), статут якой быў зацверджаны летам таго ж года. Улетку 1939 года ён лічыўся паўнапраўным сябрам ТБЛ. Нейкі час Родзька выконваў абавязкі часовага старшыні ўправы Таварыства беларусаў у Латвіі, аднак 18 кастрычніка 1939 года пакінуў гэтую пасаду. Свой зыход ён абгрунтаваў цяжкім фінансавым становішчам, спаслаўшыся на тое, што «каса таварыства зусім пустая»LVVA. F. 2924, ap. 1, l. 9, lp. 5..
Далейшы лёс Аляксандра Родзькі невядомы.
Сям’я Бацька — Захар Сямёнавіч Родзька, паводле яго паслужнога спісу ў студэнцкай справе сына, нарадзіўся 22 сакавіка 1847 года ў Евангелічах Слуцкага павета Мінскай губерні ў праваслаўнай сялянскай сям’і, адукацыю атрымаў дамашнюю. 2 сакавіка 1868 года паступіў на тэрміновую вайсковую службу, па адным з апошніх рэкруцкіх набораў перад рэформай, залічаны ў 26-ю артылерыйскую брыгаду, якая стаяла ў Беластоку, пазней пераведзена ў Гродна.
Як і многія сяляне, Захар спрабаваў выкарыстаць «новую» армію як сацыяльны ліфт праз звыштэрміновую службу і адслужыў роўна 20 гадоў, звольнены у запас 27 лютага 1888 года. Удзельнічаў у руска-турэцкай вайне ў Балгарыі, восенню 1877 года вызначыўся ў баях пры Чаіркёе і Златарыцэ, узнагароджаны Георгіеўскім крыжам 4-й ступені і ўзведзены ў фельдфебелі. Таксама Захар меў сярэбраныя медалі «За стараннасць» (за 10 і 15 гадоў звыштэрміновай службы) і памятны светла-бронзавы медаль за турэцкую вайну.
Падчас службы ў Беластоку, Захар ажаніўся з мясцовай мяшчанкай Жазэфінай (Юзэфай) Міхайлаўнай Пачтарскай, каталіцкага веравызнання, у пазнейшым яго паслужным спісе, яна пазначана лютэранкай. Старэйшы з дзяцей — Аляксандр, нарадзіўся 3 лістапада 1876 года, таксама ў сям’і быў сын Уладзімір (нар. 20.7.1879) і дочкі Лідзія (нар. 29.8.1881), Марыя (нар. 30.9.1883), Вера (нар. 26.2.1887) і Яўгенія (нар. 17.5.1892).
Каб забяспечваць вялікую сям’ю, адстаўны фельдфебель паступіў на службу ў паліцыю. Паводле Барынава, служба ў паліцыі тым часам і пазней была распаўсюджанай стратэгіяй для сялянскіх дзяцей, якія адслужылі ў арміі і звольніліся ва унтэр-афіцэрскім чыне. Атрымаў месца акалодачнага наглядчыка ў Гродне 24 сакавіка 1894 года. Нягледзячы на невялікае жалаванне (300 рублёў за год), ашчадны Захар здолеў сабраць сродкі на два драўляныя дамы ў Гродне.
Гімназічную адукацыю бацькі здолелі даць толькі старэйшаму сыну Аляксандру, хаця і на гэта сродкаў перыядычна не ставала.
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Педагогі Латвіі Катэгорыя:Беларусы ў Латвіі Катэгорыя:Выкладчыкі Рыжскай беларускай прыватнай гімназіі Катэгорыя:Члены Беларускага навукова-краязнаўчага таварыства ў Латвіі Катэгорыя:Члены Таварыства беларускіх настаўнікаў у Латвіі