Латышыза́цыя () — працэс і палітыка дзяржаўнай або культурнай асіміляцыі нацыянальных меншасцей, а таксама насаджэння латышскай мовы і культуры ў дзяржаўным кіраванні, эканоміцы, адукацыі і грамадскім жыцці. Найчасцей гэты тэрмін ужываецца ў гістарыяграфіі ў дачыненні да нацыянальнай палітыкі аўтарытарнага рэжыму Карліса Улманіса ў 1934—1940 гадах, аднак працэсы латышызацыі пачаліся значна раней і працягваюцца ў розных формах у сучаснай Латвіі.
Першае латышскае нацыянальнае абуджэнне
Першыя працэсы латышызацыі пачаліся ў часы Першага латышскага нацыянальнага абуджэння ў сярэдзіне і другой палове XIX стагоддзя. Гэты перыяд вызначыўся моцным рухам за ачышчэнне латышскай мовы ад шматлікіх германізмаў, якія назапашваліся на працягу стагоддзяў дамінавання прыбалтыйскіх немцаў. Нямецкія запазычанні мэтанакіравана замяняліся на ўласна латышскія словы: напрыклад, слова «beķeris» было заменена на «maiznieks» (пекар), «duršlags» на «caurduris» (друшляк), а «trekteris» на «piltuve» (варонка).
Выдатны латышскі мовазнавец Юрыс Алунанс пры падтрымцы Крыш’яніса Валдэмарса прапанаваў латышызаваныя назвы для замежных краін, нацыянальнасцей і месяцаў. Для замены нямецкіх канчаткаў былі распрацаваны і ўкаранёны ўласцівыя латышскай мове словаўтваральныя суфіксы (напрыклад, -tava, -nieks, -nīca).
Першая Латвійская Рэспубліка (1918—1934) Пасля абвяшчэння незалежнасці Латвійскай Рэспублікі ў 1918 годзе дзяржава першапачаткова праводзіла адносна ліберальную нацыянальную палітыку. Нацыянальным меншасцям (у тым ліку рускім, беларусам, палякам, яўрэям і немцам) была гарантавана культурная аўтаномія. Яны атрымалі права на навучанне на роднай мове і выкарыстанне сваіх моў у мясцовым кіраванні і ў СеймеSaeimas kārtības rullis. «Valdības vēstnesis», 27.03.1923. — 145. pants..
Тым не менш, ужо ў перыяд парламенцкай дэмакратыі пачалі праяўляцца элементы дзяржаўнай латышызацыі. Пачалася маштабная кампанія па змене геаграфічных назваў: многія тапонімы нямецкага або славянскага паходжання замяняліся на латышскія (напрыклад, Дзвінск стаў Даўгаўпілсам, а Люцын — Лудзай). Дзеці з нацыянальных меншасцей часта сутыкаліся са складанасцямі пры спробе атрымаць вышэйшую адукацыю. Латвійскі ўніверсітэт патрабаваў здачы складаных уступных іспытаў па латышскай мове, з-за чаго ў сярэдзіне 1920-х гадоў многія выпускнікі беларускіх гімназій правальвалі іспыты і былі вымушаны шукаць магчымасць вучыцца ў Чэхаславакіі або БССР.
Аўтарытарны рэжым Карліса Улманіса (1934—1940)
Пасля дзяржаўнага перавароту 15 мая 1934 года новы ўрад Карліса Улманіса пачаў інтэнсіўны і гвалтоўны курс на латышызацыю ўсіх сфер грамадскага жыцця. Галоўнай мэтай дзяржавы стала абвяшчэнне перавагі латышскай нацыі і выцясненне нацыянальных меншасцей з эканомікі, культуры і палітыкі. Афіцыйная ідэалогія сцвярджала, што ўлада належыць не абстрактнаму «народу Латвіі», а адзінай латышскай нацыі.
Латышызацыя прозвішчаў і тапонімаў Рэжым пачаў масавую кампанію па змене «нядобрагучных» або іншамоўных прозвішчаў на ўласна латышскія. 21 снежня 1939 года Кабінет міністраў прыняў спецыяльны «Закон аб змене прозвішчаў». Гэты закон меў выразны дыскрымінацыйны характар, бо яго другі артыкул прама забараняў нелатышам браць латышскія прозвішчы, каб захаваць «этнічную чысціню» пануючай нацыі.
Многія змененыя прозвішчы ўяўлялі сабой прамы пераклад з нямецкай мовы на латышскую: напрыклад, Altbergs (Старая гара) ператварыўся ў Veckalns, Veisbergs (Белая гара) — у Baltkalns, а Rozenfelds (Ружавае поле) — у Rožlauks. Часам прозвішча спачатку германізавалася, а потым латышызавалася, як у выпадку з прозвішчам Daugmants, якое спачатку запісалі як Daugmann, а потым ператварылі ў Daugmanis. Латвійскі дэмограф Ілмар Межс падлічыў, што ў сучаснай Латвіі каля траціны ўсіх латышскіх прозвішчаў маюць нямецкае паходжанне. Набліжаныя да Улманіса чыноўнікі падавалі асабісты прыклад: асабісты сакратар Цымерманіс стаў Рудумсам, а міністр унутраных спраў Карнэлійс Вейтманіс стаў Вейдніексам. Да мая 1940 года больш за 10 тысяч жыхароў Латвіі змянілі свае прозвішчы.
Паралельна ішоў працэс латышызацыі тапонімаў: улады паслядоўна перараблялі назвы вёсак і маёнткаў з нямецкім коранем «-muiža» (муйжа), замяняючы яго на латышскі «-ciems» (цыемс).
Знішчэнне адукацыі нацыянальных меншасцей
Найбольш балючы ўдар латышызацыя нанесла па сістэме адукацыі. Новы Закон аб школьніцтве ад 12 ліпеня 1934 года ліквідаваў аўтаномныя школьныя ўпраўленні меншасцей. Дзеці з мяшаных сем'яў цяпер былі абавязаны наведваць выключна латышскія школы. З 1 жніўня 1934 года была ўведзена суровая забарона на выкарыстанне школьных падручнікаў, выдадзеных за мяжой.
Асабліва моцна ад гэтых мер пацярпела беларуская меншасць. Калі да 1934 года ў Латвіі дзейнічала каля пяцідзесяці беларускіх пачатковых школ і дзве гімназіі, то да канца 1930-х гадоў засталася толькі адна 1-я Рыжская беларуская пачатковая школа. У 1935 годзе была ліквідавана Дзвінская дзяржаўная беларуская гімназія, а ў 1936 годзе закрылася Рыжская беларуская прыватная гімназія. Усе беларускія культурна-асветныя таварыствы (у тым ліку Таварыства беларускай моладзі ў Латвіі, «Беларуская хата» і Беларускае навукова-краязнаўчае таварыства ў Латвіі) былі забаронены, а дзясяткі настаўнікаў (такія як Кастусь Езавітаў, Уладзімір Пігулеўскі, Сцяпан Сіцько і Франц Клагіш) былі звольненыя або рэпрэсаваныя палітычнай паліцыяй.
Аналагічны ціск аказваўся на рускія і яўрэйскія ўстановы. Былі закрыты прыватныя рускія гімназіі Лішынай і Ламаносаўская гімназія, а іх вучняў прымусова перавялі ў дзяржаўную Рускую гімназію. У 1938 годзе ўлады забаранілі выданне рускага часопіса «Закон і суд». У 1939 годзе, у межах дамоўленасцей з нацысцкай Германіяй, усе нямецкія школы і прыходы былі закрыты ў сувязі з масавай рэпатрыяцыяй прыбалтыйскіх немцаў.
Ідэалогія і маніпуляцыі падчас перапісу 1935 года
Для апраўдання палітыкі гвалтоўнай асіміляцыі выкарыстоўвалася дзяржаўная прапаганда і псеўданавуковая літаратура. Урад імкнуўся давесці, што прадстаўнікі славянскіх меншасцей (у прыватнасці, беларусы) з'яўляюцца толькі «зрусіфікаванымі латышамі», якіх неабходна вярнуць у лона ўласнага народа. Яскравым прыкладам такога падыходу стала кніга ідэолага Вільбертса Краснайса «Беларусы як галіна латышскага народа» (1938). Каб прадэманстраваць «добраахвотную» латышызацыю, прапаганда цытавала беларускіх настаўнікаў (напрыклад, Франца Оруба), прымушаючы іх публічна адмаўляцца ад сваёй нацыянальнасці.
Гэтая ідэалогія стала прыкрыццём для маштабных фальсіфікацый падчас ўсеагульнага перапісу насельніцтва 1935 года. У памежных рэгіёнах Латгаліі, напрыклад, у Дземанскай, Саліенскай, Скрудаліенскай і Прыдруйскай валасцях, тысячы каталікоў і праваслаўных беларусаў і палякаў былі прымусова запісаны латышамі. Перапісчыкі наўмысна выпраўлялі ў анкетах славянскія нацыянальнасці на латышскую, а мовай хатняга ўжытку пазначалі латышскую мову. Гэта прывяло да штучнага скарачэння афіцыйнай колькасці беларусаў з 36 029 чалавек у 1930 годзе да 26 867 чалавек у 1935 годзе.
Савецкі перыяд (1940—1990) У часы існавання Латвійскай ССР латышская мова працягвала захоўваць статус асноўнай, аднак яна сутыкнулася з моцнай канкурэнцыяй з боку рускай мовы з-за масавай міграцыі рабочых кадраў з іншых рэспублік СССР. Для задавальнення патрэб мясцовай эканомікі і навукі была створана Тэрміналагічная камісія пры Акадэміі навук Латвійскай ССР, якая з 1958 па 1989 гады выдала 15 тамоў слоўнікаў латышскай тэрміналогіі (па фізіцы, хіміі, юрыспрудэнцыі, педагогіцы і інш.). Тым не менш, у 1959 годзе пад ціскам партыйнага кіраўніцтва на чале з Арвідам Пельшэ ў Латгаліі была забаронена апошняя газета на латгальскай мове.
На хвалі нацыянальнага абуджэння канца 1980-х гадоў, 6 кастрычніка 1988 года Вярхоўны Савет Латвійскай ССР афіцыйна абвясціў латышскую мову дзяржаўнай мовай рэспублікі.
Сучасная Латвія (з 1991 года) Заканадаўства і імёны Пасля аднаўлення незалежнасці дзяржаўны статус латышскай мовы быў замацаваны ў Канстытуцыі Латвіі. У 1999 годзе быў прыняты новы Закон аб дзяржаўнай мове, які прызнаў усе іншыя мовы (акрамя латышскай і гістарычнай ліўскай) замежнымі. Згодна з законам, усе дакументы, якія падаюцца ў дзяржаўныя ўстановы, павінны быць складзены выключна на латышскай мове.
Сучасная латвійская дзяржава строга рэгулюе напісанне імёнаў і прозвішчаў. Паводле заканадаўства, усе замежныя імёны павінны афармляцца ў адпаведнасці з правіламі фанетычнай латышскай арфаграфіі з абавязковым даданнем латышскіх канчаткаў. Напрыклад, французскі акцёр Жэрар Дэпардзьё афіцыйна запісваецца як Žerārs Depardjē, прэзідэнт ЗША Дональд Трамп — як Donalds Tramps, а акцёр Хаакін Фенікс — як Hoakins Fīnikss. У рускіх імёнах і прозвішчах афіцыйна забаронена выкарыстанне імёнаў па бацьку, а самі імёны латышызуюцца (напрыклад, Іван Іваноў запісваецца як Ivans Ivanovs). Гэтая практыка неаднаразова аспрэчвалася грамадзянамі ў судах (напрыклад, справы Юты Менцэны, Лідзіі Кухарэцы і Леаніда Райхмана), аднак Еўрапейскі суд па правах чалавека і Канстытуцыйны суд Латвіі прызналі гэтыя патрабаванні законнымі.
Адукацыя і крытыка У адрозненне ад аўтарытарнага перыяду Улманіса, у сучаснай Латвіі працяглы час захоўваліся школы нацыянальных меншасцей. Аднак з пачатку XXI стагоддзя ўрад пачаў працэс паступовага пераводу адукацыі на латышскую мову. У 2004 годзе была праведзена школьная рэформа, якая ўстанавіла прапорцыю выкладання ў сярэдніх школах меншасцей: 60 % прадметаў на латышскай мове і 40 % на роднай.
У 2018 годзе Сейм Латвіі прыняў новыя папраўкі, паводле якіх навучанне ў 10—12 класах было цалкам пераведзена на латышскую мову, а ў 7—9 класах доля латышскай мовы была павялічана да 80 %. У 2022 годзе ўрад зацвердзіў канчатковы план пераходу ўсіх пачатковых школ на латышскую мову навучання да 2025 года.
Гэтая палітыка выклікае крытыку з боку міжнародных інстытутаў. Спецыяльныя дакладчыкі ААН, эксперты АБСЕ і Савета Еўропы неаднаразова рэкамендавалі Латвіі змякчыць моўную палітыку, дазволіць ліставанне з уладамі на мовах меншасцей і праяўляць большая гнуткасць у пытаннях білінгвальнай адукацыіReport on mission to Latvia (2008), UN Special Rapporteur on contemporary forms of racism, racial discrimination, xenophobia and related intolerance — see Paragraph 89.
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Культурная асіміляцыя Катэгорыя:Гісторыя Латвіі Катэгорыя:Палітыка Латвіі Катэгорыя:Моўная палітыка ў Латвіі Катэгорыя:Моўная палітыка Катэгорыя:Дыскрымінацыя