Во́льга Алякса́ндраўна Галаўнёва (, Глуск, Магілёўская вобласць) — беларускі юрыст, суддзя. Старшыня суда Глускага раёна (з 2021 года).
Біяграфія Нарадзілася 20 лістапада 1982 года ў гарадскім пасёлку Глуск. Пасля заканчэння мясцовай сярэдняй школы № 1 вучылася ў Юрыдычным каледжы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 2007 годзе атрымала вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці «правазнаўства», скончыўшы Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт.
Працавала на пасадзе юрыста ў Глускім УКП «Жылкамгас» і Глускай ПМК № 249. Пазней была судовым выканаўцам суда Глускага раёна. На працягу чатырох з паловай гадоў загадвала юрыдычным сектарам Глускага райвыканкама.
З 2017 года працавала на пасадзе суддзі суда Глускага раёна. 7 верасня 2021 года ўказам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прызначана старшынёй гэтага суда.
Дзейнасць Праваабарончыя арганізацыі звязваюць імя Вольгі Галаўнёвай з удзелам у палітычна матываваных рэпрэсіях у Беларусі.
15 лістапада 2023 года суддзя Галаўнёва вынесла абвінаваўчы прысуд паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса (Абраза прадстаўніка ўлады) у дачыненні да менеджаркі Вольгі Галамака — удавы, якая выхоўвае траіх непаўналетніх дзяцей (да выстаўлення абвінавачання жанчыну некалькі дзён утрымлівалі ў ізалятары). За публікацыю ў сацыяльнай сетцы «Instagram» відэароліка ў сторыз (якія маглі паглядзець каля 60 падпісчыкаў), што нібыта абражаў мясцовага інспектара ДАІ, Галаўнёва прыгаварыла жанчыну да 10 месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі»). Апроч таго, суддзя прызначыла штраф у памеры 40 базавых велічынь (1480 рублёў), спагнала матэрыяльную кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 600 рублёў на карысць міліцыянера і дзяржпошліну на 111 рублёў.
Акрамя таго, у перыяд старшынства Вольгі Галаўнёвай (паводле даследавання тэлеканала «Белсат» станам на чэрвень 2026 года), суд Глускага раёна стаў статыстычным лідарам у Беларусі па колькасці прызнаных «экстрэмісцкімі» інфармацыйных матэрыялаў у пераліку на душу насельніцтва (з пачатку 2025 года суд прыняў 57 адпаведных рашэнняў).
Крыніцы
Катэгорыя:Нарадзіліся 20 лістапада Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1982 годзе Катэгорыя:Нарадзіліся ў Глуску Катэгорыя:Выпускнікі юрыдычнага факультэта БДУ Катэгорыя:Суддзі Беларусі