Канструктарскае бюро «Беспілотныя верталёты» (раней «Індэла») — прыватная беларуская кампанія. Спецыялізуецца на беспілотных лятальных апаратах.

За час свайго існавання канструктарскае бюро стала адным з лідараў беспілотнай індустрыі. На 2022 год яно заставалася адзіным прадпрыемствам на постсавецкай прасторы з уласнай распрацоўкай і серыйнай вытворчасцю верталётных дронаў.

Гісторыя

У 1996 годзе 26-гадовы інжынер Уладзімір Чудакоў заснаваў Канструктарскае бюро «Індэла» ( — Лабараторыя незалежнай распрацоўкі). У 1999 годзе КБ «Індэла» распрацавала сваю бартавую апаратуру і наземную станцыю кіравання беспілотнікам для Сухапутных войск і ВПС Беларусі.

У 2002 годзе створаны беспілотны верталёт «Індэла Вінтакрыл», які на авіясалоне «Макс-2005» у Жукоўскім (Маскоўская вобласць) атрымаў назву «Штыль». У 2003—2005 гадах КБ «Індэла» сумесна з маскоўскім ЗАТ «Карпарацыя радыёэлектронных і інфармацыйных тэхналогій» («КРІТ») распрацоўвала і вырабляла прылады кантролю радыёлакацыйнага суправаджэння і лічбавага кіравання станцыяй абароны. Да 2007 года прадпрыемства стварыла 4 беспілотныя верталёты: лабараторныя «Рэвалюцыя» і «Легіён», здымачныя «Індэла ФільмКам» і «ХайСкай». За 2007—2010 гады распрацавана 8 беспілотных самалётаў: лабараторны «Пацёмкін», паветраныя мішэні «Індэла Страла» (хуткасць 350 км/гадз), «Беркут» (400 км/гадз) і «Буравеснік» (600 км/гадз), разведвальныя «Індэла 6» (1,5 гадзіны палёту), «Індэла 6М» (10 гадзінаў), «Індэла 9» (электрарухавік, 1,5 гадзіны) і «Індэла 9М» (15 гадзінаў). У 2010—2012 створаны беспілотны самалёт «Грыф-1» з часам палёту да 8 гадзінаў і 3 беспілотныя верталёты: здымачны «Індэла Ай Скай», авіяхімічны «Індэла Кантры» і выпрабавальны «Індэла Скай Лэб». На 2013 год КБ выпускала звыш 10 відаў беспілотнікаў, у тым ліку верталёты разведкі і паветраныя мішэні, і з’яўлялася найбольшым іх вытворцам у Беларусі.

У верасні 2013 году КБ «Індэла» прадставіла на беларуска-расійскім вучэнні «Захад-2013» свой беспілотны верталёт «Індэла Інскай». У 2014 годзе беспілотнік запусцілі ў серыйную вытворчасць. У лістападзе 2015 году вытворца беспілотнікаў «Адком Сістэмы» з Абу-Дабі (ААЭ) набыў КБ «Індэла». На парадзе 3 ліпеня 2017 года паказалі беспілотнік «Індэла Скай Бур», які меў далёкасць стральбы да 1700 метраў. 21 лютага 2018 году Гаспадарчы суд Мінску распачаў справу аб банкруцтве КБ «Індэла», пасля чаго прадпрыемства ўзнавіла дзейнасць пад назвай Канструктарскае бюро «Беспілотныя верталёты».

Сувязі з расійскім ВПК і міжнародныя санкцыі Пасля пачатку ўварвання Расіі ва Украіну «Беспілотныя Верталёты» трапілі пад санкцыі многіх дзяржаў.

1 ліпеня 2023 года Украіна ўвяла санкцыі супраць канструктарскага бюро.

9 жніўня 2024 года бюро і ягонага дырэктара Уладзіміра Чудакова дадалі ў Спіс спецыяльна прызначаных грамадзян і заблакіраваных асоб ЗША.

27 студзеня 2025 года бюро ўнесена ў санкцыйны спіс Вялікабрытаніі і Канады; Канада таксама далучылася да санкцый супраць Чудакова.

Летам 2025 года «Беспілотныя Верталёты» трапілі пад санкцыі Новай Зеландыі (таксама ўвяла санкцыі супраць Уладзіміра Чудакова), ЕС і Швейцарыі.

Па дадзеных Бюро, КБ «Беспілотныя Верталёты» паставіла 28 беспілотных верталётаў , 10 пунктаў дыстанцыйнага пілатавання і транспартныя кантэйнеры на суму 16 мільёнаў даляраў, а таксама збіралася пачаць зборку беспілотных верталётаў Hunter на прадпрыемстве «Барс» для аховы Крымскага маста. Паводле расследавання Беларускага расследавальніцкага цэнтра, кампанія заключыла дамову са структурным падраздзяленнем канцэрна «Калашнікаў», ІЖБС, на пастаўку малагабарытных крылатых ракет «Аскалон» і ўдарнага беспілотніка «Міратворац».

Гл. таксама Hunter (беспілотны верталёт)

Спасылкі Афіцыйны сайт

Катэгорыя:Прадпрыемствы Мінска Катэгорыя:Вытворцы Беларусі Катэгорыя:Беларускія юрыдычныя асобы ў спісе спецыяльна прызначаных грамадзян і заблакіраваных асоб ЗША Катэгорыя:Беларускія юрыдычныя асобы ў Чорным спісе ЕС