Нематэрыяльная культурная спадчына — звычаі, вераванні, формы прадстаўлення і выяўлення, веды і навыкі, звязаныя з імі інструменты, прадметы, артэфакты і культурныя прасторы, прызнаныя супольнасцямі, групамі і, у некаторых выпадках, асобнымі асобамі ў якасці часткі іх культурнай спадчыны. Дадзеная канцэпцыя была прапанавана ў 1990-х гадах у якасці аналага Спісу (матэрыяльнай) Сусветнай спадчыны.

Канвенцыя ЮНЕСКА 2003 года У 2003 годзе ЮНЕСКА была прынята Канвенцыя па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Паводле даных 2020 г., да яе далучылася ўжо 180 дзяржаў, сярод іх Беларусь, але няма такіх важных гульцоў, як ЗША, Расія, Вялікабрытанія, Канада, Аўстралія.

Гісторыя пытання Гаворачы пра гісторыю станаўлення паняцця «нематэрыяльная культурная спадчына», у першую чаргу варта звярнуцца да вытокаў больш агульнай з’явы, якая ўвайшла ў канцы XX ст. у навуковы лексікон, — Сусветная спадчына. Перадумова міжнароднай адказнасці за захаванне найбольш каштоўных культурных і прыродных аб’ектаў узнікла ў 60-я гг. XX ст. у сувязі з будаўніцтвам вышыннай Асуанскай плаціны ў Егіпце і пагрозай затаплення водамі Ніла старажытных помнікаў Нубіі. Міжнародная супольнасць усвядоміла тады, што гібель помнікаў з’яўлялася б сапраўды непапраўнай стратай не толькі для Егіпта і Судана, але і для ўсяго чалавецтва. Таксама дзяржавы ўсвядомілі, што не валодаюць дастатковымі сродкамі для іх выратавання. Так нарадзілася ідэя Сусветнай спадчыны і агульначалавечай адказнасці за яе захаванасць.

Афіцыйнае афармленне гэтая ідэя атрымала ў лістападзе 1972 г. у Парыжы падчас 17-й сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА, якая прыняла Канвенцыю аб ахове Сусветнай прыроднай і культурнай спадчыны. Аб’екты Сусветнай спадчыны, як гаворыцца ў Канвенцыі, павінны валодаць выдатным агульначалавечым значэннем з мастацкага, гістарычнага, навуковага ці прыроднага пунктаў гледжання. Аднак згадкі пра нематэрыяльную спадчыну ў дадзенай канвенцыі не было.

Пачатак нарматыўнай дзейнасці ЮНЕСКА па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны (НКС) быў пакладзены ў 1973 г. і звязаны з ініцыятывай урада Балівіі, які прапанаваў у мэтах аховы фальклору прыняць «Пратакол да Сусветнай канвенцыі аб аўтарскім праве». Ажыццяўленне дзейнасці па ахове фальклору было ўскладзена на ЮНЕСКА, якая ў 1989 г. прыняла «Рэкамендацыю аб захаванні фальклору».

Апошняя, нягледзячы на свой неабавязковы характар, актуалізавала дадзеную праблему, паставіўшы яе на парадак дня. Міжнародная канферэнцыя па тэме «Глабальная ацэнка Рэкамендацый аб захаванні фальклору», арганізаваная ЮНЕСКА і Смітсанаўскім інстытутам у Вашынгтоне ў 1999 г., перагледзела паняцце «фальклор» і ў навуковы ўжытак была ўведзена новая дэфініцыя — «нематэрыяльная культурная спадчына». Паралельна з гэтым быў створаны праект «Абвяшчэнне шэдэўраў вуснай і нематэрыяльнай спадчыны», у якім павінны былі знайсці сваё адлюстраванне ўзоры, якія маюць выключную каштоўнасць, а таксама спадчына, над якой навісла пагроза знікнення.

Таксама важнае значэнне нематэрыяльнай культурнай спадчыны ў якасці гарантыі ўстойлівага развіцця было выказана ва Усеагульнай дэкларацыі ЮНЕСКА аб культурнай разнастайнасці 2001 г. і ў Стамбульскай дэкларацыі 2002 г., прынятай на трэцяй сустрэчы за круглым сталом міністраў культуры. У 2001 годзе ЮНЕСКА правяла апытанне сярод дзяржаў і няўрадавых арганізацый з мэтай выпрацоўкі вызначэння нематэрыяльнай культурнай спадчыны.

Заключным этапам заканадаўчага афармлення сістэмы аховы нематэрыяльнай спадчыны стала прыняцце Канвенцыі аб ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны ў Парыжы 17 кастрычніка 2003 г. на трыццаць другой сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА па пытаннях адукацыі, навукі і культуры, якая выступае ў якасці дапаўнення да прынятай у 1972 г. Канвенцыі ЮНЕСКА па пытаннях аховы сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны. У дадзеным дакуменце асаблівая ўвага надаецца неабходнасці прызнання ва ўсіх краінах ролі традыцыйных форм культуры, асабліва звязаных з вуснымі традыцыямі, а таксама небяспецы, якой гэтыя формы падвяргаюцца пад уздзеяннем разнастайных фактараў.

Крыніцы

Катэгорыя:ЮНЕСКА