Лошыцкі бровар — помнік архітэктуры канца ХІХ стагоддзя ў Лошыцкім парку ў Мінску. Размешчаны па адрасах: праезд Чыжэўскіх, 5, 6, вуліца Чыжэўскіх, 17.
Гісторыя Комплекс быў пабудаваны ў канцы ХІХ стагоддзя на паўднёвым ускрайку Лошыцкага сядзібна-паркавага комплексу Яўстахам Любанскім. У савецкія часы будынкі прыстасавалі пад жылыя дамы.
У 2023 годзе распачалася рэстаўрацыя комплекса, якая была скончана напрыканцы 2025. Падчас яе з прычыны аварыйнага стану былі разабраныя і сабраныя наноў большасць будынкаў: усходні будынак завода, дом-інтэрнат, двухпавярховая частка млына. Таксама было дабудавана заходняе крыло завода з комінам. Пасля рэстаўрацыі тут размясціліся рэстаран, зала ўрачыстых цырымоній, гатэль, кафэ і шматфункцыйная рэстарацыя.
Архітэктура Комплекс складаецца з пяці будынкаў у стылі эклектыкі. Тры будынкі завода і дом-інтэрнат ідуць па дзвюх паралельных лініях, утвараючы паміж сабою плошчу. Будынак млына аддзелены ад астатніх пад’язной дарогай.
Вінакурня Чатырохпавярховы неатынкаваны будынак з чырвонай цэглы, мае паўцыркульныя вокны і дэкор з жоўтай цэглы. Помнік напрамка эклектыкі пад назвай «цагляны стыль». Двухсхільны дах накрыты чырвонай бляхай. Падчас рэстаўрацыі з унутранага боку была усталявана металічная шыльда з назвай рэстарана, што цяпер тут месціцца — «Гасцінны двор», са знешняга — шыльда з годам пабудовы — 1896. З захаду да яго прымыкае аднапавярховы неатынкаваны будынак з чырвонай цэглы, з якога ідзе высокі фабрычны комін.
Усходні будынак завода Двухпавярховы атынкаваны і пафарбаваны ў белы колер будынак, умацаваны дзесяццю контрфорсамі, мае лучкаватыя вокны, двухсхільны дах накрыты чырвонай бляхай. Зараз у ім месціцца гатэль «Лошыцкі».
Дом-інтэрнат
Аднапавярховы неатынкаваны будынак з чырвонай цэглы, двухсхільны дах накрыты чырвонай бляхай. Цягнецца на ўсю шырыню плошчы з адваротнага ад завода яе боку. Зараз у ім месціцца рэстарацыя, што пазначана металічнай шыльдай.
Вадзяны млын
Неатынкаваны будынак з чырвонай цэглы, двухсхільны дах накрыты чырвонай бляхай. Складаецца з дзвюх частак, восі якіх ідуць перпендыкулярна адна адной: трохпавярховай са строенымі паўцыркульнымі вокнамі (на ёй калісьці размяшчалася вадзяное кола) і двухпавярховай з прамавугольнымі вокнамі. Зараз у гэтым будынку месціцца кафэ «Стары млын», што пазначана металічнай шыльдай.
Гл. таксама Дрожджава-вінакурны завод Любанскага
Крыніцы
https://minsknews.by/ostanovitsya-v%C2%A0starinnoj-vinokurne-i%C2%A0pouzhinat-u%C2%A0vodyanoj-melniczy-posetili-kompleks-«loshiczkij»-2/
https://yandex.by/maps/-/CPwdBI~t